Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор патрабуе для актора Купалаўскага тэатру 6 гадоў калёніі


Арцём Бародзіч падчас судовага працэсу. Менск, 23 лютага 2016 году
Арцём Бародзіч падчас судовага працэсу. Менск, 23 лютага 2016 году

У Кастрычніцкім судзе Менску аднавіўся працэс над акторам Купалаўскага тэатру Арцёмам Бародзічам. Пасьля агляду рэчавых доказаў суд перайшоў да судовых спрэчак.

Пракурор запытаў для актора Арцёма Бародзіча 6 гадоў зьняволеньня без канфіскацыі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, паколькі лічыць, што віна падсуднага ў распаўсюдзе марыхуаны была даказаная. Асноўным доказам пракурор лічыць колькасьць знойдзеных у яго наркотыкаў, больш за 20 грамаў, што назваў «значным» памерам. Пракурор выключыў з абвінавачаньня прыкмету ў распаўсюдзе «небясьпечнага наркатычнага рэчыва».

Дакладна ў яго забралі 26 грамаў. Адвакат даводзіць, што гэта была нявысушаная марыхуана, якая лічыцца у вялікім памеры пасьля 1 кіляграму, таму забраныя ў Бародзіча 26 грамаў нельга лічыць значным памерам. Паводле адваката, ён набываў наркотык для ўласнага ўжываньня, а доказаў збыту сьледзтва не прадставіла. Адвакат просіць суд у выпадку прызнаньня Бародзіча вінаватым паводле 328 артыкулу разглядаць адносна яго 1 частку гэтага артыкулу. Але і адносна гэтай часткі — незаконны абарот наркотыкаў — адвакат лічыць віну Бародзіча недаказанай і просіць апраўдаць яго за недаказанасьцю віны.

Арцёма Бародзіча абвінавачваюць у вырабе і распаўсюдзе наркатычных рэчываў. Актор у судзе прызнаў сваю віну толькі часткова: ён прызнаў, што ўжываў наркотыкі, але абаротам і збытам наркотыкаў не займаўся.

Арцёму Бародзічу 34 гады, у Беларускім нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы ён працуе з 2009 году. Грае ў спэктаклях «Пінская шляхта», «Паўлінка», «Людзі на балоце» ды іншых. Да пераезду ў Менск зь Віцебску працаваў акторам у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG