Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ордэн за зьнятыя санкцыі


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Ордэн Скарыны існуе цэлых дваццаць гадоў. Нарэшце ўказ — адзначыць працаўнікоў на ніве беларускай культуры ў Польшчы.

Тры асобы выбралі. Даволі сьціпла, трэба сказаць, людзей заслужаных значна больш. У сьпісе старшыня Беларускага грамадзка-культурнага таварыства (БГКТ) Ян Сычэўскі, сакратар Валянціна Ласкевіч і кіраўнік гурта беларускай песьні «Прымакі» Юры Астапчук.

Гэты факт сьведчыць, на жаль, аб тым, што цяперашняй уладзе напляваць на пашырэньне беларускай культуры за мяжою. Пра беларускіх дзеячоў на Беласточчыне яна ўспомніла ў апошнюю чаргу. Хаця БГКТ, як вядома, існуе ўжо шэсьцьдзесят гадоў і было захавальнікам беларушчыны, калі ў БССР яна была практычна зьнішчаная.

Дык чаму толькі цяпер успомнілі аб існаваньні гэтых людзей? Можа таму, што менавіта сёлета 60-я гадавіна стварэньня БГКТ? Але аб гэтым у афіцыйным паведамленьні ні слова.

Ян Сычэўскі кіруе таварыствам даўно, Валянціна Ласкевіч удзельнічае ў яго працы з 1970 году. Аднак існуюць у Польшчы таксама іншыя беларускія арганізацыі. Чаму тады БГКТ? Таму што толькі зь ім афіцыйны Менск падтрымвае кантакты. Сам Сычэўскі, будучы працяглы час дэпутатам польскага Сэйму, заўсёды падтрымваў уладу РБ, яго запрашалі прыехаць на розныя мерапрыемствы. Тым часам як, напрыклад, кіраўніку Беларускага саюзу ў Польшчы, галоўнаму рэдактару газэты «Ніва» Яўгену Вапу беларускай візы не даюць. Бо гэтая арганізацыя за дэмакратычную Беларусь.

Ян Сычэўскі быў пераабраны чарговы раз на пасаду старшыні Галоўнага праўленьня БГКТ два гады таму на зьезьдзе. Там прысутнічаў Віктар Гайсёнак, які пакідаў пасаду амбасадара ў Варшаве. Госьць падараваў БГКТ тэлевізар, а дэлегаты прасьпявалі яму «Многую лету».

Трэба прызнаць: удалая нагода сёньня ў начальства. Санкцыі зьнятыя. Як пісалі, Польшча таксама падбала. Вось і ўзнагародзім грамадзянаў суседняй краіны! Само сабой, за значны асабісты ўклад «у папулярызацыю культурнай спадчыны беларускага народу за рубяжом». Але таксама, увага панове, і за «ўмацаваньне добрасуседзкіх адносінаў паміж Беларусьсю і Польшчай».

Што датычыць самога ордэна Скарыны, яго прыдумалі, каб адзначаць за працу на ніве нацыянальна-дзяржаўнага адраджэньня, за дасьледаваньні гісторыі краіны, вынікі ў галіне роднай мовы, літаратуры, мастацтва, кнігадруку. А таксама ў культурна-асьветнай дзейнасьці і прапагандзе культурнай спадчыны беларусаў. БГКТ тут якраз прыдалося.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG