Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэфэрэндум бяз права голасу


Сяргей Навумчык
Сяргей Навумчык

З нагоды 25-й гадавіны рэфэрэндуму аб захаваньні СССР прапануем вашай увазе разьдзел з кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста першы», прысьвечаную падзеям таго месяца.

17 сакавіка 1991 году адбыўся першы (і апошні) у гісторыі СССР рэфэрэндум. Потым на яго будуць бясконца спасылацца спачатку прыхільнікі захаваньня, а потым — аднаўленьня імпэрыі.

«Ці лічыце вы неабходным захаваньне Саюзу Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік як абноўленай фэдэрацыі раўнапраўных сувэрэнных рэспублік, у якой будуць у поўнай меры гарантавацца правы і свабоды чалавека любой нацыянальнасьці?»

Станоўчы адказ на гэтае пытаньне (паводле афіцыйных дадзеных, у Беларусі «так» адказалі 82,5 адсоткаў тых, хто прыйшоў на ўчасткі) і дагэтуль зьяўляецца аргумэнтам для тых, хто бачыць у аднаўленьні незалежнасьці Беларусі «парушэньне волі народаў».

Станоўчы адказ на гэтае пытаньне (паводле афіцыйных дадзеных, у Беларусі «так» адказалі 82,5 адсоткаў тых, хто прыйшоў на ўчасткі) і дагэтуль зьяўляецца аргумэнтам для тых, хто бачыць у аднаўленьні незалежнасьці Беларусі «парушэньне волі народаў».

Але пра сапраўднае волевыяўленьне казаць не даводзілася. І рэч ня толькі ў тым, што зь пятнаццаці рэспублік СССР шэсьць (Арменія, Грузія, Латвія, Літва, Малдова, Эстонія) увогуле адмовіліся яго праводзіць. І ня ў тым, што ў самой Беларусі колькасьць прыхільнікаў захаваньня СССР сярод тых, хто меў права голасу, вагалася на мяжы паловы і склала крыху больш за 52 адсоткі (на ўчасткі прыйшлі 63,5 адсоткаў грамадзян, якія мелі права голасу, зь іх прагаласавалі «за» — 82,6. У Менску супраць Саюзу выказаліся 32 адсоткі). «Навошта ўсенародны рэфэрэндум, калі Вярхоўны Савет Беларусі прыняў ужо пастанову: „Прызнаць мэтазгодным уваходжаньне Беларускай ССР у склад Саюзу ССР“. Такім чынам, усё ўжо вырашана за месяц да ўсенароднага рэфэрэндуму, — не без іроніі сказаў мне за некалькі тыдняў да рэфэрэндуму Васіль Быкаў у інтэрвію, якое я браў для ЛіМу. — Канцэпцыя гэтага рэфэрэндуму лішні раз сьведчыць, што мы ніколі ня вырашым свой лёс — за нас тое робяць іншыя. Мы зноў і каторы раз трапілі ў зачараванае кола: каб вольна і па справядлівасьці вырашыць пытаньне дзяржаўнага сувэрэнітэту, трэба быць сувэрэнным народам. А каб быць сувэрэнным народам, трэба мець дзяржаўны сувэрэнітэт. Каторы раз успомніш славутае: „так“ альбо „не“, а ўсё астатняе — ад нячысьціка. Баюся, тут усё — ад нячысьціка» (Літаратура і мастацтва, 1 сакавіка 1991 г.).

Калі ж пакінуць у баку інфэрнальныя катэгорыі і засяродзіцца на прававых, дык трэба прызнаць: рэфэрэндум быў папросту нелегітымны, бо праходзіў з парушэньнямі заканадаўства. Пастанову аб правядзеньні рэфэрэндуму з ініцыятывы Гарбачова прыняў 24 сьнежня 1990 году чацьвёрты Зьезд народных дэпутатаў СССР. Зьезд, які на пачатку сваёй дзейнасьці вясной 1989 году адыграў выключную ролю ў дэмакратызацыі грамадзтва і перасягнуў самыя сьмелыя спадзяваньні, ужо ня меў ніякага аўтарытэту і нават пракамуністычнымі дэпутатамі ўспрымаўся як нешта ня вартае асаблівай увагі.

Тым ня менш, камуністы ў Вярхоўным Савеце ўхапіліся за рэфэрэндум як за магчымасьць выправіць «памылку», якую дапусьцілі ў ліпені 1990-га, прагаласаваўшы за распрацаваныя дэпутатамі БНФ палажэньні Дэклярацыі аб сувэрэнітэце. «На прыкладзе нашага Вярхоўнага Савету відаць, як крок за крокам адбываецца, па сутнасьці, рэвізія Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі», — пісаў у тыя дні ў «ЛіМе» Андрэй Ганчароў.

Нашая ж пазыцыя была простая: трэба не губляць час на захаваньне імпэрыі, а ствараць незалежную дзяржаву — з войскам, уласнымі грашыма, самастойнай зьнешняй палітыкай.

Калі ў студзені 1991-га Мікалай Дземянцей узьняў пытаньне пра рэфэрэндум аб захаваньні СССР на сэсіі Вярхоўнага Савету, Апазыцыі БНФ удалося заблякаваць галасаваньне, і пытаньне нават не было ўнесенае ў парадак дня. Камуністы, якія складалі большасьць у Прэзыдыюме Вярхоўнага Савету, пачалі мітусіцца і рабілі адну памылку за другой. Прынялі пастанову аб правядзеньні рэфэрэндуму «заднім чыслом», прычым не на пасяджэньні, а шляхам апытаньня. Пры гэтым забыліся, што ў часе сэсіі Прэзыдыюм увогуле ня меў такіх паўнамоцтваў.

З гэтага вынікае, што найвышэйшы заканадаўчы орган Беларусі — Вярхоўны Савет — рэфэрэндуму не прызначаў. Зь юрыдычнага пункту гледжаньня, тут у размове пра яго легітымнасьць (на тэрыторыі Беларусі) можна паставіць кропку.

З гэтага вынікае, што найвышэйшы заканадаўчы орган Беларусі — Вярхоўны Савет — рэфэрэндуму не прызначаў. Зь юрыдычнага пункту гледжаньня, тут у размове пра яго легітымнасьць (на тэрыторыі Беларусі) можна паставіць кропку.

Але той рэфэрэндум меў яшчэ адну асаблівасьць, якая карэнным чынам адрозьнівала яго ад плебісцытаў у дэмакратычных дзяржавах. Гэта — немагчымасьць апанэнтаў улады (у нашым — прыхільнікаў незалежнасьці Беларусі) давесьці да насельніцтва свой пункт погляду.

Увогуле, паводле сацыялягічных апытаньняў, з тых, хто сказаў на рэфэрэндуме «так», толькі 6 адсоткаў мелі ўяўленьне пра праект Саюзнай дамовы, які быў прапанаваны Гарбачовым і ўвасабляў «абноўленую фэдэрацыю раўнапраўных сувэрэнных рэспублік». Але значная частка насельніцтва мела няпэўныя ўяўленьні і пра аргумэнтацыю БНФ.

Закон аб рэфэрэндуме СССР гарантаваў «грамадзянам СССР, палітычным партыям, масавым рухам права бесьперашкоднай агітацыі за альбо супраць рашэньня, якое выносіцца на рэфэрэндум».

У рэальнасьці, гэты пункт закону не выконваўся — апанэнты Крамля голасу ня мелі.

Увогуле, усе пяць з паловай гадоў нашай працы ў Вярхоўным Савеце суправаджаліся змаганьнем за тэле— і радыёэфір. Звычайна для данясеньня сваёй пазыцыі да насельніцтва мы выкарыстоўвалі трыбуну сэсіі (спачатку яны ішлі ў прамой трансьляцыі, а потым — у рэпартажах з Авальнай залі). Аднак рабіць гэта ўдавалася ня так часта, як хацелася, бо Дземянцей, а потым і Шушкевіч даволі хутка авалодалі навыкам адключэньня мікрафонаў.

Не выконваўся і Закон аб статусе народнага дэпутата БССР, паводле якога мы мелі права доступу да дзяржаўных СМІ. Вось некалькі прыкладаў.

У верасьні 1990 году дэпутаты — члены Часовай камісіі па прывілеях накіравалі заяўку старшыні Дзяржтэлерадыё Аляксандру Сталярову з просьбай даць эфір. Перадача ў прызначаны час у эфір выйшла. Але не з дэпутатамі БНФ, а з сакратарамі ЦК, па выніках апошняга зьезду КПБ. Празь некалькі тыдняў дэпутаты БНФ зьвярнуліся з просьбаю пра гадзіну эфіру — зварот ізноў быў праігнараваны. Ішла і «зачыстка» журналістаў, якіх лавілі на сымпатыях да БНФ. Так, у студзені 1991 году вядучы тэлепраграмы «Пяць з плюсам» Дзьмітрый Філімонаў быў адхілены ад тэлеэфіру з красамоўнай фармулёўкай: «за павелічэньне ў перадачы інфармацыі палітычнага характару і крытыку Саўміну». Улады баяліся палітызацыі грамадзтва, і нават з вуснаў камуністаў-дэпутатаў (гэта значыць, палітыкаў) на сэсіях гучала: «Хопіць палітыкі!»

«Сытуацыя ў сродках масавай інфармацыі рэспублікі вызначаецца манапалізацыяй ісьціны адной палітычнай сілай. І гэта ня дзіўна. Старшыня Дзяржтэлерадыё БССР, як, дарэчы, дваццаць іншых міністраў, член ЦК КПБ», — казаў я на сэсіі 30 студзеня 1991 году.

Вычарпаўшы ўсе магчымасьці, 11 сакавіка дэпутаты Галіна Сямдзянава, Зянон Пазьняк і аўтар гэтых радкоў зьвярнуліся да фармальнага кіраўніка дзяржавы Дземянцея «з просьбай паспрыяць ў прадастаўленьні групе дэпутатаў ад апазыцыі 40 хвілін эфірнага часу 15 сакавіка г. г. на Беларускім тэлебачаньні для выкладаньня сваіх меркаваньняў па пытаньні, якое вынесенае на рэфэрэндум... Адмаўленьне ў прадастаўленьні эфіру будзе ўспрынята намі не інакш, як чарговае парушэньне працэдуры рэфэрэндуму.» Выступіць на тэлебачаньні з аргумэнтацыяй супраць вынесенага на рэфэрэндум пытаньня нам не далі, парушыўшы адначасна два законы — СССР (аб рэфэрэндуме) і БССР (аб статусе дэпутата).

Выступіць на тэлебачаньні з аргумэнтацыяй супраць вынесенага на рэфэрэндум пытаньня нам не далі, парушыўшы адначасна два законы — СССР (аб рэфэрэндуме) і БССР (аб статусе дэпутата).

За дзень да рэфэрэндуму мы арганізавалі мітынг перад Домам ураду. Паказальны рэпартаж, зьмешчаны ў газэце «Белорусская нива»:

«Хмель свабоды і ўсёдазволенасьці ўжо не п’яніць, а турбуе, калі на карту пастаўлены лёс краіны. А таму ўсё радзей мы давяраем палітыкам, якія зь пенай на губах кляймяць і адкідаюць усё, заклікаюць да разбурэньня, помсты, суду. (Ні да якай помсты ніхто не заклікаў, а пра суд сапраўды казалі — суд над КПСС. Падкрэсьліваю: не над камуністамі, а над КПСС. — С.Н.). Куды ўжо далей разбураць, калі ўсё створанае за шмат гадаў абрынулася? Куды ўжо далей помсьціць, калі ўжо пастаўлены на калені шматмільённы народ?..» «Час такіх палітыкаў сыходзіць. І хаця злосьці і пены ў іх прамовах зусім ня робіцца меней, але ўсё менш жадаючых іх слухаць і верыць ім...» (У фотарэпартажы быў толькі адзін пазнавальны твар — Пазьняка. Ніякай пены, зразумела, не было, тут ужо чытач мусіў паверыць аўтару.) «Угледзьцеся ў здымкі, зробленыя ў сталіцы напярэдадні і ў дзень правядзеньня ўсесаюзнага рэфэрэндуму аб захаваньні нашага Саюзу. Тры першыя зь іх зьнятыя на мітынгу БНФ, дзе было выліта нямала бруду на нашу гісторыю, на нашу краіну...» (Тут ізноў прыпыню цытаваньне. Ня памятаю, каб хто-небудзь на мітынгах БНФ казаў нешта дрэннае пра пераможцаў бітвы пад Воршай, паўстанцаў Каліноўскага ці заснавальнікаў «Нашай Нівы», пляжыў Вялікае Княства Літоўскае ці Беларускую Народную Рэспубліку. Але казалі пра беларуска-расейскую вайну ХVII стагодзьдзя, калі войскі цара Аляксея Міхайлавіча зьнішчылі або перасялілі на чужыну палову беларусаў, пра Курапаты, пра ГУЛаг, пра кінутых «саюзным цэнтрам» у бядзе жыхароў чарнобыльскіх раёнаў.) Не хаваючы задавальненьня вынікам рэфэрэндуму («здаровы сэнс перамог»), аўтар нібыта наіўна дзівіцца, «што заява Кабінэту міністраў пра павышэньне розьнічных коштаў чамусьці робіцца менавіта на другі дзень пасьля рэфэрэндуму, а не за дзень да яго альбо хаця б на дзень пазьней». Але, «тым ня менш, мы аптымісты... калі яшчэ заўважаем вясну і прыгажосьць вакол сябе...» Ілюстраваўся гэты аптымізм фотаздымкам кабет у міні-спадніцах.

У рэпартажы былі скарыстаныя прыёмы, якія надоўга ўвойдуць у арсэнал афіцыйнай прапаганды — перакручваньне фактаў, абвінавачваньне апанэнтаў улады ў тым, што яны не рабілі і не казалі, замоўчваньне, нарэшце — выбар невыгоднага для апанэнта фотаракурсу.

Такіх публікацый у афіцыйных газэтах накладам у сто, дзьвесьце тысяч, пяцьсот тысяч экзэмпляраў у дні рэфэрэндуму былі дзясяткі.

І гэта дало падставы Юрыю Дракахрусту адразу пасьля галасаваньня зрабіць у «Навінах БНФ» выснову:

Рэфэрэндум ня быў рэфэрэндумам па сваёй сутнасьці. Па ўсіх прыкметах гэта была хутчэй шырокамаштабная прапагандысцкая акцыя

«Рэфэрэндум ня быў рэфэрэндумам па сваёй сутнасьці. Па ўсіх прыкметах гэта была хутчэй шырокамаштабная прапагандысцкая акцыя... Пэўна ж, можна весьці гаворку пра ўплыў сапраўды татальнае і вытанчанае камуністычнае прапаганды, якая надзвычай удала выкарыстала асаблівасьці масавае сьвядомасьці ў Беларусі... Галоўная з такіх асаблівасьцяў — адсутнасьць альтэрнатывы саюзу ў масавай сьвядомасьці беларускага жыхарства. Гэта ня значыць, што яе няма ў прыродзе — гэта значыць, што яе няма ў сьвядомасьці значнае колькасьці людзей».

Праўда, колькасьць такіх людзей (не без удзелу БНФ) рабілася ўсё меншай.

На другі дзень пасьля рэфэрэндуму, на якім, як заявілі яго ініцыятары, савецкі народ сказаў «так» «абноўленай фэдэрацыі раўнапраўных сувэрэнных рэспублік, у якой будуць у поўнай меры гарантавацца правы і свабоды чалавека», — уступіў у сілу закон «Аб савецкай міліцыі», які дазваляў міліцыянтам «ужываць кайданкі, гумовыя палкі, сьлезацечныя рэчывы».

Камуністы ў Вярхоўным Савеце радаваліся — і вынікам рэфэрэндуму, і новаму міліцэйскаму закону.

Да красавіцкай раніцы, калі на плошчы перад Домам ураду сабраліся больш за сто тысяч рабочых з патрабаваньнем вываду камітэтаў КПБ-КПСС з прадпрыемстваў, адстаўкі пракамуністычнага Вярхоўнага Савету і новых выбараў на шматпартыйнай падставе, заставалася два тыдні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG