Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паэтычнаму тэатру «Арт. С» — 10 гадоў


Творчы актыў тэатру «Арт. С»: Ірына і Максім Клімковічы, Віктар Шніп, Тацяна Пратасевіч, Алесь Емяльянаў-Шыловіч, Аксана Спрынчан, Яраш Малішэўскі, Рэгіна Багамолава, Юрась Пацюпа
Творчы актыў тэатру «Арт. С»: Ірына і Максім Клімковічы, Віктар Шніп, Тацяна Пратасевіч, Алесь Емяльянаў-Шыловіч, Аксана Спрынчан, Яраш Малішэўскі, Рэгіна Багамолава, Юрась Пацюпа

Свае штомесячныя спэктаклі «Арт. С» ладзіць у сталічнай бібліятэцы імя Цёткі, за дзесяць гадоў там выступілі больш за 200 сучасных творцаў. Паэтычны тэатар — наколькі гэта дзейсны спосаб папулярызацыі паэзіі ў сучасным сьвеце? Гасьцямі перадачы — заснавальнікі тэатру пісьменьніца Аксана Спрынчан і музыка Яраш Малішэўскі.

М.С.: Аксана і Яраш, як вядома, тэатар пачынаецца зь вешалкі ў гардэробе. А з чаго пачаўся ваш паэтычны тэатар?

Аксана Спрынчан: Праз тое, што ён паэтычны, дык і пачаўся зь менскай бібліятэкі Цёткі, у якой праходзяць нашы спэктаклі і сустрэчы. Калі тваё жыцьцё напоўненае паэзіяй, музыкай, і калі ёсьць месца, дзе гатовыя гэта прыняць, то чаму было не паспрабаваць? Гэта так цікава — зьбіраць разам творчых людзей, а яны ў пераважнай бальшыні ахвотна адгукаюцца на нашы запрашэньні. Мне падаецца, гэта вельмі эфэктыўны спосаб наблізіць людзей да паэзіі, да літаратуры ў наш час. І я ўяўляю, як пасьля нашых паказаў людзі вяртаюцца дахаты, бяруць у рукі кнігу і чытаюць.

Аксана Спрынчан і Яраш Малішэўскі
Аксана Спрынчан і Яраш Малішэўскі

М.С: Я так разумею, што музычнай часткай тэатру «Арт. С» загадвае Яраш — музыка, які ўмее граць і на дудзе, і на леры, і на жалейцы. Наколькі гэтыя інструмэнты (на жаль, ня вельмі пашыраныя) дапамагаюць сабраць гледачоў?

Яраш Малішэўскі: Публіка ў нас мяняецца. Ёсьць сталыя наведнікі, якія ўжо ведаюць і дуду, і леру. А напачатку для іх гэтыя інструмэнты сапраўды былі дзівам, нечым незвычайным. Глядзелі на тую ж леру як на экзотыку. А цяпер ужо больш слухаюць, што граецца, пра што сьпяваецца. Але часта людзі ўпершыню прыходзяць на нашы імпрэзы — і для іх шмат што ў нашым тэатры — адкрыцьцё. І гэта ня дзіўна, бо, скажам, у лерныя сьпевы нашымі продкамі закладвалася дзівосная, унікальная энэргетыка, якую сёньня, на жаль, мы амаль што згубілі. І вось назіраеш, як людзям, асабліва тым, хто ўпершыню нас чуе, адчыняюцца дзьверы ў нейкі неспазнаны сьвет, і яны разумеюць — вось тое, што іх можа сілкаваць. Гэтая музыка, гэтыя сьпевы — такія лекі беларускія.

М.С.: Адзін з найцікавейшых праектаў вашага тэатру — гэта паэтычна-міталягічныя паказы «Беларусь сакральная». Што яны зь сябе ўяўляюць?

А.С.: Гэта такі доўгатрывалы праект (было ўжо васямнаццаць выпускаў), у якім творцы і навукоўцы дзеляцца сьвятлом сакральнага сьвету Беларусі. А Беларусь — сапраўды сьвятая для нас, сакральная, сьветлая. І, фактычна, любая беларуская зьява можа адлюстроўвацца ў паэзіі, музыцы, ператварацца ў слова ці гук у творчасьці мастака. Кожны з выпускаў мы прысьвячалі пэўным тэмам: «Дарогі», «Камяні», «Горы», «Ручнікі», «Хутары», «Мястэчкі», «Мёд», «Грыбы»... Цяпер у нас праходзіць цыкль выпускаў «Колеры Беларусі» — белы, чырвоны, жоўты, сіні...

Яраш Малішэўскі грае на шархунах
Яраш Малішэўскі грае на шархунах

М.С.: Калі гаворка пра Беларусь сакральную, то як не згадаць «Жалейку» Купалы ці «Дудку беларускую» Багушэвіча. Назваўшы так свае кнігі, паэты нібы сакралізавалі гэтыя музычныя інструмэнты. А які з інструмэнтаў усё ж найбольш чапляе беларускую струнку ў душы нашага суайчыньніка?

Я.М.: Дуда і лера — гэта як два «крылы» музычныя. Дуду, так ужо склалася праз выцясьненьне яе балалайкамі, беларусы да гэтай пары часта ўспрымаюць як экзотыку. А ў свой час шатляндцы (вядомыя дудары) і беларусы канкуравалі паміж сабой, нават не здагадваючыся пра гэта. Дуда гучала паўсюль — на хрэсьбінах, на пахаваньні, на танцах. Гэта інструмэнт, які злучае зямлю і неба. Другое «крыло» — лера, інструмэнт песенны. Шмат старажытных песень папросту не захаваліся б, каб не было леры.

А.С.: Дуда і лера — інструмэнты грандыёзныя, але ці ведаеце вы, што такое пішчык? Ён робіцца са звычайнай саломінкі. Калі Яраш грае на саломінцы, у людзей проста шокавы стан. Беларусы пачынаюць верыць у сябе, бо немагчыма зьнішчыць тых, хто можа граць нават на саломіне. І яна так цікава і арыгінальна гучыць!

М.С.: Паколькі ваш тэатар паэтычны, то галоўная роля ў ім павінна належаць паэтам. Хто выступае ў вас?

Паэт Серж Мінскевіч у тэатры «Арт. С»
Паэт Серж Мінскевіч у тэатры «Арт. С»

А.С.: За дзесяць гадоў у нас каля 200 творцаў выступіла — паэтаў і музыкаў. Ёсьць добрыя паэты, але часта яны ня любяць выступаць, а ёсьць добрыя паэты-выступоўцы. Ёсьць і такія, што палюбілі наш тэатар, можна сказаць, імкнуцца выступіць, заўсёды прыходзяць: Юрась Пацюпа, Барыс Пятровіч, Максім Клімковіч, Серж Мінскевіч, Віктар Шніп, Людміла Рублеўская, Пятро Васючэнка, Тацяна Грыневіч, Мікола Кандратаў, Сяргей Сыс, Анатоль Зэкаў, Людміла Хейдарава, Алесь Емяльянаў-Шыловіч... Праекты розныя, і хочацца паказаць розныя бакі той ці іншай зьявы. У нас ёсьць свая міталягіня — Ірына Клімковіч, дырэктар этна-гістарычнага цэнтру «Явар», якая дасьледуе Беларусь сакральную. Адна з кніг, якую яна напісала ў суаўтарстве зь Людмілай Дучыц, так і называецца «Сакральная геаграфія Беларусі». У нас заўсёды ёсьць адмысловец, які можа па той ці іншай тэме дадаць цікавай навуковай інфармацыі.

М.С.: У тэатры «Арт. С» выступаюць і дзеці, сярод якіх і ваша дачка Альжбэта. Для яе песьню прасьпяваць пад татаў акампанэмэнт цікавей за пляншэт ці кампутар?

Я.М.: У нашай сям’і пляншэты і кампутары над намі не пануюць. І Альжбэта, дзякуй Богу, разумее, што ёсьць рэчы больш істотныя, больш вечныя, больш жывыя — гэта слова і музыка. Дачка цяпер у нашым тэатры чытае вершы і казкі, сьпявае песьні. Я спадзяюся, што ў яе гэтае разуменьне будзе працягвацца і ўзрастаць.

М.С.: Сёньня да сур’ёзнай літаратуры, а да паэзіі пагатоў, чытацкая цікавасьць зьменшылася. Ваш тэатар — гэта дзейсны спосаб папулярызацыі беларускай паэзіі?

А.С.: Мяркую, што дзейсны, прынамсі, адзін з рэальна магчымых. У мяне правіла: рабі што можаш. Мне б хацелася, каб людзі чыталі беларускую паэзію, і дзеля гэтага я гатовая рабіць усё, што мне па сіле. Хоць падкрэсьліваю: паэтычная кніга ўсё ж павінна чытацца на самоце, дома. Тэатар «Арт. С» павінен даваць толькі штуршок, публіка зь бібліятэчнай залі, умоўна кажучы, павінна скіравацца да паліцаў з кнігамі. І тут мы з загадчыцай бібліятэкі Цёткі Рэгінай Багамолавай аднадумцы. Яна спрабуе далучыць да беларускай кнігі ўсіх, каго магчыма. Яна запрашала на нашы паказы будучых памежнікаў — курсантаў з вучэльні, у тэатар завітвае моладзь з БНТУ і проста з вуліцы. Людзі знаходзяць нас па абвестках у Фэйсбуку, тэатар мае свой сайт: art-s.by.

М.С.: На разьвітаньне мне хочацца прыгадаць беларускую прыказку: Бог сто пар лапцей стаптаў, пакуль такую пару падабраў. Паколькі вы адзін аднаго так гарманічна дапаўняеце. У гэтым месяцы ў вас — юбілейны паказ. Калі ён адбудзецца?

А.С.: 22 красавіка а 18-й гадзіне ў бібліятэцы Цёткі на бульвары Талбухіна, 12а. Паводле нашай задумы, кожны з запрошаных выступоўцаў будзе асацыявацца з пэўнай расьлінай з батанічнага слоўніка Зоські Верас. Мы ж ня ведаем, як па-беларуску называюцца многія расьліны. А іх назвы гучаць як паэзія: дзіванна, дзівасіл, залётнік, сьвятаяньнік, цьвінтарэй, шаленец, шальбабона, богава крэселка, воўчая ступа, чортавы пазуры... Прыходзьце! Будзе цікава і пазнавальна.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG