Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Патрабаваньне акрэдытацыі як праява энцэфалапатыі


Алена Германовіч
Алена Германовіч

Люблю сваю працу. Нейкія моманты больш, нейкія — менш. Але найбольшае задавальненьне каторы год я атрымліваю ад афіцыйных мерапрыемстваў з удзелам прадстаўнікоў міжнародных структур, амбасадараў розных краін, дэлегацый, якія наведваюць Гомель «з афіцыйным» ці «працоўным» візытам.

Часам даводзіцца гадзінамі чакаць «падыход да прэсы» ці моўчкі аблізвацца, назіраючы ці ўяўляючы на адлегласьці, як замежныя госьці ў прыгожых гарнітурах частуюцца скваркай і чаркай, і потым выходзяць пад мікрафоны і камэры, каб прынесьці сьвету Добрую Навіну: «Мы задаволеныя вынікамі візыту. Супрацоўніцтва з Гомельскай вобласьцю ва ўсіх сфэрах будзем працягваць».

Вось тут-та і інтрыга! Не заўсёды гаворыцца менавіта «працягваць»! Таму што могуць сказаць і «пашыраць». І нават «паглыбляць».

Зранку я ўжо нэрвуюся, баюся, — хоць бы пасьпець дакладна і апэратыўна перадаць гэтую інфармацыю з «месца падзеі» у «Цэнтар», бо гэтыя радкі «Будзем працягваць супрацоўніцтва з Гомельскай вобласьцю», я ўпэўнена, чакаюць з трымценьнем сэрца ўсе нашы чытачы. Яны, як і я, хвалююцца — супрацоўніцтва будзем працягваць? Ці пашыраць? А раптам паглыбляць? Гэтыя словы даюць надзею. Супакойваюць. Закалыхваюць. Даюць права ціха драмаць у сваім балотцы, сонны супакой якога не парушаюць ніякія віхуры, нават камары баяцца тут пішчаць, а тыя катастрофы, войны, канфлікты, скандалы — недзе там, у зьнешнім страшным сьвеце. У нас супрацоўніцтва працягваецца — з усімі, ва ўсіх галінах. Яно заўсёды плённае і пэрспэктыўнае. Мы ўсе разам з надзеяй глядзім у будучыню.

Я ўпэўнена, Гомель — ня тое месца, куды прыедуць прадстаўнікі міжнародных структур, каб зрабіць нейкія гучныя заявы. У Гомелі гавораць толькі пра пашырэньне і задавальненьне ад узаемавыгаднага супрацоўніцтва. Але маё кіраўніцтва думае: «А раптам»? Таму ласкава прапаноўвае мне час ад часу «асьвятліць візыт», паўдзельнічаць у «падыходзе да прэсы».

Так і сёньня. У адну гомельскую афіцыйную структуру прыехалі прадстаўнікі міжнароднай структуры. І я прыйшла, каб даведацца пра працяг плённага узаемавыгаднага супрацоўніцтва ва ўсіх галінах. На ўваходзе мяне сустрэла намесьніца начальніцы гомельскай структуры, якая запатрабавала ў мяне журналісцкае пасьведчаньне. Калі ласка. «А акрэдытацыя? — Якая акрэдытацыя? — Тая, якая дае дазвол на працу ў Рэспубліцы Беларусь. — ? — Вы ня маеце дазвол на працу на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь! — Я ня маю? Вось жа маё пасьведчаньне, вось сіні пашпарт грамадзяніна РБ з гомельскай прапіскай, што яшчэ вам трэба? — Вы ня маеце дазвол на працу на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь! — Выдатна, а дзе я мушу яго атрымаць? — У Рэспубліцы Беларусь! — Дзе-дзе? Дзе менавіта? У якой структуры, інстанцыі? — У Рэспубліцы Беларусь! — Мы з 1991 года тут працуем, у нас беларускае выданьне, мы зарэгістраваны ў Міністэрстве інфармацыі, у Адміністрацыі прэзыдэнта, у Генэральнай пракуратуры, пра што наогул размова? — Вы ня маеце дазволу на працу на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь!».

Склалася адчуваньне, што кабета ў квяцістым гарнітуры «завісла». Яна прапанавала мне пакінуць іх памяшканьне. Тут я бачу толькі два шляхі: прыняць прапанову і ціха сысьці. Ці пачаць змагацца. Вось як?

Распачаць скандал, бойку? Схапіць тую кабету за валасы? Папрасіць кнігу скаргаў? Я не змагар. Мяне сюды накіравалі «асьвятліць візыт». Напісаць пра «будзем пашыраць супрацоўніцтва». Неяк ня ў тэму будзе падымаць вэрхал.

Я выйшла на двор, задуменная. Падышла да суседняга будынку, у якім месьціцца Камітэт дзяржаўнага кантролю, з-за адсутнасьці люстэрка пачала ўглядацца ў цёмныя вокны. Што са мной ня так? У мяне тыповая беларуская зьнешнасьць, пашпарт з вокладкай колеру твару алькаголіка, пасьведчаньне «ўстаноўленага ўзору». А дазволу на працу на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ня маю. Мне зрабілася сумна. Мой рэдактар 10 гадоў вадзіў мяне вакол пальца, падманваў! Прымушаў працаваць, ведаючы, што я ня маю права на працу на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь!

Можа, праблема ў маёй вопратцы? Кабеткі ў той інстанцыі апранаюцца ў пінжакі з кветкамі. Я ж прыйшла ў плашчы ў клетачку. Можа, праблема ў фрызуры? У заплечніку «Вольф»? Я ўглядалася ў цёмнае шкло будынку Камітэту дзяржаўнага кантролю, як той Шарыкаў са сьвечкай у люстэрка, і разважала:

Дзе мне ўзяць дазвол на працу ў Рэспубліцы Беларусь? Дзе яна, тая Рэспубліка Беларусь? Дзе хаваецца? Чаму яна іншым дае дазвол, радзіма-маці мая дарагая, а мне не? Як наогул выглядае той дазвол?

На апошніх прэзыдэнцкіх выбарах старшыні ўчастковых камісій таксама патрабавалі ў мяне нейкую акрэдытацыю. Пасьведчаньня было ім мала, як і пашпарту. «Вы павінны мець акрэдытацыю! — Дзе? — На нашым участку! — Дык дайце яе мне! Я афіцыйна прашу мяне акрэдытаваць. — А не, мы не даём, мы ня можам даць вам акрэдытацыю, гэта вы павінны яе мець! — А як я магу яе мець, на вашым участку, калі вы мне яе не далі? І хто яе тады можа даць? — Мы ня ведаем! — Слухайце, у нас сотні ўчасткаў, як вы сабе гэта ўяўляеце — я на кожным мушу атрымаць нейкую акрэдытацыю? — Мы ня ведаем, мы вам даць ня можам, але вы павінны мець акрэдытацыю!».

PS. Выконваючы прафэсійныя патрабаваньні, я ўсё-такі зьвярнулася па камэнтар да спэцыяліста — свайго сябра-нэўроляга, з просьбай ацаніць дзеяньні асобы, якая патрабуе ад іншых таго, чаго не існуе ў прыродзе. Ён сказаў: «Цяжка сказаць». Па яго словах, гэта можа быць інфантылізм, ці пачатковая стадыя Альцгаймэра, ці шызафрэнія vulgaris, ці адна з прыкметаў энцэфалапатыі, ці нават праявы «сындрому Котара», калі пацыенты думаюць, што яны памерлі, а ў структуры сындрому пераважаюць ідэі адмаўленьня зьнешняга сьвету. Ці адмаўленьне на існаваньне журналістаў без акрэдытацыі і «дазволу з боку Рэспублікі Беларусь працаваць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь».

***

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG