Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Šuma запісала танцавальнае «Сонца»


Пакуль прэзэнтаваны толькі кароткі прэв’ю-запіс, жывая прэзэнтацыя — 30 красавіка.

Беларускі гурт Šuma, які камбінуе этнічныя сьпевы з сучаснай электроннай музыкай, прадставіў прэв’ю новага альбому «Сонца». Хоць ніводнага поўнага трэку да выхаду альбому ня выставілі онлайн, дзьвюххвілінны запіс на Soundcloud дазваляе ацаніць гучаньне «Сонца».

​«Ён яшчэ не гатовы, на дадзены момант гатова 90% альбому, мусім падрыхтаваць да выданьня, — распавядае Свабодзе вакалістка Šuma Руся. — А будзе гатовы 31 сакавіка, прэзэнтацыя адбудзецца ў прасторы „Корпус-8“ 30 красавіка. З выданьнем дыскаў мы вырашылі пытаньне, але хацелі б зрабіць класнае вінілавае выданьне і шукаем спонсара. Мо знойдзецца які мэцэнат ці група людзей, якія хацелі бы дапамагчы, гэта тры тысячы эўра каштуе. Гэта яшчэ адзін крок наперад у беларускай музыцы».

Папярэдні альбом «Жніво» быў выдадзены толькі восем месяцаў таму. У ім спалучаліся ў трансавыя мэлёдыі, народныя сьпевы, дабстэп, эмбіэнт і разнастайныя электронныя экспэрымэнты. Пра альбом гурт кажа як пра танцавальны, клюбны, далікатны і мінімалістычны. Руся тлумачыць:

Збольшага натхняліся народнымі сьпевамі.

«У першым альбоме былі больш сінэматычныя музычныя палотны, была вельмі шматпластовая аранжыроўка, адмысловы саўнд-дызайн, было нешта магічнае, нібыта ты ў казку трапіў ці кіно паглядзеў. А ў другім альбоме дакладна танцавальная музыка, агульны стыль — deep house, але ёсьць элемэнты bass music, garage, розныя спалучэньні стыляў. І калі раней выконвалі песьні, не кранаючы арыгінальную мэлёдыку, то тут збольшага натхняліся народнымі сьпевамі. Выкарыстоўвалі фрагмэнт сьпеву ці фрагмэнт мэлёдыі, ці сьмела мянялі мэлёдыку».

Šuma — далёка ня першы ў Беларусі гурт, які спалучае этна і электронную альбо танцавальную музыку. Яшчэ з 1990-х можна прыгадаць праект Kriwi, экспэрымэнты «Палаца» і «Тройцы». Але ці слухаюць такую музыку самі беларусы і ці стане яна запатрабаванай за межамі краіны?

Усё болей прадусараў карыстаюцца менавіта сэмпламі этнічных сьпеваў.

«Попыт ёсьць. Калі зьвернеце ўвагу на рынку электроннай музыкі, заўважыце, што ўсё болей прадусараў карыстаюцца менавіта сэмпламі этнічных сьпеваў, ці ўсходнімі, ці індыйскімі, бразільскімі, афрыканскімі... Гэта на хвалі. А танцавальная музыка ў сучаснай клюбнай культуры заўсёды мае попыт. І мы самі зьяўляемся спажыўцамі сучаснай электроннай музыкі, самі ходзім па клюбах, танчым з задавальненьнем. Таму і вырашылі зрабіць больш сучасны, больш клюбны альбом, каб гэта было цікава і эўрапейскім клюбам таксама».

Папярэдні альбом Šuma разам зь іншымі гуртамі і выканаўцамі цэлую ноч прэзэнтавала ў бары «Хуліган», які нярэдка называюць «хіпстэрскім». Ці сапраўды хіпстэры ўпадабалі музыку Šuma? Ці на канцэрты Šuma ходзяць толькі «беларусафілы-адраджэнцы»?

Адначасова прыходзяць проста ўхапіць беларускай мовы.

«Гэта розныя людзі, мы знайшлі спалучэньне, якое можа быць цікавае рознай аўдыторыі. Хіпстэры, як вы кажаце, ходзяць, каб пад модную музычку патанчыць, клюбныя гулякі — каб паглядзець, што там з клюбнай музыкай адбываецца, беларусы каштуюць беларускі элемэнт. Адначасова прыходзяць проста ўхапіць беларускай мовы, бо шмат людзей ёй шчыра захапляецца, а такія людзі наўрад ці слухаюць электронную музыку — для іх гэта нагода даведацца пра нешта новае, нешта для сябе адкрыць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG