Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тэатар гатовы падставіць плячо». Калектыў Купалаўскага тэатру падтрымлівае Бародзіча


Арцём Бародзіч падчас суду

На судовым працэсе над акторам Купалаўскага тэатру Арцёмам Бародзічам, якога абвінавачваюць у вырабе і распаўсюдзе наркатычных рэчываў, пачаўся допыт сьведак з боку абароны.

Мастацкі кіраўнік тэатру Мікалай Пінігін распавёў суду, што знае Бародзіча з 2009 году. Паводле слоў Пінігіна, ён хутка стаў вядучым акторам. Бародзіч вельмі моцны прафэсіянал, яго складана замяніць — тэатар у ім мае вялікую патрэбу. Дысцыплінарных праблемаў з акторам ніколі не было.

Мікалай Пінінгін
Мікалай Пінінгін

Пінігін заявіў, што гатовы з Бародзічам працаваць і далей, калі гэта магчыма. «Тэатар гатовы падставіць плячо», — падкрэсьліў ён.

Пінігін адзначыў, што акторы — гэта галоўныя людзі ў тэатры, людзі з рухомай псыхікай. А на Бародзіча, паводле слоў мастацкага кіраўніка, яшчэ і вялікая нагрузка, ён удзельнічаў і ва ўрадавых выступах. «За тыя грошы, якія нам плаціць дзяржава, ён бы не працаваў у тэатры, калі б не любіў сваю працу», — дадаў Пінігін.

Сьведка, актор Купалаўскага тэатру Павал Харланчук так ахарактарызаваў Арцёма Бародзіча:

Павал Харланчук
Павал Харланчук

«Гэта адкрыты, прыстойны чалавек, ён адзін зь лепшых актораў свайго пакаленьня. На сцэне сьмелы, ніколі не халтурыць. Калі граў у двух спэктаклях за дзень, усё роўна працуе выдатна».

Актор назваў працу Бародзіча ў спэктаклі «Арт» выдатнай і самаадданай. Паводле слоў Харланчука, у калектыве яго вельмі любяць, што пацьвярджаецца тым, колькі прыйшло актораў у суд. «Мы ўсе ня можам пра гэта забыць, вырашылі прыйсьці і выказаць яму падтрымку», — сказаў ён.

Адвакат пацікавіўся ў сьведкі: а ці можна, на ягоную думку, паверыць Бародзічу, што гэта была памылка? «Так, ён цалкам адэкватны чалавек», — адказаў Харланчук.

Сужыцелька Бародзіча Натальля Саксонава ў судзе пацьвердзіла, што яны чакаюць дзіцяці. «Арцём вельмі добры чалавек, паважліва да мяне ставіцца», — сказала жанчына.

Яна заявіла, што не падазравала, што Бародзіч ужывае наркотыкі. Натальля бачыла ў лядоўні бляшанку з-пад кавы, але не цікавілася, што ў ёй.

Яна таксама паведаміла, што Бародзіч раней падпрацоўваў на будоўлі.Часам у яго бывала вялікая стомленасьць, асабліва пасьля вечаровых спэктакляў.

XS
SM
MD
LG