Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 16 красавіка: 125-годзьдзе Язэпа Варонкі, 85-годзьдзе Вацлава Жыдліцкага, «Вербны кірмаш»


Урад БНР. 1918 год. Язэп Варонка сядзіць другі справа.
Урад БНР. 1918 год. Язэп Варонка сядзіць другі справа.

Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

«Чарнобыль: 30 гадоў пасьля». Гарадзкая акцыя, прысьвечаная 30-й гадавіне Чарнобыльскай аварыі пройдзе ў Менскім Палацы дзяцей і моладзі (Старавіленскі тракт, 41, пачатак а10-й).

«Вербны кірмаш», які арганізуюць праваслаўныя прыходы з розных краін, пройдзе ў Палацы мастацтваў у Менску (вул. Казлова, 3, пачатак а 10-й).

Выстава старадаўніх патэфонаў, грамафонаў і фанографаў адкрыецца ў музэі «Лошыцкая сядзіба» (праезд Чыжэўскіх, 12). Усе экспанаты з прыватнай калекцыі і знаходзяцца ў рабочым стане.

Гурт Trubetskoy выступіць з новай акустычнай праграмай (бар Coyote, пр. Незалежнасьці 117а, пачатак а 20-й).

У Віцебску — выстава «Залаты падворак» — свойскія і дэкаратыўныя птушкі, трусы і інш. (вул. Чайкоўскага , 5, ад 10 да 17 гадзін).

Ёсьць нагода

Па суботах выканаўчыя камітэты па ўсёй Беларусі праводзяць прамыя лініі, калі чыноўнікі адказваюць на злабадзённыя пытаньні грамадзян. Напрыклад, у Гомелі сёньня можна тэлефанаваць у аблвыканкам (з 9 да 12, адказвае намесьнік старшыні Алег Міхайлавіч Пачынок, тэл. 75-12-37) або ў той час у гарвыканкам (адказвае намесьнік старшыні Сяргей Анатольевіч Радзюк, тэл. 75-18-54).

ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1818 — беларускі паэт Ян Чачот уступае ў падпольнае студэнцкае таварыства «Філаматаў». Урачыстасьць адбываецца на ўзьлеску пад Вільняй. Рэкамэндацыю Чачоту дае ягоны школьны сябра з Наваградку паэт Адам Міцкевіч. Гэтая падзея перадвызначыла як лёсы ўдзельнікаў таварыства, так і разьвіцьцё беларускай нацыянальнай ідэі на самым яе пачатку.

1871 — Бэрлін абвешчаны сталіцай Нямеччыны

1914 — у Беларусі адбылася першая авіяцыйная катастрофа на вайсковым лётнішчы ў Лідзе. У выніку яе загінулі падпаручнік Вятчынкін і мэханік Кавальчук. Яны выпрабоўвалі самалёт «Ньюпар-IV», які на вышыні 300 мэтраў раптам пайшоў уніз.

1945 — Савецкія войскі пачалі Бэрлінскую наступальную апэрацыю.

1948 — Заключэньне міжнароднага пагадненьня аб эўрапейскім эканамічным супрацоўніцтве ў рамках «пляну Маршала» 16 эўрапейскімі краінамі і заходнімі акупаванымі зонамі Нямеччыны.

2003 — Падпісаны атэнскі трактат, датычны прыняцьця ў Эўрапейскі Зьвяз дзесяці дзяржаваў — Вугоршчыны, Польшчы, Кіпру, Літвы, Латвіі, Мальты, Славаччыны, Славеніі, Чэхіі ды Эстоніі

У гэты дзень нарадзіліся:

1844 — Анатоль Франс, францускі пісьменьнік

1864 — Аляксандар Слупскі, беларускі і расейскі гісторык і археоляг

1889 — Чарлі Чаплін, актор, рэжысэр, сцэнарыст

1891 — Язэп Варонка, беларускі дзяржаўны і палітычны дзеяч, адзін з ініцыятараў абвяшчэньня БНР, быў старшынём і міністрам замежных спраў Народнага сакратарыяту БНР

1927 — Бэнэдыкт XVI, папа рымскі ў 2005-2013 гадах

1931 — чэскі перакладчык беларускае літаратуры Вацлаў Жыдліцкі,

1938 — былы міністар сельскай гаспадаркі Беларусі, пасьля адзін зь лідэраў апазыцыі Васіль Лявонаў

1935 — Анатоль Клышка, пісьменьнік. Аўтар беларускага Буквара, які ўпершыню выйшаў у сьвет у 1969-м годзе і перавыдаўваўся больш як 20 разоў. Пераклаў на беларускую мову Новы запавет.

1971 — Натальля Зьверава, беларуская тэнісістка

У гэты дзень памерлі:

1113 — Сьвятаполк ІІ Тураўскі, князь з роду Рурыкавічаў, што ўладарыў у Тураве ў канцы ХІ стагодзьдзя

1828 — Франсыска Гоя, гішпанскі мастак 1940 — Адам Багдановіч, беларускі фальклярыст, этнограф і мовазнаўца, бацька Максіма Багдановіча

1972 — Ясунары Кавабата, японскі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры

ЦЫТАТА

«Гэтыя словы — ад нашых прадзедаў і прабабак, дзядоў і бабуль, бацькаў і матуль. На іх цяпло вуснаў нашых продкаў. Яны як пацалунак тых, каго ты ніколі не ўбачыш. Смакуй свае словы, цешся імі, дзяліся з сябрамі, каб родная мова, беларуская мова, была гучала з краю ў край, у вёсцы і ў горадзе, на ўсёй Беларусі».

З прадмовы Анатоля Клышкі да кнігі «Чую, бачу, гавару» для малодшых вучняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG