Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клінтан і Трамп атрымалі перамогу на праймэрыз «супэраўторка»


Зьлева направа: Марка Рубіё, Бэрні Сандэрс, Дональд Трамп, Гілары Клінтан, Тэд Круз - прэтэндэнты на намінацыю кандыдата ў прэзыдэнты ЗША
Зьлева направа: Марка Рубіё, Бэрні Сандэрс, Дональд Трамп, Гілары Клінтан, Тэд Круз - прэтэндэнты на намінацыю кандыдата ў прэзыдэнты ЗША

У 11 штатах вырашаўся лёс амаль чвэрці дэлегатаў, якія будуць прымаць рашэньні на партыйных зьездах.

Дэмакрат Гілары Клінтан і рэспубліканец Дональд Трамп умацавалі свае лідэрскія пазыцыі ў прэзыдэнцкай перадвыбарнай гонцы па выніках галасаваньня ў «супэраўторак», атрымаўшы перамогу ў шэрагу ключавых штатаў і пакінуўшы сваіх супернікаў далёка ззаду.

Былога дзяржсакратара ЗША падтрымалі дэмакраты ў шасьці паўднёвых штатах — Тэнэсі, Алабаме, Джорджыі, Арканзасе, Вірджыніі і Тэхасе, а таксама ў паўночна-ўсходнім Масачусэцы.

Сэнатар ад штата Вэрмонт Бэрні Сандэрс атрымаў перамогі ў чатырох — у сваім родным Вэрмонце, Аклахоме, Мінэсоце і Каларада.

Мільярдэр Дональд Трамп перамог у Джорджыі, Алабаме, Масачусэцы, Вірджыніі, Тэнэсі і Арканзасе, яшчэ больш умацаваўшы свой статус лідэра ў гонцы за намінацыю ад Рэспубліканскай партыі.

Сэнатар Тэд Круз здолеў абыйсьці Трампа ў сваім родным Тэхасе і ў Аклахоме.

Cэнатар Марка Рубіё атрымаў толькі адну перамогу — у штаце Мінэсота.

Выступаючы перад выбарцамі пасьля абвяшчэньня вынікаў галасаваньня, Трамп заявіў, што ён упэўнены, што зможа пераадолець унутрыпартыйныя рознагалосьсі пасьля заканчэньня першасных выбараў.

«Я аб’яднальнік, — сказаў ён. — Калі ўсё гэта завершыцца, агонь крытыкі будзе накіраваны толькі на аднаго чалавека — Гілары Клінтан».

Клінтан сьвяткуе перамогу

На сустрэчы з выбарцамі ў Флёрыдзе ўвечары першага сакавіка Гілары Клінтан падкрэсьліла, што яе праца яшчэ ня скончаная:

Гэтая краіна належыць усім нам, а ня толькі тым, хто на самым версе.

«Мы будзем змагацца за кожны голас, мы маем патрэбу ў тым, каб вы працягвалі вашу валянтэрскую працу — усё, што вы можаце зрабіць, вашыя размовы зь сябрамі і суседзямі — таму што гэтая краіна належыць усім нам, а ня толькі тым, хто на самым версе».

Дэмакратычны кандыдат таксама згадала сваіх супернікаў-рэспубліканцаў: «Амэрыка ніколі не пераставала быць вялікай, мы павінны яе ўмацаваць». Клінтан дадала, што ўзровень рыторыкі рэспубліканцаў да гэтых выбараў «ніколі ня быў настолькі нізкім».

Сандэрс не губляе аптымізму

Выступаючы перад выбарцамі ў Вэрмонце, Бэрні Сандэрс не губляў аптымізму:

Гэтая кампанія, як вам усім вядома, ня толькі вырашае — хто ж будзе прэзыдэнтам, яна таксама тычыцца пытаньня аб трансфармацыі Амэрыкі.

«Гэтая кампанія, як вам усім вядома, ня толькі вырашае — хто ж будзе прэзыдэнтам, яна таксама тычыцца пытаньня аб трансфармацыі Амэрыкі. Гаворка ідзе пра тое, каб зрабіць нашу вялікую краіну такой, якой яна можа стаць, ведаючы наш патэнцыял».

Сандэрс падкрэсьліў, што дэмакратычныя праймэрыз маюць прапарцыйнае адлюстраваньне ў ліку дэлегатаў, і «да канца гэтага дня мы атрымаем шматлікія сотні галасоў дэлегатаў».

Па выніках так званага «супэраўторка» — найбуйнейшага на сёньняшні дзень мерапрыемства ў рамках прэзыдэнцкай перадвыбарчай кампаніі — будзе вызначана амаль чвэрць выбарцаў, якія прымуць удзел у нацыянальных канвэнцыях сваіх партыяў у ліпені.

Кульмінацыяй перадвыбарчай гонкі стануць лістападаўскія ўсеагульныя выбары, падчас якіх стане зразумела, хто зьменіць на пасадзе прэзыдэнта Абаму, які сыдзе ў адстаўку ў студзені 2017 году.

Што паказвалі прагнозы

Паводле дадзеных апытаньняў грамадзкай думкі, Трамп, які раней ніколі не займаў выбарных пасадаў, мог перамагчы ў 10 з 11 штатаў, дзе праходзіла галасаваньне ў аўторак. Адзінае выключэньне складаў ў прагнозах Тэхас — родны штат аднаго з супернікаў Трампа, сэнатара Тэда Круза, які разьлічваў перамагчы на «хатнім полі».

У горадзе Арлінгтон у Вірджыніі, за межамі выбарчага ўчастка адна з прыхільніц Дэмакратычнай партыі Барбара Бэлоў так патлумачыла карэспандэнту «Голасу Амэрыкі» сваё рашэньне падтрымаць на праймэрыз кандыдатуру сэнатара Бэрні Сандэрса:

«Я галасавала сэрцам. Мне не падабаецца Гілары. Мне яна не падабаецца, і я ёй ня веру. Я думаю, што яна — частка палітычнага істэблішмэнту».

Трамп, Круз і Рубіё — тройка, у якой бясспрэчным лідэрам застаецца Трамп

Для фаварыта рэспубліканскай гонкі Дональда Трампа, які ў мінулым вёў ўласнае тэлешоў, асноўнае значэньне мае ня тое, у колькіх штатах ён выйграе, а тое, зь якім адрывам яму ўдасца апярэдзіць Круза і Рубіё ў кожным асобным штаце, і колькі дэлегатаў яму ўдасца атрымаць у параўнаньні з супернікамі. Правілы разьмеркаваньня дэлегатаў вар’іруюцца ад штату да штату.

У аўторак, калі галасаваньне пачалося, Трамп, які ўжо атрымаў перамогу ў трох штатах з чатырох, заклікаў Рубіё выйсьці зь перадвыбарчай гонкі. Аднак Рубіё абяцаў, што, якія б ні былі вынікі «супэраўторка», ён будзе працягваць барацьбу аж да ліпеньскай канвэнцыі. Ён таксама заявіў, што разьлічвае перамагчы ў сваім родным штаце Флёрыда, дзе галасаваньне пройдзе 15 сакавіка.

Што тычыцца агульнанацыянальных рэйтынгаў, то апублікаванае ў аўторак сумеснае апытаньне NBC News / Survey Monkey паказала, што сярод зарэгістраваных выбарцаў-рэспубліканцаў за Трампа гатовыя галасаваць 40 адсоткаў, за Рубіё — 21 адсотак, а за Круза — 18 адсоткаў. За імі ішлі былы нэўрахірург Бэн Карсан з 8-ю адсоткамі і губэрнатар Агаё Джон Кейсік — зь 7-ю. Паводле дадзеных апублікаванага ў панядзелак апытаньня CNN / ORC, Трамп апярэджваў супернікаў яшчэ мацней: яго падтрымлівалі больш выбарцаў, чым астатніх чатырох кандыдатаў, разам узятых.

Паводле дадзеных апытаньня NBC, у дэмакратаў Клінтан апярэджвала Сандэрса з 51 адсоткам супраць 41-га. Апытаньне CNN паказала менш значную перавагу ў экс-дзяржсакратара.

Напярэдадні галасаваньня Круз папярэджваў, што «паравоз Трампа» немагчыма будзе спыніць, калі ён атрымае буйныя перамогі ў аўторак.

Клінтан і Трамп абменьваюцца зьедлівасьцямі

Клінтан у разьліку на будучую барацьбу з Трампам на ўсеагульных выбарах прынялася крытыкаваць яго і астатніх рэспубліканскіх кандыдатаў, ігнаруючы адзінага суперніка сярод дэмакратаў — Бэрні Сандэрса.

Клінтан: Паводзіны, якія мы бачым у стане рэспубліканцаў, — абразы, зьнявагі, торканьне пальцам — недапушчальныя.

«Паводзіны, якія мы бачым у стане рэспубліканцаў, — абразы, зьнявагі, торканьне пальцам — недапушчальныя», — заявіла Клінтан на сустрэчы з выбарцамі ў панядзелак у Масачусэцы. «Гэта падрывае асновы нашага грамадзтва, таму я зраблю ўсё магчымае, каб наша кампанія пайшла па іншым шляху», — дадала яна.

Выступаючы на сустрэчы з выбарцамі ў штаце Агаё, Дональд Трамп заявіў, што ў Клінтан «няма неабходных сілаў або трываласьці, якія патрабуюцца прэзыдэнту».

Клінтан, у сваю чаргу, заявіла, што Трамп зь яго частымі нападамі на супернікаў «цяпер вядзе перадвыбарчую кампанію, заснаваную на абразах», — што недапушчальна ў прэзыдэнцкай гонцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG