Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баявік «ЛНР» пацьвердзіў алібі Надзеі Саўчанкі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

«Калі б ведаў, што з Саўчанкі зробяць гераіню, я б яе забіў», — баявік «ЛНР» распавёў, як затрымлівалі Надзею Саўчанку.

Баявік так званай ЛНР «Ілім» сьцьвярджае, што ён асабіста браў украінскага афіцэра Надзею Саўчанку ў палон і пасьля гэтага даставіў яе ў Луганск.

«Ілім», сапраўднае імя якога Андрэй Ціханаў, грамадзянін Украіны, пацьвердзіў галоўны довад адвакатаў Саўчанкі аб невінаватасьці іх кліенткі: баец сьцьвярджае, што яна была ўзятая ў палон да паўдня 17 чэрвеня 2014 году, гэта значыць да абстрэлу пасёлка Мэталіст, у выніку якога загінулі журналісты ВГТРК.

Менавіта за забойства гэтых супрацоўнікаў, а таксама нібыта незаконнае перасячэньне мяжы з Расеяй Надзею Саўчанку судзяць у Данецку (Растоўская вобласьць). Пры гэтым «Ілім» упэўнены, што Саўчанка была кіраўніком снайпэрскай групы і карэкціравала агонь па пасёлку Мэталіст (адвакат Ільля Новікаў лічыць гэтую вэрсію «легендай»).

У суд «Іліма» ў якасьці сьведкі не запрашалі — замест яго дапыталі двух «апалчэнцаў», якія казалі, што Саўчанка была ўзятая ў палон ужо пасьля забойства журналістаў ВГТРК.

«Ілім» сьцьвярджае, што не хаваўся ад сьледзтва, але ў суд яго не выклікалі, і ніводнага інтэрвію за ўвесь час канфлікту на паўднёвым усходзе Ўкраіны ён не даваў.

«У гэты час пацаны нашы падводзяць чалавека. Гэта аказваецца невядомая дзяўчына. „Ілім“ задае ёй пытаньне: „Як цябе завуць?“ Яна маўчыць. „Ілім“ б’е яе прыкладам па галаве, і яна адказвае: „Надзя“. „Ілім“ задае ёй другое пытаньне: „Твой пазыўны?“ Яна зноў маўчыць, „Ілім“ б’е яе прыкладам па галаве, пасьля чаго яна адказвае: „Куля“.

Мы ж іх узялі ў палон. Я палонных не забіваю. Палоннага з прастрэленымі грудзямі хацелі зарэзаць, але я ня даў. Другога, кажуць, зарэзалі. Хоць „Кулю“ я б забіў, калі б ведаў, што зь яе зробяць гераіню, правядуць яе ў дэпутаты», — сказаў «Ілім» у інтэрвію Meduza.io. Спачатку мужчына казаў пра «Іліма» ў трэцяй асобе, але пасьля прызнаўся, што гэта і ёсьць ён.

Цалкам інтэрвію з «Ілімам», які браў у палон Надзею Саўчанку, можна чытаць тут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG