У Пскоўскай вобласьці каля мяжы затрыманыя чатыры грузавікі, якія перавозілі 115 беларускіх быкоў з падробленымі вэтэрынарнымі дакумэнтамі.
Пра гэта паведамляецца на сайце Рассельгаснагляду.
Затрымлівалі грузавікі з быкамі супрацоўнікі Рассельгаснагляду сумесна з памежнікамі.
«Па ўзгадненьні зь Дзяржаўнай управай вэтэрынарыі Пскоўскай вобласьці жывёлы разьмешчаны ў ізаляваных умовах для правядзеньня карантынных мерапрыемстваў або наступнага іх зьнішчэньня», — паведамляе расейскае ведамства.
Падчас агляду быкоў высьветлілася, што біркі, замацаваныя на вушах, сьведчаць пра паходжаньне жывёл зь Беларусі.
Рассельгаснагляд просіць падаць любую інфармацыю пра ўладальніка жывёл і магчымага атрымальніка.
Быкоў перавозілі з вэтэрынарным пасьведчаньнем, якое выдаў лекар Кайбецкага раёну Татарстану, якое, паводле папярэдняй інфармацыі, зьяўляецца падробленым.