Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Панамскія паперы»: сям’я Аліевых у Азэрбайджане кантралюе радовішчы каштоўных мэталаў


Сям’я прэзыдэнта Азэрбайджана кантралюе самыя багатыя ў краіне радовішчы золата, медзі і срэбра праз сетку афшорных кампаній, зарэгістраваных у Панаме. Пра гэта стала вядома дзякуючы ўцечцы дакумэнтаў юрыдычнай канторы Mossack Fonseca.

Над расьсьледаваньнем працавалі Міранда Патручыч, Элеанора Роўз, Лэйла Камджыч і Хадзіджа Ісмаілава.

Джамшуд Асгерлі, 46-гадовы геоляг, вэтэран вайны і бацька траіх дзяцей, вельмі знэрваваўся, калі даведаўся, што залаты руднік, на якім ён працуе, затрымлівае належную яму за месяц зарплату. Неўзабаве ён і яшчэ трыста яго калег атрымалі па электроннай пошце паведамленьне, што яны знаходзяцца ў прымусовым двухмесячным адпачынку.

«Праз два месяцы яны даслалі яшчэ адно паведамленьне, у якім паведамлялася, што адпачынак працягваецца на нявызначаны час і што нам будуць плаціць дзьве траціны акладу», — распавядае Асгерлі.

Прайшло ўжо амаль два гады, але супрацоўнікі да гэтага часу не атрымалі ні капейкі, хоць працягваюць лічыцца ў штаце рудніка і, згодна з азэрбайджанскім заканадаўствам, ня маюць права шукаць іншую працу. Людзі пазбавіліся ўсіх зьберажэньняў і проста ня ведаюць, што ім рабіць.

Іх працадаўца, Азэрбайджанская міжнародная горназдабываючая кампанія (AIMROC) некаторы час таму ўзьнікла невядома адкуль і адразу ж стала другім найбуйнейшым вытворцам золата ў краіне. Затым яна зьнікла гэтак жа раптоўна, як і зьявілася, а кінутыя на волю лёсу супрацоўнікі так і не даведаліся, на каго ж на самай справе яны працавалі.

У роспачы служачыя сталі грукацца ў дзьверы розных урадавых устаноў — ад Міністэрства працы і сацыяльнай абароны насельніцтва да парлямэнта і прэзыдэнта. «Усе яны рабілі выгляд, што паняцьця ні пра што ня маюць», — распавядае Асгерлі.

Але працадаўцы былі на самай справе куды бліжэй, чым думалі служачыя: проста яны хаваліся ў афшоры. Апранутыя па апошняй модзе, з дарагімі торбамі ў руках, гэтыя самыя працадаўцы глядзелі на сваіх кінутых супрацоўнікаў са старонак газэт і глянцавых часопісаў. Яны бадзёра ўсьміхаліся ў камэры галоўных тэлеканалаў краіны, перарэзалі стужкі на адкрыцьці новых аб’ектаў, удзельнічалі ва ўрачыстых цырымоніях і казалі прамовы за веліч і росквіт Азэрбайджану.

Гэтымі працадаўцамі былі дачкі прэзыдэнта Аліева — Лейла і Арзу.

Адпаведную інфармацыю можна знайсьці ў дакумэнтах Панамскай юрыдычнай фірмы Mossack Fonseca, атрыманых год назад нямецкай газэтай «Зюдойче Цайтунг», Міжнародным Цэнтрам журналісцкіх расьсьледаваньняў, Цэнтрам па дасьледаваньні карупцыі і арганізаванай злачыннасьці (OCCRP) і яшчэ больш чым сотняй мэдыя-партнэраў з 82 краінаў.

Працяг можна прачытаць тут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG