Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 модных брэндаў адзеньня з нацыянальным характарам


Як адзявацца з годнасьцю і гонарам? Хто шые сукенкі для сапраўдных лэдзі? І як адшукаць свой нацыянальны код? Наша аўтарка Яна Шыдлоўская склала сьпіс модных брэндаў адзеньня зь беларускім характарам.

1. Honar

Модны беларускі брэнд Honar Паўла Доўнара і Карыны Адзесенкі — гэта, перадусім, стыль, якасьць і індывідуальны падыход. Сямейная пара стварае мадэлі ўласнымі рукамі, аздабляючы кожную рэч арыгінальным ці інтэрпрэтаваным беларускім арнамэнтам. Honar распрацаваў мужчынскую і жаночую лінейкі адзеньня, якое варта і модна насіць штодзень. Гэта некалькі дзясяткаў мадэляў спадніц, нагавіц, сукенак, кашуляў, маек, жакетаў і блуз для жанчын і кашулі, майкі, сьвітшоты і нагавіцы для мужчын. Кожная мадэль паўстае пад уласным самабытным імем: ты надзяеш ня проста адзежу, а кашулю «Ярыла», спадніцу «Дрэва жыцьця» ці сукенку «Купальле». Набыць адзеньне Honar можна, наведаўшы шоў-рум брэнду на вуліцы Куйбышава альбо скарыстаўшыся паслугамі інтэрнэт-крамы www.honar.by. Сачыць за акцыямі і абнаўленьнямі ўладальнікі брэнду запрашаюць праз сацыяльныя сеткі.

2. KRASA

Адметныя рысы беларускага брэнду KRASA — жаноцкасьць і вытанчанасьць. Яго вырабы разьлічаныя на тых, хто ў штодзённым, прафэсійным і асабістым гардэробе аддае перавагу сукенкам. Пад цалкам жаноцкім брэндам, перадусім з бавоўны, а таксама з сучасных і якасных сынтэтычных тканін, шыюцца выключна сукенкі для сапраўдных лэдзі. Стрыманыя, яркія, сьмелыя ці далікатна-вытанчаныя, у кветкі, у клетку, з карункамі, доўгія і кароткія, сукенкі KRASA маюць асаблівы настрой і характар, якія дапаўняюць вобраз сваіх уладальніц. KRASA прысутнічае на модных маркетах, выставах дызайнэрскага адзеньня, у дзяржаўных крамах — такіх, як, прыкладам, «Няміга», — актыўнічае ў сацыяльных сетках. Створаны два гады таму, беларускамоўны брэнд стаў цалкам пазнавальным.

3. LSTR Adzieńnie

Сьмелы і дзёрзкі, натхнёны ўсім беларускім стыль, уласьцівы моднаму брэнду LSTR Adzieńnie, знайшоў сваіх прыхільнікаў і заняў моцную пазыцыю на модным беларускім рынку. Кашулі, сьвітшоты, худзі, пола, цішоткі, штаны, камізэлькі, курткі і аксэсуары LSTR Adzieńnia ўпрыгожаныя нацыянальнай сымболікай, выявамі беларускіх герояў, сярод якіх — Тадэвуш Касьцюшка, Эмілія Плятэр, Кастусь Каліноўскі, Усяслаў Чарадзей, прынтамі, якія адлюстроўваюць славутыя падзеі і перамогі беларускай гісторыі. LSTR, натхнёны гісторыяй, заклікае ўсіх шукаць сілу і гонар ва ўласным гістарычным мінулым. Нездарма за аснову лягатыпу брэнду ўзяты дзяржаўны сымбаль ВКЛ — «Калюмны». Лукбук калекцыяў LSTR Adzieńnia можна паглядзець тут (www.lstr.by), а таксама праз сацыяльныя сеткі. Дарэчы, на рэсурсах LSTR Adzieńnia зьмешчана шмат цікавых гістарычных фактаў, якія пашыраюць кола асацыяцыяў, зьвязаных з мадэлямі брэнду. Адзеньне LSTR можна знайсьці ў гандлёвых цэнтрах Coolman і «Маскоўска-Венскі», а таксама ў этнацэнтры «Рагна» на вуліцы Караля.

4. Sakolka

Пад брэндам Sakolka ствараюцца аўтарскія рэчы дызайнэра Вадзіма Пракопчыка. Гэта мужчынскія і жаночыя майкі, аздобленыя сымбалямі, сярод якіх асабліва вылучаецца распрацаваная Міхаілам Баярыным калекцыя «Крывіцкія руны». Цяпер іх дваццаць, кожная мае значэньне і можа стаць аздобай вашага адзеньня. Ня менш цікавая калекцыя брэнду называецца «Нацыянальны код». У яе аснове дзесяць лічбаў, вядомых сваім і незразумелых чужым: 1362, 1410, 1514, 1517, 1588, 1794, 1830, 1863, 1918, 1991. Ідэя геніяльная, увасабленьне стылёвае і ляканічнае. Асартымэнт брэнду паступова пашыраецца за кошт жаночых, мужчынскіх і дзіцячых маек, пола, сьвітшотаў, бэйсболак, а таксама сьмелых, часам гумарыстычных ідэй, адлюстраваных на іх. Сярод іншых брэнд вылучаецца і арыгінальным пакаваньнем сваёй прадукцыі. Так, адным зь фірмовых пакункаў Sakolki стаў слоік з выявай фірмовага лягатыпу. За жыцьцём брэнду варта сачыць праз сацыяльныя сеткі.

5. Jamido Monofaktura

Заснавальніца брэнду — дызайнэр Настасься Ямінская, якая ва ўласнай майстэрні стварае шчыры, сардэчны тэкстыль. Майстар працуе пераважна зь лёнам, на які мэтадам шаўкаграфіі ўручную наносяцца малюнкі расьлін. З тканіны паўстаюць неверагоднай прыгажосьці абрусы, сурвэткі, шалікі, спадніцы, сукенкі. Вясновая пяшчотна-далікатная калекцыя сукенак ад Jamido Monofaktura для жанчын і дзяўчат разьлічаная на тых, хто ў адзеньні аддае перавагу натуральнаму стылю, падкрэсьліваючы прыродную прыгажосьць.

6. Mark Formelle Vyshyvankees

Mark Formelle прысутнічае на модным рынку каля дваццаці гадоў. Цяпер кампанія мае шэсьць уласных прадпрыемстваў у адносна невялікіх гарадах краіны — Заслаўі, Старых Дарогах, Віцебску, Слуцку, Узьдзе і Барысаве. Пад брэндам Mark Formelle шыецца адзеньне для ўсёй сям’і для працы і адпачынку, спорту, сну, распрацаваныя калекцыі хатняга адзеньня, цёплай і тэрмабялізны. Таксама Mark Formelle ведаюць як вытворцу бялізны, шкарпэтак і панчох. Трэндам сваёй новай летняй калекцыі кампанія зрабіла беларускія традыцыі — Mark Formelle Vyshyvankees. Рэчы, упрыгожаныя арнамэнтам, сярод якіх жаночыя і мужчынскія шорты, майкі і нават шкарпэткі, ужо паступаюць на продаж у фірмовыя крамы. Мяркуючы па водгуках у сацыяльных сетках, Vyshyvankees чакае посьпех.

7. Fainy.by

Брэнд Fainy.by спэцыялізуецца на шматграннай машыннай вышыўцы на разнастайных рэчах і прадметах, у вялікай ступені — і на адзеньні. Ягоны дэвіз — прыгажосьць у кожнай рэчы. Верхні радок у каталёгу дызайнаў брэнду займаюць беларускія арнамэнты. 17 варыянтаў узору, сярод якіх «Прыяднаньне», «Багацьце», «Рух», «Сям’я», «Маці», «Гонар», актуальныя цяпер «Сонца» і «Вясна», могуць быць вышытыя на розных відах адзеньня. Аздобіць арнамэнтам можна майкі, лонгсьлівы, сьвітшоты, а таксама ўласнае адзеньне кліента. Прадукцыя брэнду Fainy.by ствараецца на сучасным абсталяваньні з ужываньнем шырокай колеравай гамы экалягічных, высакаякасных нітак. Цалкам з калекцыяй дызайнэрскай вышыўкі можна пазнаёміцца тут (www.fainy.by ).

Яна Шыдлоўская для Радыё Свабода

Глядзець камэнтары (3)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG