Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 17 сакавіка: рэканструкцыя паэтаў, правы жанчын, гадавіна рэфэрэндуму аб захаваньні СССР


Гуканьне вясны, 1983 год.
Гуканьне вясны, 1983 год.

Падзеі гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Размова пра ўплыў ГМА (генна-мадыфікаваных арганізмаў) на сельскую гаспадарку пройдзе ў Нацыянальным прэс-цэнтры з удзелам вучоных-генэтыкаў. (Менск, Кастрычніцкая, 5, пачатак а 12:30).

Фонд ААН у галіне народанасельніцтва запрашае на паказ п’есы аб правах жанчын «Сем» (Менск, тэатар Янкі Купалы, пачатак а 16-й).

У музэі Петруся Броўкі чарговая публічная лекцыя Андрэя Хадановіча. Тэма «Рэканструкцыя паэта»: Мілаш, Шымборска, Гербэрт«. (Менск, К. Маркса, 30, пачатак а 19-й).

У магілёўскім грамадзкім цэнтры «Кола» — сустрэча з выдаўцом Зьмітром Коласам, перакладчыкам Лявонам Баршчэўскім, а таксама прэзэнтацыя кнігі музыканта і пісьменьніка Юрыя Несьцярэнкі «Маё мястэчка ў часе і прасторы» (зав. Чкалава, 16, пачатак а 18-й)

У гісторыі:

1597 — Віцебск атрымаў гарадзкі герб: у блакітным полі выява Хрыста, пад якой чырвоны меч.

1746 — нарадзіўся кампазытар Ян Голанд. На запрашэньне князёў Радзівілаў Голанд прыбыў зь Нямеччыны ў Нясьвіж і стаў вядомым беларускім капэльмайстрам і кампазытарам.

1789 — нарадзіўся філёзаф Вінцэнт Бучынскі, прафэсар філязофіі Полацкай езуіцкай акадэміі, заснавальнік і рэдактар першага ў Беларусі літаратурна-навуковага часопіса, які называўся «Полацкі штомесячнік» і пачаў выходзіць у 1818 годзе.

1861 — расейскі цар Аляксандар ІІ адмяніў прыгоннае права.

1891 — нарадзіўся Мацьвей Манізер, заслужаны савецкі скульптар. Ягоны помнік Леніну, усталяваны ў Менску перад Домам ураду ў 1933 годзе, стаіць дагэтуль. Надпісы на гэтым помніку зробленыя па-беларуску клясычным правапісам, а не наркамаўкай.

Лявон Луцкевіч
Лявон Луцкевіч

1922 — нарадзіўся Лявон Луцкевіч, грамадзка-палітычны і культурны дзяяч, вязень савецкіх канцлягераў, сын Антона Луцкевіча.

1948 — Бэльгія, Вялікабрытанія, Люксэмбург, Нідэрлянды i Францыя падпісалі Брусэльскі пакт, ствараючы абарончы Заходнеэўрапейскі саюз, які паклаў пачатак НАТО.

1951 — памёр беларускі паэт і перакладчык Альберт Паўловіч. Пачаў друкавацца ў «Нашай Ніве» ў 1907 годзе. У яго доме ў Менску ў пачатку ХХ стагодзьдзя быў літаратурны салён, дзе зьбіраліся тагачасныя беларускія пісьменьнікі.

1983 — у Купалаўскім парку ў Менску ўпершыню было наладжана Гуканьне вясны. З гэтага часу сьвяткаваньне стала штогадовым і масавым, што давала магчымасьць сумеснага збору патрыятычна настроеных людзей.

1991 — у СССР прайшоў рэфэрэндум па праекце новага саюзнага пагадненьня. У Беларусі за захаваньне Савецкага Саюзу былі аддадзеныя 82,7% галасоў (гэта самы вялікі адсотак пасьля Сярэдняй Азіі).

2012 —Беларускае дзяржаўнае тэлебачаньне паведаміла, што расстралялі Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва, меркаваных выканаўцаў тэракту ў менскім мэтро. Паводле тагачаснай кіраўніцы вонкавай палітыкі ЭЗ Кэтрын Эштан, расстралялі іх без належнага суду.

Ёсьць нагода:

Дзень незалежнасьці Ірляндыі, дзень Сьвятога Патрыка.

Цытата:

«Ці лічыце Вы неабходным захаваньне Саюзу Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік як абноўленай фэдэрацыі раўнапраўных сувэрэнных рэспублік, у якой будуць у поўнай меры гарантавацца правы і свабоды чалавека любой нацыянальнасьці? Так ці Не».

Фармулёўка асноўнага пытаньня рэфэрэндуму 17 сакавіка 1991 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG