Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларус у Анкары: Людзі ўжо ня вераць у 27 забітых


За некалькі гадзін да выбуху. Скрыншот зь відэа, якое здымаў Аляксандар Гойшык.
За некалькі гадзін да выбуху. Скрыншот зь відэа, якое здымаў Аляксандар Гойшык.

Беларус Аляксандар Гойшык падарожнічае ў М’янму, плянуючы праехаць праз паўтара дзясятка краінаў. Цяпер ён знаходзіцца ў Анкары і літаральна некалькі гадзінаў таму быў на месцы, побач зь якім адбыўся выбух з мноствам параненых і забітых.

Гойшык: Гэты раён, Кызылай — вельмі важны транспартны і дзелавы цэнтар гораду. Тут жа знаходзіцца некалькі вулачак для пешых, дзе няма аўтамабільнага руху. У выходны дзень было вельмі шмат людзей — звычайна людзі адпачываюць, гуляюць зь дзеткамі. Там шмат розных буцікаў, крамаў і гэтак далей.

Таксама я бачыў на гэтым месцы некалькі дэманстрацыяў, бо тут жа месьціцца будынак міністэрства адукацыі Турцыі, і, у ім сёньня праходзіла нешта кшталту цэнтралізаванага тэставаньня. Наколькі я зразумеў са словаў мясцовых, гэта такі першы ўступны экзамэн для паступленьня ў мясцовыя ВНУ. Пасьля ўлетку будзе чарговая сэсія гэтых экзамэнаў.

Спачатку людзі, нібы забітыя, ляжалі на зямлі, а потым быў нейкі марш, і я бачыў, як вельмі жорстка гэты марш разганялі.

Сёньня я бачыў некалькі дэманстрацыяў менавіта супраць сучаснай сыстэмы адукацыі Турцыі. Спачатку людзі, нібы забітыя, ляжалі на зямлі, а потым быў нейкі марш, і я бачыў, як вельмі жорстка гэты марш разганялі. Я насамрэч ня ведаю, дзе канкрэтна ў гэтым месцы адбыўся выбух, бо гэты раён даволі вялікі, але наколькі я разумею гэта літаральна за некалькі сотняў мэтраў на бульвары Атацюрка.

РС: А цяпер Вы далёка ад месца, дзе адбыўся выбух?

Ніхто ня верыць у афіцыйныя дадзеныя, якія цяпер падаюцца, бо ў пазамінулы раз афіцыйныя СМІ Турцыі падавалі каля 10-15 загінулых, а ў выніку атрымалася больш за сотню.

Гойшык: Я знаходжуся можа за кілямэтар ад гэтага месца. Літаральна гадзіну таму я даведаўся пра гэта. Адразу мне ўсе, хто мог, напісалі, патэлефанавалі. Дзякуй Богу, са мной ўсё добра. Наколькі я бачу рэакцыю мясцовых, усе ўжо на жаль да гэтага нібы прызвычаіліся. Гэта ўжо трэці раз. Ніхто ня верыць у афіцыйныя дадзеныя, якія цяпер падаюцца, бо ў пазамінулы раз афіцыйныя СМІ Турцыі падавалі каля 10-15 загінулых, а ў выніку атрымалася больш за сотню. Таму калі цяпер кажуць пра 27 забітых, людзі ўжо ня вераць. Усе стараюцца перадаваць інфармацыю з вуснаў у вусны. Я чую, вельмі шмат лётае над горадам верталётаў, што таксама не падабаецца мясцовым. Яны кажуць, што гэта, хутчэй за ўсё, без патрэбы трацяцца грошы. І вельмі нетыпова — тут амаль цэнтар гораду, але вуліцы амаль апусьцелі, практычна нікога няма на вуліцах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG