Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі адкрыліся 4 візавыя цэнтры Польшчы


1 сакавіка ў Менску, Берасьці, Гародні і Гомелі адкрыліся польскія візавыя цэнтры. Іх апэратар — кампанія VFS Global. Яна выйграла тэндэр, які праводзіла Міністэрства замежных спраў Польшчы.

У Менску візавы цэнтар адкрыўся ў бізнэс-цэнтры «SV Plaza». Часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі Міхал Хабрас адзначыў, што было вырашана адначасова адкрыць адразу чатыры візавыя цэнтры, таму ў Менску пакуль пайшлі на часовы варыянт, і ў Менску польскія візы пакуль будуць выдавацца ў адным памяшканьні зь літоўскімі:

Міхал Хабрас
Міхал Хабрас

«Гэта часовы прытулак нашага візавага цэнтру. У самы бліжэйшы час цэнтар пераедзе на сталае месца ў гандлёва-забаўляльным цэнтры „Галілеа“, што паміж чыгуначным вакзалам і Цэнтральным аўтавакзалам сталіцы. Проста хацелі як мага хутчэй зрабіць усе паслугі, якія аказвае візавы цэнтар, даступнымі, апэратыўнымі і зручнымі для беларускіх грамадзянаў. Сёньня адкрываюцца адразу чатыры візавыя цэнтры ў Беларусі. Акрамя сталіцы, яшчэ Берасьце, Горадня і Гомель. Наступнымі гарадамі, дзе плянуецца адкрыць польскія візавыя цэнтры, стануць Пінск, Баранавічы, Ліда і Магілёў. Мы ня толькі спадзяёмся, але і перакананыя, што гэта дапаможа зрабіць польскія візы больш даступнымі, задаволіць попыт, які пастаянна расьце, і павялічыць колькасьць візаў, якія выдаюцца грамадзянам Беларусі».

Часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі падкрэсьліў, што з пачаткам працы візавых цэнтраў беларусы змогуць вырашаць, як ім падаваць заяву на візы — самастойна ў консульства Польшчы або празь візавы цэнтар.

Начальнік консульскага аддзелу амбасады Польшчы ў Беларусі Марэк Пэндзіх падкрэсьліў, што галоўная мэта стварэньня візавых цэнтраў у Беларусі — палепшыць умовы падачы дакумэнтаў, візавых заявак, зрабіць працэдуру камфортнай і прыемнай:

Марэк Пэндзіх
Марэк Пэндзіх

"У 2015 годзе польскія консульскія ўстановы ў Беларусі выдалі амаль 400 тысяч візаў. Прычым зь іх 270 тысяч візаў — шматразовыя. Доўгатэрміновых візаў выдадзена на 70% больш. А 25% візаў выдаецца бясплатна. Мы заўсёды рады турыстам зь Беларусі. Сёлета ў Кракаве будуць праводзіцца Ўсясьветныя дні моладзі, так што рыхтуемся да яшчэ большай колькасьці ахвотных атрымаць візы.

Спадзяёмся, што адкрыцьцё візавых цэнтраў у абласных гарадах, у рэгіёнах дазволіць скараціць і выдаткі тых, хто жадае атрымаць візу. Раней гамельчуку ці берасьцейцу даводзілася мінімум два разы прыехаць у сталіцу — падаць дакумэнты і забраць пашпарт зь візай. Цяпер ім будзе прасьцей.

Яшчэ раней мы адкрылі візавыя цэнтры ў Расеі і ва Ўкраіне, і яны вельмі добра сябе зарэкамэндавалі.

Толькі за першыя дзьве гадзіны працы візавы цэнтар у Менску абслужыў 50 кліентаў, да канца дня спадзяюцца прыняць заявы на візы ў 150 чалавек.

Калі запрацуюць усе польскія візавыя цэнтры, яны змогуць прымаць да дзьвюх тысяч заяў у дзень. Збор за паслугі цэнтру — 15 эўра ў эквіваленце ў беларускіх рублях. Тут можна аформіць страхоўку, сфатаграфавацца, зрабіць ксэракопіі дакумэнтаў.

Фотагалерэя ў вялікім памеры тут

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG