Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На гістфак БДУ Джон Сільвэр паступіў без экзамэнаў — за перамогу на алімпіядзе


Эдуард Пальчыс (Джон Сільвэр), стваральнік сайта http://1863x.com
Эдуард Пальчыс (Джон Сільвэр), стваральнік сайта http://1863x.com

Стваральніка сайта 1863х.com, вядомага пад псэўданімам Джон Сільвэр, памятаюць у Лідзе як Эдуарда Пальчыса — чалавека прыстойнага, стараннага і адказнага.

Старшыня Таварыства беларускай мовы, рэдактар і выдавец газэты «Наша слова» Станіслаў Суднік кажа пра Эдуарда Пальчыса, якога памятае са школы:

«Нас, вядома, розьніў узрост, і мы не сябравалі. Але памятаю Эдуарда як вельмі здольнага хлопца. Ён быў заўважна лідэрам сярод сваіх аднагодкаў, за ім цягнуліся сябры. А да ўсяго, ён яшчэ быў вялікім патрыётам беларускасьці, і гэта яшчэ ў школьныя часы. Менавіта таму я і зьвярнуў тады на яго ўвагу.

Пальчыс стварыў яшчэ ў школе цэлую каманду аднадумцаў, якія прапагандавалі беларускасьць. Яшчэ будучы ў школе, разам з сваімі сябрамі разносілі ўлёткі за Мілінкевіча падчас прэзыдэнцкіх выбараў.

Арганізаваліся і паехалі прыбіраць сядзібу Дамейкі ў Залесьсі. Імкнуліся рабіць добрыя справы на карысьць беларускасьці.

Апроч усяго, ведаю, што Эдуард Пальчыс быў здольным да вучобы юнаком. Ён стаў пераможцам рэспубліканскай алімпіяды і быў залічаны на гістарычны факультэт БДУ без уступных экзамэнаў».

На сайце школы № 16 горада Ліды прозьвішча Эдуарда Пальчыса значыцца сярод пераможцаў рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі. Ён адзначаны дыплёмам першай ступені. Праўда, цяперашняя дырэктарка школы нічога не ўзгадала пра Пальчыса, бо, маўляў, толькі прыйшла тады працаваць. І з настаўнікаў, пры якіх вучыўся Пальчыс, таксама нікога не засталося.

Станіслаў Суднік яшчэ ўзгадаў, што студэнтам Пальчыс прыяжджаў у Ліду і цікавіўся рознымі гістарычнымі тэмамі, казаў, што піша дыплёмную працу. Пасьля ўнівэрсытэту спрабаваў шукаць працу ў Лідзе. Пазьней іх шляхі ўжо не перасякаліся.

Свабода адшукала настаўніцу гісторыі, спадарыню Марыну, якая адразу ўзгадала Эдуарда Пальчыса. Яна выкладала ў яго гісторыю ў старэйшых клясах і вельмі цёпла гаворыць пра яго:

«Эдуард Пальчыс быў вельмі старанным, прыстойным, адказным вучнем. Ён яшчэ ў 9 клясе заявіў мне, што хоча паступаць на гістфак. І ён сур’ёзна падыходзіў да заняткаў, быў пераможцам розных алімпіядаў у 9-й, 10-й клясе, а ў 11-й стаў пераможцам рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі і без экзамэнаў быў залічаны на гістарычны факультэт БДУ. Пасьля школы, калі ён паехаў вучыцца ў БДУ, першы час яшчэ сустракаліся, але пазьней з тых часоў я яго і ня бачыла. Але пра яго ў мяне засталіся самыя добрыя ўспаміны».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG