Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці стане больш праверак у аэрапортах пасьля Брусэля?


Як могуць зьмяніцца правілы бясьпекі ў аэрапортах пасьля тэрактаў у Бэльгіі?

Пасьля тэракту ў Брусэльскім аэрапорце 22 сакавіка спрэчкі аб бясьпецы аэрапортаў разгарэліся з новай сілай: ці прыйдзецца пасажырам ахвяраваць камфортам дзеля бясьпекі?

Ці варта чакаць татальнага ўзмацненьня жорсткасьці надглядаў ў эўрапейскіх аэрапортах, ці паставяць усюды рамкі? І ці спатрэбіцца прыяжджаць у аэрапорт за некалькі гадзінаў, каб пасьпець прайсьці ў чарзе?

AFP паведамляе, што калі аэрапорт Брусэля Завэнтэм адновіць працу ў абмежаваным рэжыме, пасажыры сутыкнуцца з дадатковымі праверкамі — іх тэставаньне пачалося ў аўторак, 29 сакавіка.

У іншых краінах ужо ўзмацнілі ахову аэрапортаў.

У аэрапортах Парыжу, у лёнданскіх Хітроў і Гэтвіку захоўваецца рэжым максымальнай гатоўнасьці, піша AP. У зону рэгістрацыі аэрапорта Рыму дадалі сабак, а ў Міляне зоны агульнага доступу патрулююць групы паліцэйскіх.

Татальныя праверкі

У чацьвер, 31 сакавіка адбылося пазачарговае пасяджэньне Эўрапейскай камісіі па авіяцыйнай бясьпецы, на якім абмяркоўваліся меры процідзеяньня новым пагрозам.

Эўракамісар па транспарце Віялета Булк заявіла, што камісія пагадзілася з неабходнасьцю палепшыць абмен разьведвальнымі дадзенымі, каб «яшчэ больш актыўна і эфэктыўна забясьпечваць бясьпеку», перадае Reuters.

Астатнія меры павінны быць суразмернымі рызыкам, імі павінны займацца нацыянальныя ўлады. Пра маштабныя пераменах у сфэрах авіяцыйнай і аэрапортавай бясьпекі гаворка пакуль не ідзе.

Эўропа ўзмоцніць абарону аэрапортаў, але гэтыя меры наўрад ці будуць эфэктыўнымі без прынцыповай зьмены падыходу да бясьпекі, лічыць Сэм Леві, апэрацыйны дырэктар ізраільскай кампаніі Condor Security, які кансультуе аэрапорты розных краінаў па пытаньнях, зьвязаных зь бясьпекай.

«Цяперашні ўзровень бясьпекі недастатковы для таго, каб прадухіляць і рэагаваць на такія падзеі і сцэнары, як у Брусэлі», — адзначыў Леві. «Гэта праблема культуры, гэта пытаньне неразуменьня мэнталітэту і мэтадаў работы ворага».

Зь ім згодныя бэльгійскія паліцыянты, якія на днях у адкрытым лісьце распавялі пра «абстаноўку фундамэнтальнай адсутнасьці бясьпекі» у аэрапорце. Яны кажуць, што штодня паведамлялі начальству пра праблемы зь бясьпекай, але мер прынята не было.

Эўрапейскае адзьдзяленьне міжнароднай асацыяцыі аэрапортаў (ACI EUROPE) у адмысловай заяве паведаміла, што ў закрытых зонах аэрапортаў (даступных толькі для супрацоўнікаў і пасажыраў з пасадкавымі талёнамі) падтрымліваецца высокі ўзровень бясьпекі, але абароненасьць зон агульнага доступу — выключна на сумленьні уладаў кожнай канкрэтнай краіны.

«Перагляд і прыняцьце неабходных мер, адпаведных сцэнароў пагроз у кожным канкрэтным выпадку, знаходзяцца ў руках нацыянальных уладаў», — адзначылі ў ACI Europe.

Акрамя таго, арганізацыя адзначыла што «забесьпячэнне поўнай бясьпецы грамадзкіх месцаў шляхам арганізацыі дадатковых праверак — нерэалістычны і неэфэктыўны шлях».

Праход у зоны агульнага доступу ў многіх эўрапейскіх краінах адкрыты для ўсіх жадаючых.

Такія правілы дзейнічаюць не ўсюды

У Расеі, неўзабаве пасьля тэракту ў сталічным аэрапорце Дамадзедава ў студзені 2011 году, правілы бясьпекі аэрапортаў перагледзелі: цяпер сканэры і мэталашукальнікі ўсталёўваюцца прама на ўваходзе ў будынак аэрапорта.

«Трагічныя падзеі ў Брусэлі паказваюць важнасьць своечасовага абнаўленьня не толькі тэхналягічнай інфраструктуры, але і заканадаўчых патрабаваньняў да працы сыстэмы бясьпекі аэрапортаў,» — паведамілі ў прэс-службе аэрапорта Дамадзедава.

Ізраільскі вопыт

У Ізраілі пайшлі яшчэ далей: аэрапорт Бэн-Гурыён ў Тэль-Авіве — адзін з самых абароненых у сьвеце.

Тут праверкі пачынаюцца за некалькі кілямэтраў, яшчэ на пад’ездах да тэрміналу, а ўнутр можна трапіць толькі пасьля праходжаньня некалькіх узроўняў кантролю. Пэрымэтр аэрапорта абаронены радарам і шматлікімі камэрамі, ўнутры дзейнічаюць супрацоўнікі ў цывільным.

У забесьпячэньні бясьпекі ў аэрапорце «павінны быць задзейнічаны ўлады дзяржавы, у прыватнасьці, унутраная выведка, контрвыведка <...> ня аэрапорт павінен займацца тым, што, вось, перахопліваць патэнцыйнага тэрарыста па дарозе ў аэрапорт, а менавіта спэцслужбы дзяржавы», — кажа Андрэй Кожынаў, ізраільскі незалежны аглядальнік па пытаньнях бясьпекі.

Важна не дапусьціць зламысніка да тэрміналу: «як толькі тэрарыст трапіў на тэрыторыю аэрапорта, прадухіліць у гэты момант тэракт фактычна немагчыма. Можна мінімізаваць шкоду», — кажа Кожынаў.

З іншага боку, экспэрты з Эўрапейскага камітэту па бясьпецы грамадзянскай авіяцыі кажуць, што простыя меры — перанос рамак да уваходу ў аэрапорт — будзе азначаць толькі перасоўваньне «ўразьлівай зоны» з унутраных памяшканьняў аэрапорта да яго уваходу, і абавязкова прывядзе да павелічэньня чэргаў.

Асноўнай мэтай павінна быць не пагалоўная праверка, а выяўленьне людзей з «групы рызыкі»: «Зразумела, што правяраць неабходна: газодетэкторы, рамкі, скрынінг, Профайлінг ... Ня праверка кожнага чалавека з ног і да галавы, а менавіта спроба псыхалягічнага адбору, псіхалягічнага апазнаваньня патэнцыйнага тэрарыста ».

Такі падыход можа азначаць дадатковыя нязручнасьці для пасажыраў.

Ізраільскі юрыст палестынскага паходжаньня Дыяна Бат распавядае, што ўвесь час падвяргаецца зьневажальным шматгадзінным праверкам і допытам ў аэрапорце. «Я баюся, што Эўропа, увёўшы такія ж парадкі, як у Ізраілі, пойдзе тым ж шляхам, па якім пайшоў Ізраіль — масавага расізму», — кажа яна.

З пункту гледжаньня сродкаў, першае пытаньне — гэта не тэхналёгіі, а чалавечы фактар, лічыць Леві, экспэрт па бясьпецы аэрапортаў. Цяпер спадзяюцца больш на тэхналёгіі, а людзей — недаацэньваюць.

Нягледзячы на эфэктыўнасць ізраільскіх ноу-хау, з-за абмежаваньняў, якія накладаюцца на пасажыраў, эўрапейскім аэрапортам зь вялікім пасажырапатокам будзе складана іх пераняць, лічыць Кожынаў.

Леві ня згодны. На яго думку, бясьпека не павінна, — і пры правільнай арганізацыі ня будзе — адымаць лішні час у пасажыраў.

«Мы можам адначасова падтрымліваць высокі ўзровень як бясьпекі, так і прадукцыйнасьці».

Што рабіць

Час мяняць мэнталітэт, актыўна падыходзіць да пытаньняў бясьпекі, інвэставаць у людзей, а ня толькі ў тэхніку, і наладзіць шчыльнае ўзаемадзеяньне з выведслужбамі, кажа Леві.

На яго думку, стандартызацыя патрабаваньняў — у агульных інтарэсах, цяпер не існуе адзінага стандарту бясьпекі аэрапортаў.

Экспэрты гэта разумеюць: афіцыйны прадстаўнік Эўракамісіі па транспарце распавёў РІА Навіны, што на пасяджэньні камісіі па бясьпецы ўдзельнікі дамовіліся рэалізаваць абмен інфармацыяй паміж спэцслужбамі розных краін, а таксама перадавым вопытам арганізацыі сыстэм бясьпекі ў аэрапортах.

Акрамя таго, правілы бяспекі ў зонах агульнага доступу будуць перагледжаны, а для кожнага аэрапорта праведзена індывідуальная адзнака пагроз.

Адзінае, што не паведамляецца — калі гэтыя меры будуць рэалізаваныя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG