Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна Дзьмітры Пяскоў усумніўся ў эфэктыўнасьці спробаў палепшыць імідж краіны. Ён растлумачыў, што Расея знаходзіцца «ў стане інфармацыйнай вайны» з «англасаксамі». Пра гэта Пяскоў распавёў у інтэрвію тэлеканалу ТВЦ, якое выйдзе ў эфір вечарам у суботу, 26 сакавіка.
«Цяпер мы знаходзімся ў стане інфармацыйнай вайны з заканадаўцамі моды ў інфармацыйнай прасторы, перш за ўсё, з англасаксамі, іх СМІ», — сказаў Пяскоў.
Паводле яго, ва ўмовах вайны, якую, як патлумачыў прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі, можна лічыць «абвешчанай або неабвешчанай», займацца паляпшэньнем іміджу «наўрад ці мэтазгодна». Ён адзначыў, што гаворка ідзе як аб прапагандзе, так і аб контрпрапагандзе «ў добрым сэнсе гэтага слова».
Прэс-сакратар Пуціна таксама сказаў, што лічыць сытуацыю зь іміджам Расеі ня самай горшай у сьвеце. «Нягледзячы на размовы пра тое, што ў РФ зараз дрэнны імідж у сьвеце, на самай справе дрэнны імідж цяпер у ЗША», — сказаў ён.
Прэс-сакратар Пуціна усумніўся ў эфэктыўнасьці спробаў палепшыць імідж Расеі.