Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня 15 сакавіка: канстытуцыя як бомба, дзень правоў спажыўца, маладыя паэткі ў дзядзькі Якуба


Падзеі гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Дзень Канстытуцыі (1994) будзе прыгаданы шэрагам афіцыйных урачыстых акцый. Адна зь іх пройдзе ў Савеце Рэспублікі. 14-гадовым беларусам будуць уручаць пашпарты.

Капыльскі актывіст Віктар Дашкевіч атрымаў дазвол правесьці пікет да Дня Канстытуцыі, на якім зьбіраецца заклікаць Лукашэнку, каб сыходзіў. Міліцыянты ўжо налічылі заяўніку за ахову мітынгу больш як мільён рублёў. (Капыль, сквэр па вуліцы Партызанскай, пачатак аб 11-й).

З нагоды Сусьветнага дня спажыўца пройдзе анлайн відэа-брыфінг Ганны Сушы — старшыні Беларускага таварыства абароны правоў спажыўцоў. Тэма гэтага году — здаровае харчаваньне, або як пазьбегнуць антыбіётыкаў у мэню. Пачатак аб 11-й.

У судзе Цэнтральнага раёну Менску будуць судзіць Анатоля Лябедзьку і Ўладзіміра Мацкевіча за падтрымку акцый прадпрымальнікаў.

На курсах Дыдждэяў адраджэньня Павел Севярынец праводзіць чарговыя заняткі на тэму «Пакліканьне і ініцыятыва»: як разгарнуць свой праект у беларускім руху. (Арт-сядзіба, пр. Незалежнасьці 58-430, пачатак а18-й).

Дзяржаўны літаратурна-мэмарыяльны музей Якуба Коласа запрашае на паэтычна-музычную вечарыну «Міжмоўе» у межах музэйнага праекту «Кватэрнік у дзядзькі Якуба». Гэтым разам гасьцямі Дома песьняра стануць дзьве маладыя паэтэсы — Кацярына Ваданосава і Хрысьціна Скрыган, якія шмат гадоў ствараюць разам музыку і песьні. (Менск, Акадэмічная, 5, пачатак а 19-й).


У Гародні прэзэнтацыя кнігі " Літва-Беларусь. Гістарычныя выведы«. Кніга прысьвечаная гісторыі этноніма «Літва» і пытаньню этнічнай прыналежнасьці старажытных ліцвіноў. («Цудоўня», вул. Б.Троіцкая, 14, пачатак у 19:00).


Таксама ў гэты дзень

У 1990 Міхаіла Гарбачова абралі першым прэзыдэнтам СССР.

1994 — Вярхоўны Савет Беларусі прыняў новую Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Пятая па ліку беларуская канстытуцыя ўпершыню ўводзіла прэзыдэнцкую форму дзяржаўнага кіраваньня.
Міжнародны дзень абароны правоў спажыўцоў.

Адзначаецца паводле рашэньня ААН у гадавіну выступу (15 сакавіка 1961 г.) прэзыдэнта ЗША Джона Кэнэдзі ў кангрэсе ЗША, у якім ён абвясьціў чатыры неад’емных правы грамадзян як спажыўцоў: права на бясьпеку, права на выбар, на замену тых ці іншых прадуктаў ці тавараў і права быць пачутым.

Гэты дзень у памяці:

1868 — нарадзіўся Яўген Ляцкі, дасьледчык беларускага фальклёру, аўтар публікацыяў з гісторыі старажытнага пісьменства і, у прыватнасьці, «Слова пра паход Ігаравы».

1930 — у Віцебску нарадзіўся фізык Жарэс Алфёраў, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі 2000 году.

1940 — нарадзілася Ірына Шыкунова, беларуская опэрная сьпявачка, народная артыстка БССР.

Цытата

«Аплядуючы новай Канстытуцыі, большасьць дэпутатаў ці ўсьведамляла, што фактычна нічога новага там не было. Жыхарам рэспублікі была прапанавана, па сутнасьці, старая Канстытуцыя з касмэталягічнымі зьменамі. Нічога адметнага, а тым больш нацыянальнага, ў ёй не было. Канстытуцыя аказалася настолькі абязьлічанай, што пры жаданьні яе можна было выкарыстаць фактычна ў любой краіне. Таму незразумела пазыцыя М.П. Чудакова, які тлумачыць высокую якасьць праекта тым, што пасьля яго першай публікацыі ў сьнежні 1991 г., ён быў сплагіятаваны Туркмэністанам. Сытуацыю, пры якой Канстытуцыю эўрапейскай дзяржавы можна падагнаць пад Туркмэністан альбо бананавую рэспубліку, нармальнай назваць ніяк нельга. Ні ў якім разе не хацелася б ідэалізаваць парлямэнцкую апазыцыію БНФ, але менавіта яна гістарычна мела рацыю, зьвяртаючы ўвагу на недасканаласьць Асноўнага Закона. 15 сакавіка 1994 г. прадстаўнік дэпутацкай групы БНФ С.І. Навумчык параўнаў Канстытуцыю з бомбай, якая рана ці позна ўзарвецца.»

З дасьледаваньня гісторыка Аляксандра Кур’яновіча «Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь: распрацоўка, праекты, прыняцьце (1990-1994)»


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG