Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як расейцы наш партызанскі рух сабе забралі


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Пад Масквой заснавалі «Партызанскую вёску», забаўляльна-турыстычны аб’ект, беларусы зажурыліся ў кутку са сваёй «лініяй Сталіна».

У савецкія часы ў БССР была рэпутацыя партызанскай рэспублікі. У нядаўняй гісторыі, само сабой. І няхай сёньня гісторыкі ставяць пад сумнеў, што ў вайну дзейнічала сто тысяч партызанаў, якім удалося забіць ці параніць паўмільёна фрыцаў, слова зь песьні ня выкінеш. У народнай сьвядомасьці засталося, што мы — «партызанская нацыя», нашчадкі «лясных салдат». Кашы з гэтага ня зварыш, але нейк падсьвядома грэла душу: усё ж і мы на нешта аднойчы прыдаліся. Але словы гэтыя пабляклі, выцьвілі, страцілі вартасьць. Сапраўдную партызанскую славу ў рэчаіснасьці замянілі выдуманай гісторыяй «сталінскай абароны», зрабіўшы «лінію» галоўным турыстычным аб’ектам, сымбалем краіны і нацыі.

Кінутыя абыякава партызанскія рэгаліі пад нагамі доўга не валяліся. Гаспадар знайшоўся. Падмаскоўная «Партызанская вёска» запрашае «цудоўна адпачыць вялікім калектывам». Нават міністар абароны іхні зацікавіўся. Выказаў жаданьне пераначаваць у зямлянцы. Рамантыка! Але пакуль з часам нявыкрутка, сірыйскія справы на першым месцы.

У вёску да партызанаў можна трапіць калі сьнег – санямі, таксама спэцыяльна чыгуначныя праклалі рэйкі. Ёсьць і штаб, і друкарня, і апэрацыйная. Дзе рэзалі па жывому, тлумачыць экскурсавод. І нават школа падрыўнікоў, патрэбная, як вядома, для «рэйкавай вайны», якой праславіліся беларускія партызаны. Пабудаваная таксама лазьня. І палявая кухня ў наяўнасьці. А ў «ваенторгаўскім» намёце «Беламор» і самагон, па-партызанску. Сталоўка яшчэ не гатовая, як і пякарня. Але будуць.

«Партызанская вёска» ў Падмаскоўі называецца афіцыйна «патрыятычным аб’ектам». Пабудаваная, дарэчы, міністэрствам абароны. Вось чаму Шайгу заманулася пераначаваць. Зрабілі проста: правялі вучэньні інжынэрных войскаў, якія зрабілі зямлянкі і ўсё астатняе. Часам яшчэ можна па-добраму зьдзівіцца і нават пазайздросьціць тым расейцам!

Як выглядае, наша начальства не ўсьведамляе, што рэспубліка магла б мець значна лепшы імідж, каб заваблівала «інтурыстаў» ня лініяй Сталіна, а роднай партызанскай вёскай.

Але цягнік сышоў. Ту-ту! Партызанская вёска, сябры, — вёска расейская. Будаваць постфактум у сябе? Гэта раўназначна спробе пераняць рэй у расейскага Дзеда Мароза, зрабіўшы свайго з домам у Белавескай пушчы. Ня кажучы аб наступнай — пасяліць яшчэ аднаго на той самай лініі Сталіна.

А сякі-такі партызанскі лягер у нас быў некалі. Сам памятаю: каля самай Нарачы, у сасоньнічку, як і належыць. Экскурсантаў вазілі.

Канечне, асноўнымі турыстычнымі аб’ектамі лічыліся Курган славы і Хатынь. Месцамі па-савецку патасна, пампэзна, але адпавядала гістарычнай праўдзе. Ці быў стотысячны кацёл пад Менскам? Быў. Ці была спаленая Хатынь і мноства іншых вёсак? Была, былі. Напэўна і Ленінскую прэмію (за цэнтральную скульптуру) нездарма далі. А ці далі б Ленінскую прэмію за лінію Сталіна? Вельмі сумнеўна. Хаця ясна, цяпер такой прэміі няма, толькі «за духоўнае адраджэньне».

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG