Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрадэпутат: Крэмль павінен разумець, што справа Саўчанкі ня пройдзе дарма


Пятрас Аўштравічус на пасяджэнні Еўрапарламента, дзе разглядалася справа Саўчанка
Пятрас Аўштравічус на пасяджэнні Еўрапарламента, дзе разглядалася справа Саўчанка

Дэпутаты Эўрапарлямэнту заклікалі Эўразьвяз увесьці пэрсанальныя санкцыі супраць прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна і яшчэ 28 чалавек, якія маюць дачыненьне да незаконных дзеяньняў адносна ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанкі.

57 дэпутатаў накіравалі зварот Вярхоўнаму прадстаўніку ЭЗ па зьнешняй палітыцы Фэдэрыцы Магерыні.

Акрамя Пуціна, дэпутаты Эўрапарлямэнту просяць уключыць у санкцыйны сьпіс кіраўніка ФСБ Расеі Аляксандра Бортнікава, старшыню Сьледчага камітэту Расеі Аляксандра Бастрыкіна і некалькіх яго падначаленых, кіраўніка камітэту Дзярждумы па міжнародных справах Аляксея Пушкова, а таксама пракурораў, судзьдзяў і іншых чыноўнікаў, якія маюць дачыненьне да фальсыфікацыі матэрыялаў справы Саўчанкі, яе незаконнага затрыманьня, арышту і вылучэньня сфабрыкаваных абвінавачваньняў у забойстве і незаконным перасячэньні мяжы.

Меркаваныя санкцыі ўключаюць забарону на ўезд у ЭЗ і блякаваньне банкаўскіх рахункаў і актываў на тэрыторыі Эўразьвязу.

Ініцыятар звароту — дэпутат Эўрапарлямэнту ад Літвы Пятрас Аўштравічус, намесьнік старшыні групы «Альянс лібэралаў і дэмакратаў за Эўропу».

Дэпутат лічыць слабой рэакцыю сусьветнай супольнасьці на справу Саўчанкі:

«Міжнародная супольнасьць і многія заходнія інстытуцыі, здавалася б, робяць шмат для справы Саўчанкі і жыцьця Надзі, але гэта не аказвае вялікага ўплыву на расейскі бок. Таму я думаю, асабліва бачачы гэтую сухую галадоўку, якую яна цяпер, праўда, спыніла, але яна вельмі слабая фізычна і выматаная маральна, самыя высокія гуманітарныя меркаваньні павінны прымацца пад увагу, каб пастарацца яе вызваліць».

Крэмль павінен разумець, што гэта ня пройдзе дарма.

Па словах Аўштравічуса, «Крэмль павінен разумець, што гэта ня пройдзе дарма». Хоць гэта можа азначаць радыкальнае ўзмацненьне жорсткасьці адносінаў паміж Эўропай і Расеяй.

«Мы можам уявіць, як гэта расцэніць спадар Пуцін. Але хіба мы можам цяперашні стан адносінаў вызначыць як нармальны і канструктыўны? Я думаю, гэта можа паўплываць, але, па сутнасьці, мы знаходзімся ў такой зоне напружанасьці. І гэта быў бы, напэўна, штуршок, каб некаторыя крокі былі перагледжаныя з боку Пуціна», — лічыць ён.

У звароце да спадарыні Магерыні згадваецца таксама пра блякаваньне банкаўскіх рахункаў і актываў прадстаўнікоў расейскай палітычнай эліты.

«Мы ўвесь час чуем, што расейская палітычная эліта, нават эліта праваахоўных органаў, мае такія актывы. Яны багатыя людзі, у іх, напэўна, мэта — у летні ды і ў іншы час быць дзе-небудзь на Захадзе, жыць выдатным жыцьцём. Гэтыя абмежаваньні не дазволяць эліце карыстацца сваімі грашыма, як яна хоча. Яна ўсё-ткі ўзбагачаецца за кошт расейскіх людзей, расейскай дзяржавы. Гэта калі-небудзь прывядзе, напэўна, да таго, што расейскае грамадзтва спытае Захад, што было зроблена і чаму на гэта не зьвярталі ўвагі. Чым раней мы пачнем гэта рабіць, тым лепш. Спадзяюся, мы яшчэ прымем дадатковыя рашэньні, як вылічыць гэтыя актывы, як зрабіць больш жорсткім кантроль над фінансавымі апэрацыямі ў некаторых краінах Эўразьвязу. Ня ўсе яны, дарэчы, ужываюць жорсткі кантроль. Тут справа нават больш сур’ёзная, чым адна гісторыя Надзі Саўчанкі», — лічыць Аўштравічус.

Цалкам матэрыял чытаць на сайце расейскай службы Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG