Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Стары Ольса» за тыдзень сабраў $7000 на альбом сярэднявечных рок-гітоў


Збор грошай будзе працягвацца яшчэ 22 дні — калі атрымаецца сабраць болей, «Ольсы» паляцяць з канцэртамі за акіян.

Беларускі гурт сярэднявечнай музыкі «Стары Ольса» сабраў на сэрвісу Kickstarter больш за сем тысяч даляраў, неабходных на выданьне альбому. У альбом маюць увайсьці клясычныя рок-гіты Metallica, Nirvana, Beatles, Pink Floyd, Deep Purple і Red Hot Chili Peppers у сярэднявечнай апрацоўцы.

Збор грошай будзе працягвацца яшчэ 22 дні. Па-ранейшаму за $10 можна набыць лічбавую вэрсію альбома, за $20 — альбом на плытцы, за большыя сумы — у дадатак торбу, цішотку і іншыя сувэніры, а за $1000 — замовіць у гурту эксклюзіўны кавэр на песьню па сваім выбары.

Да ставак нядаўна дадалася прапанова за $200 — разам з альбомам можна атрымаць нотны зборнік сярэднявечных беларускіх мэлёдыяў з нотамі і акордамі для гітары, які ўручную зрабіла музыка гурту Марыя Шарый.

«Па-першае, хочам зрабіць тое, што абяцалі, а па-другое, ёсьць некаторыя запрашэньні з-за мяжы, таму думаю, што даедзем да Злучаных Штатаў, — распавядае Свабодзе Марыя пра пляны на выпадак, калі зьбярэцца значна больш за сем тысяч. — Хацелася б, каб гэта была сэрыя канцэртаў. Ёсьць ужо некалькі прапановаў на выступ, і запрашэньні не на кавэры, а на асноўную нашую творчасьць, але, на жаль, так проста мы ня можам сабе дазволіць такое дарагое падарожжа на ўвесь гурт з экстра-багажом, таму гэта нашая адзіная надзея абвесьціць тур і канцэрты там».

На асобнай старонцы Kickstarter бачна, што гурт падтрымлівалі ня толькі і ня столькі зь Беларусі — грошы ўнесьлі больш за сотню амэрыканцаў, два дзясяткі брытанцаў, канадцы, аўстралійцы, немцы і іншыя.

Да «Старога Ольсы» на Kickstarter мелі посьпех толькі чатыры беларускія краўдфандынгавыя праекты: відэагульні «Legends of Eisenwald», «Basement» і «This Is the Police», а таксама беларуска-амэрыканскі тэатральны праект «Finding Belovezhskaya Pushcha», яшчэ 9 праектаў не сабралі неабходную суму.

«Любы посьпех любой кампаніі, будзь то культурніцкая, грамадзкая ці яшчэ якая, гэта найперш піяр, — тлумачыць Марыя. — Гэта не такія лёгкія грошы, як многім здаецца. Трэба быць гатовым да цяжкай працы да праекту, падчас і пасьля. Гэта праца ўсяго гурту дзень і ноч, калі хочаш мець посьпех. Трэба кожны дзень нагадваць пра сябе, выкарыстоўваць усе магчымасьці, і тэхнічныя, і чалавечыя рэсурсы, падключаць усіх, каб дагрукацца да людзей, распаўсюдзіць інфармацыю як мага хутчэй і далей. Вельмі важная падтрымка СМІ на самым пачатку праекту, а ня толькі пасьля пасьпяховага завяршэньня. Канешне, яшчэ трэба мець добрую ідэю і разумець аўдыторыю. Таксама вельмі моцна хацець, бачыць, ці гэта патрэбна, і ведаць, як ты гэта хочаш зрабіць».

Ранейшыя пляны гурту што да творчасьці не мяняюцца: пасьля альбому рок-кавэраў гурт ня кіне ранейшую творчасьць з сапраўднай сярэднявечнай музыкай Эўропы і Беларусі. У бліжэйшы час пачуць «Ольсаў» нажывую можна будзе ў менскім Тэатры эстрады 15 красавіка, дзе гурт прэзэнтуе новы канцэртны альбом сярэднявечнай музыкі «Кола рыцэрска».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG