Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вася Абломаў: Прайшло яшчэ 16 гадоў, і ўсё было дарма


Расейскі музыка, аўтар песень Вася Абломаў — аб сваім цяперашнім ўспрыманьні жыцьця ў Расеі.

Расейскі музыка, аўтар песень Вася Абломаў (Васіль Ганчароў) стаў вядомы ў 2010 годзе пасьля посьпеху песьні «Еду ў Магадан» ў інтэрнэце. Тады яму былі адкрыты эфіры на шматлікіх расейскіх радыечастотах і тэлеканалах, уключаючы фэдэральныя Першы і НТВ. Тым ня менш, на хвалі грамадзкага пратэсту за сумленныя выбары ў сьнежні 2011 году Вася Абломаў стаў адным з нешматлікіх расейскіх музыкаў, якія прынялі ўдзел у мітынгу на праспэкце Сахарава.
З тых часоў ён быў заўважаны на шматлікіх акцыях дэмакратычнага руху, быў адным з аўтараў праекта «Господин хороший» на тэлеканале «Дождж», напісаў нямала сатырычных песень, якія адлюстроўваюць самыя розныя аспэкты расейскай рэчаіснасьці. Аб сваім цяперашнім ўспрыманьні жыцьця ў Расеі Вася Абломаў распавёў у інтэрвію Радыё Свабода:


Вася Абломаў: Мне, напрыклад, лідэр не патрэбны. Бо адказнасьць, яна ж у кожным чалавеку. Я быў нядаўна ў «Ельцын-цэнтры» ў Екацярынбургу. Я лічу, што гэта самы лепшы і самы цікавы музэй сучаснай гісторыі Расеі. Справа не ў Ельцыне, у яго асобы, а справа ў гісторыі краіны. Там камяк у горле стаіць, калі ты ходзіш па экспазыцыі, глядзіш, што адбывалася з нашай краінай на працягу гэтых гадоў, да нулявых, колькі ахвяр, колькі стараньняў і колькі надзей было. А ў канцы табе дораць канстытуцыю, у якой напісана, якія артыкулы былі зьмененыя. Пачытайце, што напісана ў гэтай канстытуцыі, і вы зьдзівіцеся, якія, аказваецца, у вас правы нібыта па законе ёсьць!

трэба нам лезьці ў Сырыю ці не — чаму ў дарагіх расейцаў ніхто пра гэта не спытаў?

Але ж гэтага ўсяго ўжо няма. Свабода сходаў, свабода слова, забарона на цэнзуру і прапаганду, якая распальвае міжнацыянальную, міжрэлігійную і іншыя варажнечы... Гэта асноўны закон, па якім мы ўсе нібыта жывем. Мы выйшлі з гэтага «Ельцын-цэнтра», і хацелася плакаць. Менавіта з-за таго, што такое ў нас цяжкае, страшнае жыцьцё. І калі гучаць апошнія словы першага прэзыдэнта Расеі: «Вы заслугоўваеце шчасьця, але ў мяне не атрымалася, я сыходжу», то разумееш, што з таго часу прайшло яшчэ 16 гадоў, і ўсё было дарма. Вось гэта вось час пачынае ціснуць на цябе, як той атмасфэрны слуп, які ціснуў на Астапа Бэндэра. І вядома, вельмі сумна ад гэтага ўсяго становіцца.

Справа не ў палітыцы, справа ў тым, што людзі павінны сябе паважаць! Мяне часта пытаюцца, слухаючы мае песьні: як нам жыць далей, што рабіць? Я ня ведаю. Паступаць так, каб было ня сорамна жыць далей. Бо гэтыя ўсе гісторыі пра фальсыфікаваныя выбары, навязаную прапаганду, пра тое, што людзі езьдзяць за мяжу па ежу, гэта ж гісторыі пра самапавагу. Як можна ў 21-м стагоддзі, ў 2016 годзе людзям забараніць ежу? І за 140 мільёнаў чалавек кажуць: добра, мы будзем ёсьці пальмавы алей цяпер, бог з ім ... А заўтра скажуць, што будзем есьці пыл ... Як можна забараніць адпачываць там, дзе хацелася адпачываць?


Радыё Свабода: У апошнія гады ўсё больш назіраецца палярызацыя грамадзтва, прынамсі той яе часткі, якая так ці інакш ўцягнутая ў нейкую грамадзкую дыскусію ці хаця б мае меркаваньне з нагоды нейкіх актуальных пытаньняў... І вось гэтая, на мой погляд, палярызацыя, усё менш дазваляе нам неяк аб’ектыўна глядзець на такія вострыя пытаньні, як «чый Крым?», «Хто вінаваты ў вайне ў Данбасе?». Калі, умоўна, чалавек кажа пра тое, што расейская ўлада ў асобе Пуціна ўсюды мела рацыю, але вось тут ён малайчына, то лібэральная грамадзкасць ўсё роўна запіша яго ў «ватоўкі». Ці вы таксама адчуваеце падобную палярызацыю?

Вася Абломаў: Па-першае, нікому не цікава тваё меркаваньне ў апошнія некалькі гадоў, усім хочацца запісаць цябе ў якой-небудзь лягер. Людзі не прывыклі думаць, і ім вельмі цяжка зразумець, што ў цябе можа быць наогул пункт гледжаньня нейкі. Ім трэба зразумець, ты за белых ці за чырвоных. І гэта, вядома, ідыятызм, як мне здаецца. І ў пытаньні Крыма, які ўсе так прагна абмяркоўвалі ўсе гэтыя гады, наш ён ці не наш, на мой асабісты погляд, абмяркоўваць трэба было іншыя рэчы. На мой погляд, варта было пагаварыць на тэму таго, чаму ў дарагіх расейцаў не спыталі перад тым, як далучаць Крым, патрэбен ён ім ці не. Таму што расейцы паглядзелі гэта ўсё па тэлевізары і ляглі спаць. Нават тыя, хто радасна апладзіравалі і радасна спрачаюцца зараз і даказваюць, што Крым наш, і гэтак далей. Жах гэтай сытуацыі і яе банальная трагедыя ў тым, што нас не спыталі. І таму калі яны захочуць яго вярнуць, калі раптам яны захочуць яго вярнуць, яны сапраўды гэтак жа нас не спытаюць. І ў гэтым жа і ёсьць праблема. Яны ж кажуць: мы ў Крыме праводзілі рэфэрэндум, і крымчане захацелі. А чаму ў расейцаў не спыталі, ці жадаюць яны? Калі б правялі рэфэрэндум і сказалі: расейцы дарагія, мы хочам далучыць Крым, ён наш, несправядліва быў аддадзены Украіне, але мы так ўсе любім Крым, і могуць быць, вядома, наступствы, санкцыі, нешта яшчэ, але давайце вырашым разам. І добрыя расейцы вырашылі б разам. І тады б гэта мела сэнс абмяркоўваць, тады б кожны хадзіў горды і казаў: Крым наш, я маю да гэтага дачыненьне.

чаму ў дарагіх расейцаў не спыталі перад тым, як далучаць Крым, патрэбен ён ім ці не

А так гэта ўсё здарылася само сабой, цішком, праз год высьвятляецца, што фашыстаў не было, а была такая сакрэтная супэрспэцапэрацыя. І ўсе так рады гэтаму! Але ж перш за ўсё падманулі нас! А мне не падабаецца, калі мяне падманваюць. Таму, мне здаецца, варта абмеркаваць, чаму мы ніяк не можам паўплываць на сытуацыю, ніякім чынам. Напрыклад, трэба нам лезьці ў Сырыю ці не — чаму ў дарагіх расейцаў ніхто пра гэта не спытаў? Ім проста пачалі паказваць Сырыю па целіку і казаць: вось, вельмі важна, братушкі-сырыйцы ... Ну, што гэта такое? Я хачу сказаць, што па маім адчуваньні, ні ў воднай разьвітай краіне такі фокус б не прайшоў ні з выбарамі, ні з такімі ўчынкамі! А тут мы проста ўсе адказнасьць разам падзяляем.

Вось была справа ЮКАСа, пытаньне зь ім вырашылі ўладныя структуры, не важна, якім чынам гэта адбывалася, Хадаркоўскага пасадзілі, ён пасядзеў, грошы забралі, кудысьці адправілі ... Скончылася тым, што адказваць за гэта павінна зараз Расея, усе мы, грошы трэба па суду вяртаць зь бюджэту Расеі. Але я-то да гэтага ня маю ніякага дачыненьня ці які-небудзь ўладальнік крамы каўбаснай. Ён жыў, прадаваў каўбасу пакупнікам, плаціў падаткі і гэтак далей. І вось як? У гэтым і ёсьць праблема, што ўлада павінна несьці адказнасьць перад народам...

Вася Абломаў: Вайна - гэта прыкмета дэбілізму і глупства
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:05 0:00

Вася Абломаў: Калі я прасьпяваю пра Лукашэнку, будзе выглядаць, нібы я лезу не ў сваю справу
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:25 0:00

Вася Абломаў пра Лукашэнку: Ну хоць нехта хоча міру!
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:22 0:00

Інтэрвію Васі Абломава беларускай Свабодзе ў лютым 2015 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG