Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карпарацыйная помста міліцыі


Ці можа міліцыя помсьціць байкерам у межах закону? Што на гэта польская паліцыя? Каму дае сыгнал міністар Шуневіч?

Абмяркоўваюць: Аляксей Знаткевіч, Алег Грузьдзіловіч, Ян Максімюк.


Знаткевіч: У чацьвер міністар унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч адказваў на пытаньні журналістаў у Палаце прадстаўнікоў і, сярод іншага, пракамэнтаваў гучнае дарожнае здарэньне з удзелам байкера ў Менску на гэтым тыдні, у якім сур’ёзна пацярпеў супрацоўнік Дзяржаўнай аўтаінспэкцыі. Пасьля здарэньня менскія байкеры сталі паведамляць, што ў іх забіраюць матацыклы, нібыта для праверкі нумару рамы на сапраўднасьць.

Шуневіч, у прыватнасьці, заявіў: «...Я скажу вам адкрыта і шчыра: я мяркую і дапускаю, што ёсьць прафэсійная помста з боку супрацоўнікаў ДАІ ў межах дзейнага заканадаўства». Тым, хто крытыкуе дзеяньні міліцыі, міністар параіў «схадзіць паглядзець на нашага пацярпелага, нашага супрацоўніка, які змагаецца за жыцьцё».

Міністар Шуневіч парушыў прэзумпцыю невінаватасьці.


Мне падаецца, што тут, па-першае, парушаная прэзумпцыя невінаватасьці, бо віна матацыкліста ў здарэньні пакуль не даведзеная. Па-другое, у паліцыі любой краіны існуе карпаратыўная салідарнасьць, і можна ўявіць сабе помсту за свайго супрацоўніка, але дзіўным тут выглядае «прынцып калектыўнай адказнасьці», а таксама тое, што міністар адкрыта гэта агучвае.

Ян, ці можаце Вы дапусьціць падобныя выказваньні пра помсту на прэс-канфэрэнцыі, напрыклад, міністра ўнутраных спраў Польшчы?

Максімюк: Не, міністар унутраных спраў Польшчы ня скажа такога цяпер, не сказаў бы і ў камуністычны час. Пасьля развалу камунізму ў Польшчы вельмі шмат зроблена, каб зьмяніць той чорны вобраз міліцыі, які быў у тую эпоху. Тады міліцыя ўспрымалася амаль выключна як рэпрэсіўны апарат дзяржавы, а ня служба, якая сапраўды служыць народу і павінна дапамагаць людзям вырашаць іхнія праблемы. Таму што тады міліцыя бачылася скрозь прызму спэцпадразьдзяленьня польскай міліцыі, адпаведніка беларускага АМАПУ, які разганяў дэманстрацыі ў 80-я гады. Тады была куча анэкдотаў пра міліцыю, людзей, якія там служаць, не зусім інтэлектуальна прасунутых, і так далей. Усё гэта зьнікла, калі разваліўся камунізм, міліцыю палякі перайменавалі ў паліцыю, і яна стала працаваць на свой новы вобраз.

Пасьля развалу камунізму ў Польшчы вельмі шмат зроблена, каб зьмяніць той чорны вобраз міліцыі, які быў у тую эпоху.


Я сам апынуўся ў падобнай сытуацыі, якую апісаў Аляксей, гадоў 5-6 таму, калі на дарозе я парушыў правілы, і ў мяне ўдарыў байкер. Самае страшнае для мяне было, што гэтым байкерам аказаўся паліцыянт. І я думаў — усё, забяруць правы, а яшчэ і пасадзяць — у кожным выпадку прыйдзецца здаваць новыя экзамэны на гэтыя правы. Тады фактычна ў тым гарадку, дзе гэта здарылася, зьехалася ўся паліцыя на месца здарэньня — яны, так бы мовіць, выказалі карпаратыўную салідарнасьць. Ну, думаю, зараз будзе вялікая помста. Але не — шчасьце маё было ў тым, што байкеру нічога ня сталася. Я заплаціў невялічкі штраф. Для паліцыі найважнейшым аказалася тое, што я ня зьбег з месца здарэньня, а дапамагаў гэтаму зьбітаму байкеру. І камандзір аўтаінспэкцыі потым, разьвітваючыся, сказаў: ну, вы, журналіст, думаю, зразумееце, наколькі зараз мы, паліцыя, дзейнічаем па-новаму.

Знаткевіч: Алег, ці ёсьць у Беларусі ў людзей, якія лічаць дзеяньні міліцыі несправядлівымі, магчымасьць паскардзіцца з рэальнымі шанцамі на вынік? Ці ёсьць нейкая супрацьвага ў бюракратычнай сыстэме?

Грузьдзіловіч: Тое, што сказаў Шуневіч, гэта сапраўды апэляцыя да карпаратыўнай салідарнасьці. Але тут у нас так, што публічнай палітыкі няма, і любая заява такой асобы — гэта фактычна іншы падтэкст, які трэба шукаць у падзеях. Адразу ўзгадваю, што напярэдадні ў Менску прайшло адкрыцьцё байкерскага сэзону, і гэтыя байкеры атрымалі дазвол праехаць праз увесь горад. Гэты дазвол наогул цяжка атрымаць, ён не даецца іншым сілам, а вось байкерам вельмі лёгка далі. Таксама ў мінулым годзе тут былі байкеры расейскія, і сярод іх засьвяціўся Віктар Лукашэнка, сын Аляксандра Лукашэнкі. З гэтымі байкерамі, я так разумею, сытуацыя няпростая. Тое, што Шуневіч так выказаўся, гэта ён папярэдзіў, што вам такое высокапастаўленае заступніцтва, на якое вы, магчыма, разьлічваеце, не дапаможа. Мы будзем з вамі ваяваць па законах нашай краіны, якія мы ўсталявалі. І другое — сыгнал даішнікам пра тое, што мы сваіх не здаём, у крыўду таксама даваць ня будзем і будзем змагацца. Вось з гэтай сытуацыі можна прадказаць, што будзе, калі чалавек уступае ў канфлікт з міліцыянтам, з супрацоўнікам ДАІ.

З гэтай сытуацыі можна прадказаць, што будзе, калі чалавек уступае ў канфлікт з міліцыянтам, з супрацоўнікам ДАІ.


Канешне, у Беларусі фармальна ёсьць мэханізмы, якія дазваляюць чалавеку паскардзіцца, дамагацца сваёй праўды, але рэальнасьць паказвае, што вельмі рэдка ўдаецца гэтага дамагчыся, хоць выпадкі ёсьць. Зусім нядаўна быў красамоўны выпадак у Віцебску. Супрацоўніка міліцыі, начальніка райаддзелу міліцыі ў нецьвярозым стане, спыніў аўтааматар. І той, каб пазьбегнуць адказнасьці, спачатку прапаноўваў вырашыць пытаньне па-іншаму, потым ён дамовіўся са сваёй маці, што нібыта маці была за стырном, а ён проста пасажырам. Быў прызначаны суд, і суд вырашыў, што маці парушыла закон, была ілжэсьведкай, ёй быў дадзены штраф. Зараз будуць разьбірацца з гэтым міліцыянтам, і хутчэй за ўсё яго проста пагоняць з органаў. А папярэдне пагражалі гэтаму Артуру адміністрацыйнай справай за нейкае парушэньне. То бок было змаганьне, але скончылася бліскучай перамогай простага грамадзяніна. Усё ж такі ў праваахоўных органах працуюць нейкія мэханізмы, якія часам дазваляюць караць сапраўды вінаватага міліцыянта.

Але што тычыцца зьбіцьця людзей у пастарунках і падобнага, не памятаю ні разу, калі б чалавек дамогся пакараньня міліцыянтаў. Праверкі паказваюць, што міліцыянты не вінаватыя, а вінаватыя самі затрыманыя. Апошні прыклад — калі чалавек павесіўся ў жодзінскай калёніі з-за такога ціску, а потым даказвалі, што нічога зь ім не рабілі. То бок усе такія выпадкі паказваюць, што ўсё ў іх тут шыта-крыта. Але часам — часам — справядлівасьць перамагае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG