Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Украіна страціла Крым. І навошта пра гэта цяпер распавялі


Адзін Турчынаў быў за ўвядзеньне ваеннага становішча. Іншыя заклікалі да процістаяньня расейскім войскам палітычнымі і дыпляматычнымі шляхамі.

Камітэт па пытаньнях нацыянальнай бясьпекі і абароны Вярхоўнай Рады Ўкраіны апублікаваў стэнаграму паседжаньня Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны (РНБА) ад 28 лютага 2014 году на 35 старонках. У той час у Крыме зьявіліся «зялёныя чалавечкі» (у Расеі вядомыя як «ветлівыя людзі» — расейскія вайскоўцы па прызнаньні Пуціна), якія захапілі будынкі парлямэнту і ўраду ўкраінскага паўвострава.

Аляксандар Турчынаў, які тады выконваў абавязкі прэзыдэнта Ўкраіны, казаў, што Расея сур’ёзна разглядае пытаньне анэксіі Крыму. З гэтым згаджаліся і іншыя прысутныя, у тым ліку тагачасныя кіраўнік СБУ Валянцін Налівайчанка, міністар абароны Ігар Цянюх, міністар унутраных спраў Аляксандар Турчынаў, прэм’ер Арсені Яцанюк, а таксама Юлія Цімашэнка, якая не была ў новым урадзе, але мела права выступу на паседжаньні. Яны тлумачылі: ўкраінскае войска не гатовае да ўзброенага процістаяньня.

Налівайчанка распавядаў, што ўкраінскія вайскоўцы пераходзяць у Крыме на бок Расеі, Авакаў нагадваў, што большасьць насельніцтва Крыму займае антыўкраінскую пазыцыю, Цянюх заяўляў, што Мінабароны зможа сабраць ня больш за 5 тысяч чалавек для выкананьня баявых задачаў, але гэта «ня вырашыць праблему Крыму», Яцанюк прызнаў, што Ўкраіна не гатовая да вайсковай апэрацыі, Цімашэнка нагадала пра памылкі Саакашвілі ў процідзеяньні Расеі і прапаноўвала «нестандартныя крокі» замест вайны — напісаць звароты ў Эўразьвяз, ЗША і NATO па міратворніцкіх войсках.

Па сутнасьці, усе прызнавалі рэальнасьць расейскай пагрозы, прысутнасьць расейскіх войскаў на мяжы і слабасьць войскаў украінскіх. Але Турчынаў прапанаваў не чакаць вайсковай дапамогі з Захаду (ён перапытваў Цімашэнку, ці тая прапануе не рабіць нічога) і ўвесьці вайсковае становішча, бо «расейцы будуць лічыцца толькі з моцнымі».

«Хто за? Зразумела. За — адзін Турчынаў. Гэта значыць, рашэньне не прынятае», — казаў Турчынаў пра галасаваньне па вайсковым становішчы, у якім бралі ўдзел 50 чалавек.

Ва Ўкраіне некаторыя лічаць, што стэнаграма была выкладзеная цяпер з палітычных матываў, перадае ўкраінская служба Радыё Свабода.

Так, сябра камітэту ад фракцыі Цімашэнкі «Батьківщина» Іван Крулько кажа, што абнародаваньне гэтай стэнаграмы ёсьць спробай ударыць па Юліі Цімашэнцы:

«Ёсьць спробы нешта перакласьці з хворай галавы на здаровую. Напрыклад, называлася прозьвішча Юліі Цімашэнкі, якая не была на той момант сябрам РНБА. Безумоўна, яна не магла ніякім чынам уплываць на рашэньні, якія на РНБА прымалі», — нагадвае ён.

А ўкраінскі экспэрт па інфармацыйнай бясьпецы Лідзія Смала лічыць, што абнародаваньне гэтага дакумэнту адбылося ў кантэксьце ўнутрыпалітычнага канфлікту, які паглыбляецца ва Ўкраіне. Прычым, дакумэнт ня проста выстаўляе ў нэгатыўным сьвятле Цімашэнку:

«Пытаньне ня толькі ў Цімашэнцы. Там у вельмі выгодным сьвятле падаецца дзейны сакратар РНБА [Турчынаў]. Таму ёсьць вялікая імавернасьць, што ён можа заняць нейкую іншую пасаду. Нешта іншае яму могуць прапанаваць», — кажа яна, нагадваючы, што канфлікт, які абмяркоўваецца ў дакумэнце, усё яшчэ не завершаны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG