Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзесяціразовага чэмпіёна сьвету Віталя Гуркова звольнілі зь Мінспорту за ўдзел у гурце Brutto

абноўлена

Спартовец перакананы, што чыноўнікі лічаць яго «ворагам і апазыцыянэрам».

Дзесяціразовы чэмпіён сьвету і чэмпіён Беларусі па муай-тай Віталь Гуркоў можа не паехаць на чэмпіянат сьвету, які стартуе 19 траўня ў Швэцыі.

Як паведамляе Эўрарадыё, з-за ўдзелу ў музычным гурце Brutto яго звольнілі зь Міністэрства спорту, таму цяпер грошай на фінансаваньне яго паездкі няма.

«Цікава, ці знойдуць грошы чыноўнікі з Фэдэрацыі на спартсмэна, ад якога яны пазбавіліся з-за яго музычнай дзейнасьці. Час ідзе, а яснасьці няма. Ці нам на канцэртах скрыначку паставіць з надпісам „Гуркову на чэмпіянат“?» — напісаў спартовец у адкрытай суполцы ў Viber.

Сёлета ў сакавіку баец прапусьціў некалькі гастроляў у складзе гурта Brutto, вярнуўся на рынг і ўпэўнена перамог на чэмпіянаце Беларусі па муай-тай. Акурат на гэтых спаборніцтвах адбіралі ўдзельнікаў сусьветнага першынства.

Віталь Гуркоў чарговы раз стаў чэмпіёнам Беларусі па муай-тай. 5 сакавіка 2016 году
Віталь Гуркоў чарговы раз стаў чэмпіёнам Беларусі па муай-тай. 5 сакавіка 2016 году

«Раней я быў на стаўцы ў Міністэрстве спорту. Штомесяц атрымліваў зарплату, а да таго ж ведаў, што на мяне заўжды ёсьць фінансаваньне. Але некаторыя чальцы Беларускай фэдэрацыі муай-тай і кікбоксінгу вытравілі мяне са штатнай каманды. Таму на мой выезд трэба шукаць дадатковыя грошы, і цяпер мая паездка на чэмпіянат — пад пытаньнем. Фінансаваньне дагэтуль не знайшлі. Хоць я ў добрай форме. Без пытаньняў перамог на чэмпіянаце Беларусі, хоць адпрацаваў акуратненька, каб зноў адчуць рынг і прадыхацца. Таму што пасьля траўмы ў мяне баёў не было», — цытуе Гуркова Эўрарадыё.

Гуркоў патлумачыў, што спачатку чыноўнікі ў міністэрстве добра паставіліся да яго музычнай кар’еры, але пасьля таго, як зьмяніўся старшыня Фэдэрацыі муай-тай і кікбоксінга, пачаліся праблемы — спартсмэна сталі лічыць «ворагам, ледзьве не экстрэмістам і апазыцыянэрам».

Падчас Чэмпіянату Беларусі па муай-тай. 5 сакавіка 2016 году
Падчас Чэмпіянату Беларусі па муай-тай. 5 сакавіка 2016 году

«Афіцыйна я сышоў па згодзе бакоў. Усё пачалося з таго часу, як я стаў выступаць у складзе Brutto. Спачатку гэта ўсім падабалася. Да таго ж усе ведалі пра маю пазыцыю наконт прасоўваньня беларускай мовы і ўдзелу ў культурным жыцьці краіны. Падчас гастроляў я браў адпачынак па ўласным жаданьні і выяжджаў. Музычная дзейнасьць не перашкодзіла мне перамагчы на чэмпіянаце Эўропы. Потым я чарговы раз стаў чэмпіёнам Беларусі, павінен быў ехаць на чэмпіянат сьвету-2015, але траўмаваўся. У той час зьмяніўся старшыня Фэдэрацыі муай-тай і кікбоксінга. Ім стаў генэрал-маёр унутраных войск МУС Юры Караеў, чалавек новы. Гэтым, напэўна, скарысталіся нядобразычліўцы.

На адным з пасяджэньняў Фэдэрацыі абмяркоўвалі артыкулы з разнастайных сайтаў. Быў там і мой фатаздымак з капай, на якой выяўлена „Пагоня“. Сытуацыю выставілі так, што ў зборнай вораг, ледзьве не экстрэміст і апазыцыянэр. Мяне доўга схілялі напісаць заяву па ўласным жаданьні. Я гэтага не зрабіў. У выніку мы дамовіліся з Караевым, што я дапрацую да канца кантракта і сыду. У Мінспорту майму рашэньню былі шчыра зьдзіўленыя, прапаноўвалі застацца. Але рашэньне ўжо было прынятае».

«Адвага». Віталь Гуркоў
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:27 0:00
Наўпроставы лінк

4 красавіка Віталь Гуркоў разам з шасьцю іншымі вядомымі беларусамі сыграў на сцэне Купалаўскага тэатру. Асаблівасьцю пастаноўкі зьяўляецца тое, што яна складаецца з фрагмэнтаў прыватных інтэрвію зь сямю жанчынамі з розных куткоў сьвету, якія пераадолелі сур’ёзныя перашкоды на шляху да свабоды ды роўнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG