Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка сёньня чакае Пуціна


Пуцін і Лукашэнка ў Маскве 21 сьнежня 2015 году
Пуцін і Лукашэнка ў Маскве 21 сьнежня 2015 году

25 лютага ў Менску пройдзе пасяджэньне Вышэйшага дзяржаўнага савету там званай Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. Для ўдзелу ў ім у беларускую сталіцу прыбудзе прызыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін. Пра гэта паведамілі прэсавыя службы кіраўнікоў абедзьвюх краінаў.

Парадак дня будзе ўключаць больш за дзясятак пытаньняў. Бальшыня зь іх — так званыя рытуальныя, якія абмяркоўваюцца традыцыйна. Гэта — зацьвярджэньне саюзнага бюджэту на 2016 год і вынікі рэалізацыі бюджэту мінулага году, прыняцьце праграмы зьнешнепалітычнага ўзаемадзеяньня на наступныя два гады і вынікі такой жа праграмы за два папярэднія гады, вынікі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і г. д. Беларусь, як заявіў прэм’ер Андрэй Кабякоў, зробіць усё, каб мерапрыемства стала «штуршком для актывізацыі двухбаковага таваразвароту».

Па выніках 2014 году ў параўнаньні з 2013-м таваразварот зьнізіўся на 5,3%.

А тут, як сьведчыць афіцыйная статыстыка, поўны правал. Па выніках 2014 году ў параўнаньні з 2013-м таваразварот зьнізіўся на 5,3%. Асабліва ад гэтага цярпіць Беларусь. Летась экспарт беларускіх тавараў у Расію абваліўся аж на 31,5%. У выніку і выручка з Расеі зьменшылася больш як на 5 мільярдаў даляраў.

Каб хоць як выправіць сытуацыю, Менску надзвычай патрэбны чарговы расейскі крэдыт. У сакавіку 2015 году Беларусь папрасіла дапамогі ў памеры тры мільярды даляраў. Падчас перамоваў Масква «зьбіла» гэтую суму да двух мільярдаў. Менск спадзяваўся атрымаць грошы да канца 2015 году. На календары ўжо 2016-ты, а крэдыту дагэтуль няма.

Чаму Крэмль не сьпяшаецца падставіць плячо сябрам «па самым прасунутым інтэграцыйным праекце»? Мабыць, адказ на гэтае пытаньне ёсьць у словах намесьніка міністра фінансаў Расеі Сяргея Старчака. Ён заявіў, што Расея ва ўмовах бюджэтных абмежаваньняў у 2016 годзе будзе вымушаная ўзяць паўзу ў выдаваньні новых крэдытаў замежным пазычальнікам:

На сёньняшні дзень, я лічу, шанцаў ва ўраду прыняць рашэньне па прадстаўленьні новых крэдытаў вельмі мала.

«На сёньняшні дзень, я лічу, шанцаў ва ўраду прыняць рашэньне па прадстаўленьні новых крэдытаў вельмі мала. Бюджэт напружаны, больш чым напружаны. Я думаю, што мы аб’ектыўна знаходзімся ў сытуацыі, калі вымушаны будзем узяць паўзу з пункту гледжаньня прыняцьця абавязаньняў па новых крэдытах... Прыняцьце новых абавязаньняў па прадстаўленьні крэдытаў замежным пазычальнікам спалучана з падвышанымі рызыкамі і з рызыкамі выкананьня гэтых абавязаньняў у будучыні».

Так што Аляксандру Лукашэнку застаецца толькі прасіць Пуціна зрабіць выключэньне для Беларусі.

Пра фінансавы крэдыт, які надзвычай неабходны Менску, ведаюць усе. «Аднак ёсьць яшчэ некалькі так званых адкладзеных пазыцыяў: там, дзе чыноўнікі дзьвюх краін вялі перамовы, вынікі якіх не задавальняюць Беларусь», — адзначае эканамічны аглядальнік Тацяна Манёнак:

Беларусь хоча дамагчыся дысконтнай цаны на імпартаваны з Расеі газ.

«Беларусь хоча дамагчыся дысконтнай цаны на імпартаваны з Расеі газ. Рэзкае падзеньне ўсясьветных цэнаў на нафту і дэвальвацыя расейскага рубля, да чаго прывязаная формула цаны на газ для Беларусі, павінны былі згуляць ёй на руку ў гэтым пытаньні. І такім чынам дапамагчы зэканоміць каля 250 мільёнаў даляраў. Аднак беларускія аргумэнты пакуль праігнараваныя.

Беларусі таксама не ўдалося скарэктаваць на сваю карысьць і цану расейскай нафты шляхам зьніжэньня прэміі расейскім нафтавікам. Пакуль беларускія нафтавікі мусяць працаваць па старой формуле, хоць не пакідаюць надзеі дамовіцца, каб яе скарэктаваць.

Даўно беларускі бок у энэргетычных спрэчках з Расейскай Фэдэрацыяй не цярпеў падобных паразаў. Так што Вышэйшы дзяржсавет у Менску — добрая магчымасьць працягнуць торг.

Ён, як можна меркаваць, будзе непублічны і няпросты, але ня факт, што прадуктыўны».

Акрамя пасяджэньня Вышэйшага дзяржсавету, Уладзімер Пуцін правядзе і «асобную сустрэчу» з Аляксандрам Лукашэнкам, паведаміла прэсавая служба расейскага прэзыдэнта.

«Эфэктыўнасьць пасяджэньняў ВДС даўно служыць падставай для скептычнага стаўленьня да гэтай структуры. Таму трэба шукаць сапраўдную прычыну візыту Пуціна ў іншым», — кажа міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі:

Калі прэзыдэнт Расеі чуе ад найбліжэйшага саюзьніка, што „рускі сьвет“ — гэта „хімэра“, то, мабыць, паўстала неабходнасьць даходліва растлумачыць, што гэта ня так.

«Калі прэзыдэнт Расеі чуе ад найбліжэйшага саюзьніка, што „рускі сьвет“ — гэта „хімэра“, то, мабыць, паўстала неабходнасьць даходліва растлумачыць, што гэта ня так. Прычым растлумачыць не ў Маскве, а ў Менску. Вядома, гэтыя тлумачэньні стануць лягічным працягам нядаўніх сочынскіх гутарак паміж лідэрамі дзьвюх частак так званай саюзнай дзяржавы».

Спадар Якаўлеўскі мяркуе, што падчас размовы зноў узьнікне праблема разьмяшчэньня вайсковай авіябазы ў Беларусі. Цікавым выглядае і зьяўленьне інфармацыі пра нейкую адзіную саюзную ваенную дактрыну.

Першая размова Пуціна і Лукашэнкі прайшла 5 лютага ў Сочы, дзе кіраўнік Беларусі прабыў амаль тыдзень, чакаючы свайго расейскага калегу. У той жа дзень на афіцыйным сайце прэзыдэнта Расеі зьявілася кароткае паведамленьне:

«Адбылася нефармальная сустрэча Ўладзімера Пуціна з Прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам. Абмяркоўваліся актуальныя пытаньні двухбаковых адносінаў, рэгіянальная праблематыка, а таксама сумесныя меры па ўмацаваньні інтэграцыйных працэсаў».

А 8 лютага БЕЛТА распаўсюдзіла афіцыйную заяву Лукашэнкі пра вынікі сустрэч у Сочы:

«Кіраўніцтва Расейскай Фэдэрацыі прыняло рашэньне аб падтрымцы эканомікі Беларусі».

З таго часу ніякіх афіцыйных камэнтароў ад расейскага кіраўніцтва з гэтай нагоды не было.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG