Адзіная ў анэксаваным Расеяй Крыме грамадзка-палітычная літаратурная газэта «Кримська світлиця» («Крымская сьвятліца»), якая выходзіць на ўкраінскай мове, спыніла выпуск.
Як паведамляе сайт «Крым. Рэаліі», у нумары за 25 сакавіка было ўказана, што гэта апошні выпуск газэты ў Крыме.
14 сакавіка выйшаў загад гендырэктара Нацыянальнага газэтна-часопіснага выдавецтва аб пераводзе рэдакцыі з Сымфэропаля ў Кіеў. Крымскія супрацоўнікі газэты лічаць такое рашэньне несправядлівым і падкрэсьліваюць, што «практычна, з самага пачатку «Кримська світлиця» — «свая сярод чужых, чужая сярод сваіх». Яны патрабуюць ад улады ўвагі і дзяржаўнага стаўленьня да гуманітарных праблемаў украінцаў у Крыме. На іх думку, лепшым доказам стабільнага попыту на газэту зьяўляюцца тысячы наведвальнікаў сайта выданьня. На старонцы ў «Фэйсбуку» адзначаецца, што ў сацсетцы у газэты дзьве тысячы сяброў.
У «Нацыянальным газэтна-часопісным выдавецтве» патлумачылі рашэньне аб пераводзе ў Кіеў тым, што выдавец ня можа несьці адказнасьць за бясьпеку штатных супрацоўнікаў, якія знаходзяцца на акупаванай тэрыторыі. Рэдакцыя «Кримської світлиці» была захоплена і ліквідаваная ў Крыме яшчэ ў 2014 годзе. З траўня 2015 году газэта выходзіць толькі ў электронным выглядзе.
«Кримська світлиця» выдаецца ў Крыме з 1992 году. Пасьля прыходу да ўлады ва Ўкраіне Віктара Януковіча, у красавіку 2010 году газэта спыніла выхад як друкаванае выданьне. Зь ліпеня 2011 году яна зноў пачала друкавацца ў звычайным фармаце.
Пасьля анэксіі Крыму Расеяй ў 2014 годзе на мацерыковую Ўкраіну пераехалі шэраг праўкраінскіх і крымска-татарскіх СМІ, якія не падтрымліваюць акупацыю паўвострава або якія не прайшлі рэгістрацыю паводле расейскага заканадаўства.