Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адкуль зьявілася інфармацыя пры нібыта беларусаў-тэрарыстаў у Бэльгіі?


Халід Доўбаш. Фота з старонкі «Ўкантакце»
Халід Доўбаш. Фота з старонкі «Ўкантакце»

Тры пытаньні да трох аналітыкаў. Удзельнічаюць Алег Грузьдзіловіч, Валянцін Жданко і Сяргей Навумчык.

Палітычная правакацыя, рутынная праца спэцслужбаў ці ўвогуле выпадковасьць? Як можна патлумачыць зьяўленьне напярэдадні тэрактаў у Брусэлі зьвестак ад расейскага ФСБ пра тое што тры беларусы нібыта рыхтуюць тэракты ў Бэльгіі?

Грузьдзіловіч: Чарговы, на жаль, жудасны тэракт у Эўропе гэтым разам аказаўся зьвязаным з беларусамі. Кажу пра братоў Доўбашаў, народжаных у Гомелі, якія прынялі іслам і цяпер жывуць ў Бэльгіі. Навіна пра нібыта іх датычнасьць да тэракту аказалася фэйкам, але прынамсі ў мэдыйнай прасторы на палову дня гэтая вэрсія стала дамінуючай. Добра, што даволі хутка дзякуючы карэспандэнтам удалося атрымаць камэнтар ад братоў Доўбашаў, іх пераканаўчыя абвяржэньні, ды і беларускі КДБ пасьпяшыў фактычна абвергнуць вэрсію расейскіх калегаў. Але, як кажуць, «асадачак застаўся», хіба не так? І тут асабіста ў мяне узьнікаюць некаторыя вэрсіі зьяўленьня гэтага фэйку у інтэрнэце.

Алег Грузьдзіловіч
Алег Грузьдзіловіч

Першае, што гэта палітычная правакацыя з боку расейскіх спэцслужбаў, якія атрымалі загад палітычнага кіраўніцтва Расеі ўсяляк кампрамэтаваць Беларусь у вачах эўрапейскіх структураў і пасьлядоўна гэта робяць. Прычым усё больш актыўна. На тле пэўнага паляпшэньня адносін афіцыйнага Менска з Брусэлем такія спробы выглядаюць прынамсі верагоднымі, але, калі шчыра, пэўных доказаў ім няма. Канешне, можна уявіць, што пасьля паразы ва Ўкраіне, пасьля таго, як насуперак Расеі Ўкраіна зрабіла стратэгічны выбар на карысьць Эўразьвязу, цяпер Расея прыме звышмоцныя намаганьні, каб тое самае не паўтарылася з Менскам. Праўда, як на маю думку, пры цяперашнім беларускім кіраўніцтве гэта і без таго немагчыма, такі рэзкі разварот з усходу на захад, але, як кажуць, хто апёкся на малацэ, той і на ваду дзьме. І ўсё ж неверагодным выглядае тое, што закрытая адмысловая інфармацыя пра магчымых тэрарыстаў з Расеі ў Эўразьвяз раптам выпадкова патрапіла ў інтэрнэт і стала здабычай расейскіх мэдыяў як раз у патрэбны момант, калі сапраўды ў Бруселі выбухнулі бомбы.

Але нельга выключаць і выпадковасьць падзеі. Вось сёньня зьявіліся зьвесткі, што бэльгійская паліцыя да тэракту адпусьціла аднаго з будучых тэрарыстаў, пра якога Бэльгію папярэджвала Турцыя. То бок пэўнай мяккасьці, лібэральнасьці у абыходжаньні з уцекачамі зь Сірыі, якія вартыя падазрэньняў, эўрапейцы яшчэ не пазбавіліся, і тут магла сапраўды быць уцечка. Але зноў жа — з боку Бэльгіі, эўрапейскіх нейкіх службаў — а чаму расейскія сілавікі прагаварыліся журналістам пра беларускіх нібыта тэрарыстаў? А што думаюць пра гэта мае калегі, да якіх вэрсій схіляецеся вы?

Сяргей Навумчык
Сяргей Навумчык

Навумчык: Якраз у гэты дзень я быў у Нью-Ёрку, калі я прачнуўся, паказвалі ў рэжыме жывога часу тое, што адбывалася ў Брусэлі. Потым я зайшоў на наш сайт, прачытаў пра дачыненьне да гэтага беларусаў, абвяржэньня пакуль не было. Па тэлевізары пра ніякіх беларусаў не гаварылі. Гэта азначае, што для сур’ёзных СМІ, напрыклад, амэрыканскіх, гэты ўкід расейскіх спэцслужбаў сур’ёзна не разглядаўся. Яны такую інфармацыю пераправяраюць шматкроць — гэта звычайны стандарт журналістыкі. Але бясспрэчна, што нейкі час кропкавымі ўліваньнямі расейскія спэцслужбы могуць сапраўды сапсаваць імідж Беларусі. Хоць мы ўсе разумеем, што больш сапсаваць імідж, чым псуе яго цяперашні кіраўнік Лукашэнка, немагчыма.

Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Жданко: Я ўважліва сачыў за тым, як гэтая тэма асьвятлялася ў расейскіх мэдыях. Там гэта даволі шырока падавалася. Я ня думаю, што гэта нейкая старанна глыбока падрыхтаваная апэрацыя, інакш бы так хутка гэта не выявілася, што ніякага дачыненьня да гэтага беларусы не маюць. Але агульная тэндэнцыя сапраўды такая. Калі прааналізаваць асьвятленьне розных беларускіх тэм у расейскіх мэдыях на працягу апошніх двух гадоў, пасьля таго як пачалася ўкраінская тэма, то цяжка не заўважыць, што Расея вельмі насьцярожана ставіцца да Беларусі, нават да беларускага рэжыму. Да Лукашэнкі як гаранта беларускай незалежнасьці, да любых праяў збліжэньня Менску з Захадам, да таго як Лукашэнка імкнецца выбудоўваць адносіны з захадам. Мне цяжка нават прыгадаць такі рэпартаж на дзяржаўных тэлеканалах, дзе станоўча асьвятлялася б, што адбываецца ў Беларусі. Наадварот, як толькі ёсьць падстава для нэгатыўнай інфармацыі, нэгатыўнага аналізу, усё гэта падаецца. Мне здаецца, мэтанакіравана выбудоўваецца вобраз Беларусі як ня надта надзейнага саюзьніка. Ён свой, але трэба да яго насьцярожана ставіцца, каб ён не пайшоў украінскім шляхам. І да Лукашэнкі ўласна такога вялікага даверу не выказваецца. Як толькі нешта адбываецца, сустрэча з заходнім міністрам, высокапастаўленым чыноўнікам — гэта ў адпаведным сьвятле падаецца расейскаму інфармацыйнаму спажыўцу. То бок галоўная расейская пазыцыя такая — недавер.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG