Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Жыцьцё наша дало расколіну і стала падобнае на Беларусь» , — бабруйскія прадпрымальнікі пра свае пэрспэктывы


Пасьля двух месяцаў прастою ў Бабруйску пакрысе ажывае мясцовы Цэнтральны рынак. Прадпрымальнікі наважваюцца выходзіць на свае працоўныя месцы.

Пэўнасьці аднак у сваёй будучыні ў іх няма. Некаторыя заяўляюць: як распрададуцца, зьедуць зь Беларусі. Некаторыя ж даводзяць, што дзявацца ім няма куды, таму працягнуць гандляваць. І тых і другіх яднае адзіная праблема: у пакупнікоў няма грошы на іхны тавар.

На рынку пакупнікоў няшмат. Зачыненых павільёнаў пакуль нямала, як і не запоўненых пляцовак, на якіх раней выстаўляліся палаткі з таварам. Гандляры ў чаканьні пакупнікоў бавяць час гутаркамі між сабою, ці знаходзяць іншыя заняткі, напрыклад, гуляюць у карты.

Цэнтральны ўваход на цэнтральны рынак Бабруйска. Звыклай пакупніцкай цісканіны няма
Цэнтральны ўваход на цэнтральны рынак Бабруйска. Звыклай пакупніцкай цісканіны няма

«Самая вялікая для нас праблема: у нашых пакупнікоў няма грошы. Нашы пакупнікі — гэта людзі, якія ня ходзяць у крамы па адзежу і абутак. Там значна даражэйшы тавар за наш», — апавядае пра сытуацыю з гандлем адна з бабруйскіх прадпрымальніц. Яна аднавіла працу некалькі дзён таму.

«Пасьля ўступленьня ў сілу 222 указу зусім зьмізарнеў выбар тавару. Ён аднатыпны, але ўсё адно прывазны, — прызнаецца суразмоўніца. —У мяне таксама прывазны, з адной расейскай фірмы, якая забясьпечвае тавар суправаджальнымі дакумэнтамі. Беларускі тавар, пасьля усіх працэдураў афармленьня, становіцца задарагім для нашых пакупнікоў. Яго не бяруць».

Прадпрымальніца зазначае, што не зьбіраецца кідаць гандлю, бо ісьці з рынку няма куды.

«Цяпер жа нікуды не ўладкавацца, а знойдзеш працу, дык за заробак у два мільёны як жыць, — кажа яна. — За кватэру заплаці, а потым сядзі галадай. Колькі на рынку цяпер можна будзе зарабіць, невядома. Мо і нічога, але гэта адзінае, што ёсьць у мяне».

Пацярпелі і дробныя прадпрымальнікі і іх пакупнікі

Наступная суразмоўніца гутарку з журналістам пачала зь цяжкасьцяў, якія прынёс з сабою 222 указ. У Расеі, адкуль прывозіцца тавар, заўважыла яна, не даюць патрэбную дакумэнтацыю для продажу ў Беларусі. Бізнэсоўка зазначае: прывезены ёю тавар, як і належыць сэртыфікаваны, але цяпер ён даражэйшы на 30-40 працэнтаў.

«Мо і патрэбна было ўводзіць гэтую сэртыфікацыю, але час абраны ня той. У краіне заўважныя эканамічныя цяжкасьці. Беларусы бяднеюць», — заўважае яна.

Няшмат пакупнікоў і на самім рынку
Няшмат пакупнікоў і на самім рынку

«Многія мае калегі сыходзяць з рынку. Тыя, каму няма куды падзецца пакрысе працягваюць працаваць, — дадае яна. — Той хто выходзіць на працу, дык падстрахоўвацца, шукае дакумэнты. З дакумэнтамі тавар, зразумела, даражэйшым выходзіць. Але пакупніцкая актыўнасьць упала. Заробкі зьменшыліся. Мы, вось, тыдзень працуем і ў будні нічога не прадаецца. Зрэдку, хто што купіць у выхадныя».

На пытаньне, ці можна было прадпрымальнікам абараніцца ад 222 указу, суразмоўніца адказала: «Мы намагаліся дамовіцца з уладай, але нам насустрач яна не пайшла, ці пакуль не пайшла. Навошта наагул патрэбны быў гэты ўказ? Мо тыя, хто ва ўладзе не разумеюць, што адбываецца тут, у простых людзей. Хацела, як ім падавалася, каб лепей было, а выйшла наадварот. Пацярпелі і дробныя прадпрымальнікі і іх пакупнікі».

Гандлююць пакуль на хлеб хапае

Мы зьбіраемся зьяжджаць зь Беларусі, заяўляе наступная прадпрымальніца з бабруйскага рынку. У такіх умовах, якія склаліся пасьля 222 указу, лічыць яна, працаваць немагчыма.

«Мы прадаём тое, што ёсьць. Нічога больш не прывозім. Усё распрадаём, каб пазбыцца тавару. Плянуем перабрацца ў Расею і не абавязкова індывідуальнымі прадпрымальнікамі. Тут людзі зьбяднелі ўшчэнт. Нашых пакупнікоў пазбавілі выбару: дзе ім адзявацца і абувацца. Ім патрэбны абутак за 250-300 тысяч, а дзе цяпер такі тавар узяць. За мільён рублёў з заробкам у два мільёны мала хто купіць абутак», — зазначае суразмоўніца.

У праходах між павільёнамі зусім бязьлюдна. Ні пакупнікоў, ні прадаўцоў
У праходах між павільёнамі зусім бязьлюдна. Ні пакупнікоў, ні прадаўцоў

Паводле яе, прэзыдэнцкі ўказ быў патрэбны невялікай групе людзей, якія, як яна выказваецца, «хацелі наесца». Улада довады дробных бізнэсоўцаў не захацела слухаць і вялікую пласт актыўных людзей апынуўся на мяжы выжываньня:

«У мяне было два месцы для гандлю. Ад аднаго я адмовілася. Маючы выручку за адну прададзеную пару абутку, месца не ўтрымаеш. Людзі ж абяднелі. Многія мясцовыя гандляры тут працуюць пакуль ня знойдуць сябе іншага занятку. Пакуль на хлеб хапае. Многія ў Бабруйску жывуць гэтак: „Муж на заробках у Расеі, а жонка тут глядзіць дзяцей“. Моладзь са здольнасьцямі зьедзе адсюль. Пэрспэктываў тут ніякіх», — прагназуе прадпрымальніца.

На многіх таварах — шыльда «Распродаж»
На многіх таварах — шыльда «Распродаж»

Вонкава бальшыня гандляроў на бабруйскім рынку — жанчыны. Пытаньне зь якім настроем сустрэнуць сёлета Міжнародны жаночы дзень, успрымалася гандляркамі, як зьдзек. Гэтага ня ўтойвалі ад журналіста. «Плачучы, бо такога ніколі не было яшчэ, каб пакупнікоў не было і праблемы з усіх бакоў», — не хавалі жанчыны.

У любым бізнэсе ёсьць свой 222 указ

Гандляры мужчыны да сытуацыі на рынку і продажу тавару ставіліся менш эмацыйна, чым жанчыны, але гэтак жа асуджана.

«Жыцьцё наша дало расколіну і стала падобнае на Беларусь», — іранічна ахарактарызаваў сытуацыю з дробнымі прадпрымальнікамі адзін з гандляроў- мужчын:

«У Беларусі сярэдні заробак блізу пяці мільёнаў. А ў рэальнасьці ў Бабруйску ён не дацягвае да трох. Улады вылічваюць сярэдні заробак простага чалавека дадаюць да яго чыноўніцкі і выходзіць: чыноўнікі ядуць мяса, а мы, просты люд, капусту, а разам ядзім — галубцы», — вобразна, каб зразумеў сытуацыю са стаўленьнем чыноўнікаў да патрэбаў простых людзей, выказаўся суразмоўца.

Пытаньне ж ня толькі ў 222 указе, выказаў меркаваньне яшчэ адзін бізнэсовец з бабруйскага рынку. " У нас такая палітыка дзяржавы«, — зазначыў ён.

«Аляксандар Рыгоравіч умысьля, ці не, робіць усё, каб людзі станавіліся рабамі. Працавалі задарма. Усё што ёсьць у людзей дзяржава намагаецца забраць. Не дае жыцьця. Гэта ж ня толькі тычыцца прадпрымальнікаў на рынках. Такая сытуацыя паўсюдна. У любым бізнэсе ёсьць свой 222 указ, — даводзіць сваё разуменьне сытуацыі суразмоўца. — Вы на цэнтральным рынку Бабруйска знаходзіцеся. Зьвярніце ўвагу пакупнікоў амаль няма. Нават харчы і тыя мала купляюць цяпер. У людзей няма грошы».

Бабруйцы выхваляцца сваім заможным мінулым. Нават сымбаль горада — бабра — багата апранулі. Бабёр нібы запрашае на рынак. Выяву паставілі насупраць базару. Але пакупнікоў аднымі запрашэньнямі завабіш.
Бабруйцы выхваляцца сваім заможным мінулым. Нават сымбаль горада — бабра — багата апранулі. Бабёр нібы запрашае на рынак. Выяву паставілі насупраць базару. Але пакупнікоў аднымі запрашэньнямі завабіш.

Паводле прадпрымальніка, цяжка вызначыць хто зь яго калегаў кінуў гандаль. Ён заўважае: нехта сыходзіць, а нехта прыходзіць, аднак пэўнасьці, што будзе заўтра ніхто не мае.

Згодна з 222 указам, прадпрымальнікі могуць гандляваць таварамі лёгкай прамысловасьці, завезенымі з-за мяжы, толькі пры наяўнасьці дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць якасьць і паходжаньне тавараў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG