Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адна назва – Беларускі полк


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

1918 год. Незалежнасьць нельга было атрымаць. Можна было толькі здабыць. Ня выйшла.

Каб здабыць незалежнасьць, патрэбнае войска. Гэта ўзброеныя людзі, гатовыя за яе змагацца, гатовыя абараняць сваю рэспубліку. Значыць, трэба мець гэтых людзей, трэба іх узброіць. Патрэбныя грошы. У тых умовах было не абысьціся без хаўрусьнікаў. Лепей не такіх самых, як ты, а мацнейшых. Каб было на каго абаперціся. А хаўрусьнікі пераважна толькі хацелі выкарыстаць. Не дапамагчы.

Адна надзея, нам хацелася лічыць, была на першы Беларускі полк у Горадні. Але што гэта быў за полк? Чый? Чаму так называўся? Нам патрэбна была легенда, мы яе стварылі. Расчараваньне непазьбежнае. Хоць хацелася б верыць, што ён быў нечым і што мог бы абараніць нашу БНР.

Ня мог. І ня быў прызначаны для гэтага. Дый палком у рэчаіснасьці ня стаў. Толькі назва засталася ў гісторыі. Першы Беларускі полк. Прыгожа, настальгічна, але з дамешкам самападману. Хоць прызнаюся: калі ў савецкія часы Горадня была вялікім вайсковым гарадком — і штаб арміі быў, і дывізіі, і палкоў, і пагранатраду, то часам прыемна было сабе нагадаць, што калісьці і Беларускі полк стаяў. Праўда, да крыўды нядоўга. Прыехаў сам Пілсудзкі раззбройваць. Прынамсі — пракантраляваць. Гэта адзіная прыкмета важнасьці таго палка. Перашкаджаў палякам. Не зважаючы, што ў іх тут было «схоплена». Быў лішні ў горадзе, як непатрэбная стрэмка. У горадзе, зь якім яны адразу вырашылі, што будзе польскім, дзяліцца ні з кім не зьбіраліся.

Палац, дзе была камэндатура Першага гарадзенскага беларускага палка пяхоты
Палац, дзе была камэндатура Першага гарадзенскага беларускага палка пяхоты

Мяне цешыла, што з вакна магу ўбачыць дом, дзе, як пішуць гісторыкі, адбываўся запіс добраахвотнікаў. Было нават зайздросна, што ў прыяцеля брат дзеда запісаўся і служыў у палку. Вядома, баявая адзінка мела бел-чырвона-белы сьцяг, для нас гэта было вызначальным. Мы стварылі сабе помнік, адшліфавалі яго. Але калі зазірнуць у зьмест, то робіцца часамі прыкра.

Што ж было за кулісамі? Перш за ўсё, полк не належаў БНР. А каму належаў? Міністэрству краёвай абароны Літвы. Нібы сядзеньне на двух крэслах. (Цывільную ўладу спрабавала стварыць міністэрства беларускіх спраў Літвы.) Самі літоўцы ня мелі тады баявой адзінкі, каб прыслаць у Горадню. Па-другое, полк літоўцаў тут выглядаў бы зусім адыёзна, як чужы экспэдыцыйны корпус. Палякам рэзка не спадабалася б. А тут: нібы беларускі, на беларускай тэрыторыі, але створаны на літоўскія грошы і літоўцам падпарадкоўваецца. Хітры прыём. Але такія тады былі рэаліі. БНР ня мела стрэльбаў.

Дазвол стварыць полк далі нямецкія акупацыйныя ўлады. Напачатку ў ім было 22 афіцэры і 28 жаўнераў. Гісторык Андрэй Чарнякевіч зазначае, што не было плянаў скласьці яго з жыхароў адной Горадні. Афіцэры разьехаліся па гарадах і мястэчках шукаць ахвотнікаў. І ў блізкія Друскенікі, між іншым, і ў Беласток, і ў даволі далёкае Берасьце. У абвестцы для гарадзенцаў было, напрыклад, запісана, што «Кожны самаахвотнік, уступаючы ў краёвую абарону, дае забавязаньне на пісьме, што ён будзе бараніць літоўскае гаспадарства, будзе заховываць гасударственнае права Літвы і спаўняць загады свайго ўрада».

За кароткі час, калі верыць рапарту Міколы Дзямідава, навэрбавалі больш за тысячу чалавек. Брат вядомага беларускага дзеяча Вацлава Іваноўскага Станіслаў быў польскім камісарам у Горадні. Ён пахваляўся, што палову гэтай лічбы, цэлы батальён пераагітаваў у польскія атрады. Ну можа там ім стрэльбы далі. Бо на ўвесь беларускі полк было ўсяго 150. Не паваюеш. Ды палякі супрацьдзейнічалі вярбоўцы новых людзей, у выніку было вырашана браць мясцовых габрэяў, але яны не адгукнуліся. Хаця сам Пілсудзкі пісаў пазьней, што праз наплыў габрэяў і расейцаў полк страціў свой нацыянальны характар. Ну й што зь ім тады рабіць? Трэба неадкладна распусьціць, вырашыў будучы начальнік Польскай дзяржавы. Што й было зроблена.

З камяніцы, дзе была камэндатура палка (вядомай па здымку 1919 году) зьнялі сьцягі — беларускі і літоўскі ды «Пагоню».

«Не сваю, чужую долю баранілі, пад чужымі сьцягамі ўміралі». Але ў тым разе нават гэтага не спатрэбілася. Няхай. Можа й добра.

Беларускі полк праіснаваў тры месяцы, вясну 1919-га. А ўсё ж файная старонка ў нашай гісторыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG