Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новую кнігу Сагановіча «Грунвальд у беларускай гісторыі» прэзэнтуюць 14 красавіка


Гісторык Генадзь Сагановіч.
Гісторык Генадзь Сагановіч.

14 красавіка Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт ладзіць у Менску прэзэнтацыю кнігі гісторыка, прафэсара Дэпартамэнту гісторыі ЭГУ Генадзя Сагановіча «Грунвальд у беларускай гісторыі: Спроба разбору палітычнага міфа».

Удзельнікі мерапрыемства змогуць набыць кнігу з подпісам аўтара.

Кніга «Грунвальд у беларускай гісторыі: Спроба разбору палітычнага міфа» выдадзена ў студзені 2016 году выдавецтвам ЭГУ і прысьвечана бітве пад Грунвальдам як факту грамадзкай сьвядомасьці — яе «пасьмяротнаму жыцьцю» ў гістарычнай думцы і сацыяльнай памяці Беларусі. Беларускі гісторык, прафэсар Генадзь Сагановіч паспрабаваў выявіць шляхі і абставіны пашырэньня ўстойлівых уяўленьняў пра бітву 1410 году ў навуковым і публічным дыскурсе, а таксама паказаць іх ідэалягічны зьмест і грамадзка-палітычнае прызначэньне.

Крыніцамі для дасьледаваньня паслужылі выданьні навуковай гістарыяграфіі, навучальная літаратура і гістарычная публіцыстыка, а таксама рэлевантныя творы беларускай бэлетрыстыкі. Сабраны эмпірычны матэрыял аналізаваўся з улікам шырокага міжнароднага кантэксту актуалізацыі памяці пра Тэўтонскі ордэн, а таксама ў сувязі з ідэалягічнымі канцэптамі польскага Грунвальда і нямецкага Танэнбэрга. Асобная ўвага аддадзена практыкам ідэалягічнай інструмэнталізацыі бітвы ў Савецкім Саюзе, якія шмат у чым і прадвызначылі фармаваньне афіцыйнай памяці пра бітву ў БССР. З дасьледаваньня вынікае, што комплекс ідэяў і перакананьняў, ідэнтыфікаваных у кнізе як беларускі міт Грунвальдзкай бітвы, пачаў фармавацца толькі ў савецкую эпоху.

Яе вытокі зьвязваюцца з дыскурсам антынямецкай прапаганды ўзору Вялікай Айчыннай вайны. Аўтар спадзяецца, што праца можа дапамагчы шырокаму колу чытачоў лепш зразумець ідэалягічнае паходжаньне і анахранічнасьць сымбалічнага зьместу асноўнага наратыву пра Грунвальдзкую бітву, пашыранага ў сёньняшняй Беларусі.

Менская прэзэнтацыя кнігі і адкрытая лекцыя прафэсара Генадзя Сагановіча адбудзецца 14 красавіка (чацьвер) а 17 гадзіне ў Арт-сядзібе па адрасе: Менск, праспэкт Незалежнасьці, 58 - 430.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG