Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд прызнаў Саўчанку вінаватай. 22 гады турмы


Суд у Данецку Растоўскай вобласьці прызнаў Надзею Саўчанку вінаватай і асудзіў да 22 гадоў зьняволеньня.

Суд гораду Данецку Растоўскай вобласьці прысудзіў ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанцы 22 гады пазбаўленьня волі і штраф 30 тысяч рублёў. Яна прызнаная вінаватай у спрыяньні забойству расейскіх тэлежурналістаў, замаху на жыцьцё тэлеапэратара Віктара Дзянісава, а таксама ў незаконным перасячэньні мяжы. Пры гэтым суд зьняў з Саўчанкі абвінавачаньні ў абстрэле мірных жыхароў Луганскай вобласьці. Надзея Саўчанка прысуд не прызнае і апэляцыю падаваць не зьбіраецца. Пятро Парашэнка абвясьціў пра гатовасьць абмяняць Саўчанку на расейскіх вайскоўцаў, захопленых на ўкраінскай тэрыторыі.

Адвакат Мікалай Полазаў паведаміў, што Саўчанка можа аднавіць галадоўку праз 10 дзён — у дзень, калі прысуд уступіць у сілу. Гэтым, паводле Полазава, яго падабаронная хоча паўплываць на расейскае кіраўніцтва з тым, каб як мага хутчэй было вырашана пытаньне аб яе вызваленьні.

Чытаньне прысуду працягвалася два дні
Чытаньне прысуду працягвалася два дні

Абвяшчэньне прысуду не цікавіла ні адвакатаў, ні саму Надзею Саўчанку. Ільля Новікаў дэманстратыўна гартаў часопіс аб Грамадзянскай вайне ў Амэрыцы, Марк Фейгін і Мікалай Полазаў больш увагі надавалі сваім твітэр-акаўнтам. Калі судзьдзя абвясьціў Саўчанку вінаватай і паспрабаваў абвясьціць тэрмін зьняволеньня, яна засьпявала ўголас. Судзьдзя паспрабаваў яе супакоіць, але няўдала, і абвясьціў перапынак, пасьля якога ўжо манатонна, ня робячы паўзаў, прачытаў прысуд: 22 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Прэс-сакратар прэзыдэнта Ўкраіны Сьвятаслаў Цаголка, які ўзначаліў дэлегацыю ў падтрымку Саўчанкі, паспрабаваў разгарнуць жоўта-блакітны сьцяг, нехта засьпяваў гімн Украіны, але ўсё хутка спыніў спэцназ ФСВП, з аўтаматамі і ў масках. Журналісты, якія два дні зь вялізнымі цяжкасьцямі прарываліся ў будынак суду, напісалі столькі тэкстаў пра тое, як Данецкі суд аказаўся не гатовы да паказальнага працэсу над ўкраінскай вайскоўкай, што цэнтральным тэлеканалам давялося тэрмінова здымаць сюжэты пра тое, як ім камфортна працаваць на працэсе Саўчанкі.

У другі дзень пасьля абедзеннага перапынку перад будынкам суду стоўпілася некалькі дзясяткаў журналістаў сусьветных СМІ, яны стаялі і сварыліся з паліцыянтамі. У гэты час без чаргі, не паказваючы дакумэнтаў, у залу суду прайшлі некалькі маладых людзей у майках з партрэтамі загінулых Ігара Карнелюка і Антона Валошына. Падчас перапынку яны забеглі ў пакой для прэсы і крычалі: «На іх месцы маглі быць і вы». Спэцназаўцы, якія наогул нэрвова рэагавалі на журналістаў, на іх ніякай увагі не зьвярталі. Праз дарогу ад будынку суду ўвесь дзень праходзіў пікет актывістаў пракрамлёўскага руху НОД. Людзі са сьцягамі самаабвешчаных «рэспублік» Данбасу, георгіеўскімі стужкамі і з фотаздымкамі загінулых на ўсходзе Ўкраіны мірных жыхароў, крычалі журналістам і ўкраінскай дэлегацыі, якія выходзілі з будынку суду: «Забойца павінна быць пакараная!». У адказ Цаголка разгарнуў ўкраінскі сьцяг і абурана заявіў: «Я прадстаўляю тут прэзыдэнта Ўкраіны, я хачу вам сказаць, што мы называем тое, што адбываецца ў гэтым будынку, судзілішчам. Гэта абсалютна несправядліва».

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка, камэнтуючы прысуд, заявіў, што «ніколі не прызнае судзілішча» над Саўчанкай. Паводле ўкраінскага міністра замежных спраў Паўла Клімкіна, пачынаецца новы этап барацьбы за яе вызваленьне. На гэтыя заявы адрэагаваў прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзьмітры Пяскоў, які сказаў, што рашэньне ў справе перадачы Саўчанкі ўкраінскаму боку можа прымаць толькі прэзыдэнт Расіі. Пяскоў адмовіўся патлумачыць, якое менавіта рашэньне зьбіраецца прыняць Пуцін.

Пікет у падтрымку Надзеі Саўчанкі ля сьцен амбасады Расеі ў Кіеве
Пікет у падтрымку Надзеі Саўчанкі ля сьцен амбасады Расеі ў Кіеве

Марк Фейгін сказаў таксама пасьля заканчэньня судовага паседжаньня, што лічыць лягічным абмен ўкраінскай лётчыцы на расейскіх вайскоўцаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Ўкраіны. Ён выказаў надзею, што прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін усё ж пойдзе на гэты крок. Фейгін таксама выказаў упэўненасьць у тым, што калі б суд над Саўчанкай ня быў публічны, то ўсе 22 гады, якія ёй былі прысуджаныя, яго падабаронная правяла б у калёніі.

«Не ўдаючыся ў дэталі, можна сказаць, што Надзеі Саўчанцы ня быў забясьпечаны справядлівы суд, вынесены прысуд не абгрунтаваны і не павінен заставацца ў сіле, — заявіў Х’ю Ўільямсан, дырэктар праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch па Эўропе і Цэнтральнай Азіі. — Безумоўна, сьмерць Карнелюка і Валошына патрабуе прыцягненьня вінаватых, але не ў рамках працэсу, які быў вельмі палітызаваны з самага пачатку і які не адпавядае базавым патрабаваньням да правасудзьдзя».

Human Rights Watch з заклапочанасьцю адзначае, што суд над Саўчанкай праходзіў «на фоне крайняга абвастрэньня адносін паміж Масквой і Кіевам і ва ўмовах скажэньня ў Расеі інфармацыі пра падзеі ў Данбасе». Human Rights Watch таксама глыбока занепакоеная прэцэдэнтам, які быў створаны ў 2015 годзе судом над Алегам Сянцовым — украінскім кінарэжысэрам, які атрымаў 20 гадоў паводле, як упэўненыя экспэрты арганізацыі, адкрыта надуманай справы аб тэрарызьме.

Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Джон Кірбі заявіў, што прысуд Саўчанцы дэманструе непавагу да прынцыпаў справядлівасьці і супярэчыць абавязаньням Расеі ў рамках Менскіх пагадненьняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG