Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто ў Беларусі эліта


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

«Ыліта» – часам вымаўляюць з сарказмам некаторыя мае суразмоўцы, калі гаворка заходзіць на тэмы, зьвязаныя з «простым народам».

«У нас з простага народу не жартуюць», – кажа знаёмец, які жыве ў Гішпаніі. Пасьля высьвятляецца, што пад «простым народам» там маюцца на ўвазе «найніжэйшыя слаі грамадзтва». У Гішпаніі, дзе за стагодзьдзі сфармаваліся сем'і спадкаемных арыстакратаў ды буржуа. Дзе не было ГУЛАГу. Найніжэйшыя слаі там, гэта прыблізна як у Беларусі бамжы. Хто сьцябецца з бамжоў? Ніхто. А вось, напрыклад, арышт Юрыя Чыжа выклікаў у сеціве мноства жартаў.

А як бы зваўся ў Гішпаніі Юры Чыж? Думаю, элітай. Бізнэс-элітай, «блізкай да каралеўскай сям’і».

Калі накласьці гішпанскую матрыцу на Беларусь, атрымаецца, што тут эліта ня толькі Юры Чыж. «Выбіўся ва ўмовах вольнага рынку!» – з захапленьнем скажа гішпанец. Гэта і Міхаіл Мясьніковіч, які з адукацыяй Берасьцейскага інжынэрна-будаўнічага інстытуту змог узначаліць Акадэмію Навук. «Выбітны навуковец», – канстатуе гішпанец. Гэта і генэрал-пісьменьнік Мікалай Чаргінец, які ўзначальвае літаратарскую грамадзкую арганізацыю, фінансаваную за грошы падаткаплатнікаў. «Выбітны пісьменьнік», – рэзюмуе гішпанец.

Іншы скажа штосьці кшталту: вось вы сьмеяцеся з Чыжа, Мясьніковіча і Чаргінца. Але яны, дзякуючы сваім уменьням, дасягнулі вялікага становішча. З «простага народу» выбіліся ў эліту. «Так, так», – падтрымае гішпанец.

Давайце тады матрыцу сучаснай РБ прымераем да Гішпаніі. «Хуан, на цібе кусок рынка, с цібя такі-та працэнт», «Базыль, перакідываю цібя з камунальнава хазяйства ў міністры культуры», «Мікаэль, асвабаждаю цібя ад дзераваабработкі, нада заткнуць брэш на навучным фронце», «Анхела, будзеш дзенгі мае счытаць».

У Беларусі падзел не на простых і няпростых. Падзел у галовах паводле абранай сыстэмы жыцьцёвых прыярытэтаў.

У тэорыі элітаў ёсьць альтымэтрычны падыход, калі прыналежнасьць да эліты вызначае не інтэлект і маральна-этычныя якасьці, а рэальная ўлада.

І аксіялягічны падыход, дзе паняцьце «эліта» адпавядае перакладу слова з лаціны – «лепшы». Інтэлект, талент, здольнасьці, кампэтэнтнасьць.

Калі браць існую ў РБ мадэль, то не падыходзяць абодва варыянты.

Ну вось Міхаіл Мясьніковіч – ці не адзіны апаратчык са старой савецкай гвардыі, якога ані разу не «ператрахівалі». Ён застрахаваны ад таго, што заўтра не апынецца ў адной камэры з Юрыем Чыжом? Не застрахаваны. Значыць рэальнай уладай не валодае.

Інтэлект, талент, здольнасьці, кампэтэнтнасьць стваральнікаў дадатку «MSQRD» дапамаглі ім ў Беларусі? Не, у Брытаніі. Гэта яны могуць усьміхнуцца словам «ыліта», гледзячы, як тысячы гульцоў імкнуцца ўпісацца ў дзяржаўную сыстэму сучаснай РБ, каб урэшце ў сталым ўзросьце атрымаць шчаўчок па носе – прайграць.

На мой погляд, сёньня ў Беларусі прыналежнасьць да эліты вызначаецца здольнасьцю жыць і ствараць паралельна, альбо насуперак сыстэме, што склалася. Гэта можа быць чалавек якой заўгодна прафэсіі і сацыяльнага становішча: ад земляроба да акадэміка. Менавіта гэтыя людзі куюць сёньня будучыню Беларусі, у якой прыстасаванцы ўжо ня змогуць кардынальна ўплываць на лёс краіны.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG