Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка загадаў публічна пасадзіць «дзясятак-другі чалавек»


Аляксандар Лукашэнка абураны сытуацыяй з тарыфамі на жыльлёва-камунальныя паслугі і даў загад «надзець кайданкі» на вінаватых.

У ходзе нарады старшыня Камітэту дзяржкантролю Леанід Анфімаў расказаў Лукашэнку, што неабходныя разьлікі з коштам жыльлёва-камунальных паслуг былі праведзены, але з прымяненьнем на практыцы атрымалася з дакладнасьцю да наадварот, усё было зроблена, што называецца, «ад балды».

«Значыць, надзеньце кайданкі тым, хто ня выканаў даведзеныя па маім загадзе тарыфы. Надзеньце і публічна пасадзіце дзясятак-другі чалавек. Усё стане на свае месцы, — цытуе Лукашэнку БелТА. — Тут павінен быць сьпіс, хто гэтую „балду“ прыдумаў. Хопіць зь імі жартаваць. Мы тут нешта лічым, плянуем, а яны робяць усё па-свойму».

Акрамя таго, ён даручыў, каб да 1 сакавіка старшыня КДК, кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта, прэм’ер-міністар прадставілі яму разьлікі тарыфаў на жыльлёва-камунальныя паслугі. Ён падкрэсьліў, што службовыя асобы, якія ня ўправяцца з дадзенымі сёньня даручэньнямі, панясуць за гэта адказнасьць. Акрамя таго, КДК даручана праверыць тарыфы на праезд. Лукашэнка падкрэсьліў, што праезд у грамадзкім транспарце апошні раз даражэў у сьнежні мінулага году, і з тых часоў дабрабыт беларусаў не палепшыўся.

«Што зьмянілася? Народ разбагацеў, што мы сёньня павысім тарыфы на чыгуначныя, прыгарадныя перавозкі ці гарадзкім транспартам?» — сказаў ён.

«Ніякага з майго боку ўхваленьня так званых непапулярных мер, якія сёньня яшчэ раз удараць па насельніцтве, ня будзе», — дадаў Лукашэнка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG