Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча адмаўляецца прымаць мігрантаў пасьля Брусэлю


Польшча ня будзе прымаць на сваёй тэрыторыі ўцекачоў з краін Блізкага Ўсходу пакуль ня зьявіцца надзейны мэханізм іх праверкі. Турэччына заяўляе, што аднаго з падазраваных тэрарыстаў дэпартавала ў Бэльгію з папярэджаньнем.

«На гэты момант Польшча ня можа прыняць імігрантаў» — заявіў сёньня ў Сэйме прэс-сакратар польскага ўраду Рафал Бачэнак. Ён патлумачыў, што так будзе працягвацца да таго часу, пакуль людзі, што прыбываюць у Эўропу зь Блізкага Ўсходу ня будуць адпаведным чынам правярацца .«Мы ня можам дапусьціць, каб падзеі, якія адбываюцца цяпер у Заходняй Эўропе, перанесьліся на тэрыторыю Польшчы», — сказаў Бачэнэк, падкрэсьліўшы, што прыярытэт польскага ўраду — бясьпека палякаў. Па словах прадстаўніка ўраду, у апошнія месяцы адбылося шмат такіх інцыдэнтаў, тэрарыстычныя групы папярэджваюць пра новыя атакі ў Эўропе. «Мы хочам абараніць ад гэтага нашых грамадзян», — сказаў ён.

Раней сёньня прэм’ер-міністар Польшчы Беата Шыдла заявіла, што краіна не гатовая прымаць уцекачоў у рамках эўрапейскай праграмы вырашэньня міграцыйнага крызысу: «28 краін ЭЗ пагадзіліся вырашаць гэтую праблему шляхам перасяленьня. Але я скажу ясна: я не бачу магчымасьці, каб цяпер у Польшчу прыехалі мігранты».

У рамках эўрапейскай праграмы разьмеркаваньня ўцекачоў, якія прыбылі ў ЭЗ, Польшча абавязалася прыняць сем тысяч чалавек на працягу двух гадоў. Пакуль польскія ўлады дэкляравалі гатоўнасьць разьмясьціць ў 2016 годзе толькі 400 чалавек. Сто першых зь іх павінны былі прыбыць у краіну ў сакавіку.

Сёньня з вуснаў турэцкага прэзыдэнта прагучалі новыя дэталі біяграфіі аднаго з магчымых брусэльскіх тэрарыстаў. Не называючы канкрэтнага імя, Рэджэп Эрдаган на прэс-канфэрэнцыі ў Анкары паведаміў, што падазраваны ў чэрвені мінулага году быў затрыманы ў Турэччыне. Улады дэпартавалі затрыманага ў Бэльгію і папярэдзілі, што ён можа быць «замежным баевіком». Але, як заявіў Эрдаган, «яны адпусьцілі яго з-за адсутнасьці доказаў віны».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG