У заяве ад 19 красавіка Генэральная пракуратура анэксаванага Расеяй Крыму паведаміла, што Мікола Сэмэна знаходзіцца пад сьледзтвам за заклікі «да падрыву тэрытарыяльнай цэласнасьці Расеі праз сродкі масавай інфармацыі».
«Паліцыя правяла ператрусы ў дамах сямі чалавек у Крыме, у тым ліку некаторых карэспандэнтаў Радыё Свабода/Свабодная Эўропа», — заявіў галоўны рэдактар нашай радыёстанцыі Нэнад Пеіч. «Аднаму з журналістаў пагражае да 5 гадоў зьняволеньня па крымінальных абвінавачваньнях, зьвязаных зь яго працай».
Генпракуратура Крыму раней паведаміла, што паліцыя правяла ператрус у дамах некалькіх мясцовых журналістаў і канфіскавала кампутары і дадзеныя «даказваюць, што матэрыялы экстрэмісцкага характару былі ў стадыі падрыхтоўкі.»
Генэральны пракурор Крыму Натальля Паклонская заклікала да закрыцьця сайту «Крым. Рэаліі» Радыё Свабода/Радыё Свабодная Эўропа.
Пасьля таго, як Масква анэксавала Крым у сакавіку 2014 году расейскі парлямэнт прыняў закон, які лічыць крымінальным злачынствам аспрэчваньне тэрытарыяльнай цэласнасьці Расеі, што таксама азначае аспрэчваньне акупацыі Крыма.
«Сайт Радыё Свабода/Радыё Свабодная Эўропа „Крым. Рэаліі“ зьяўляецца адным з апошніх крыніцаў незалежных навінаў на расейскай мове ў акупаваным Расеяй Крыме», дадаў Пеіч. «Наша радыёстанцыя ня спыніць прафэсійнае асьвятленьне падзеі для сваёй аўдыторыі, якая ў гэтым мае патрэбу. І мы ня спынім абарону нашых калегаў.»
Генэральная пракуратура Крыму паведаміла, што ўкраінскаму журналісту Міколу Сэмэну забаронена пакідаць паўвостраў да таго часу, пакуль у дачыненьні да яго вядзецца расьсьледаваньне.
Яшчэ на гэтую тэму
Самае папулярнае
1