Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэрбент — найстаражытнейшы горад Расеі? Не сьпяшайцеся — раіць Масква


Дэрбент.
Дэрбент.

Некалькі гадоў таму Дэрбент зьбіраўся адзначаць сваё 5000-годзьдзе і ўжо прымерваў на сябе назву «найстаражытнейшы горад Расеі».

«Але з Масквы паступіў адказ: Не сьпяшайцеся — піша карэспандэнт The New York Times Ніл Макфаркуар. — Планы адзначыць 5000-годзьдзе былі адмененыя, прапаноўваліся грандыёзныя ўрачыстасьці з нагоды 2000-годзьдзя гораду».

Жыхары Дэрбенту — мусульмане, хрысьціяне і габрэі — моцна зьбянтэжыліся, але засталіся верныя ранейшай датыроўцы.

Газэта камэнтуе:

«Спрэчка аб датыроўцы — дробны, але красамоўны прыклад трэньняў, якія даўно псавалі адносіны Масквы з аддаленымі куткамі яе разьлеглай імпэрыі, асабліва ў рэгіёнах, населеных пераважна мусульманамі. У Дэрбенце многія ўпэўненыя, што Крэмль паменшыў узрост гораду на 3 тысячы гадоў, каб не абвяшчаць мусульманскі горад самым старажытным горадам у краіне, якая абвяшчае сябе абаронцай традыцыйных хрысьціянскіх каштоўнасьцяў».

Сёньняшні 120-тысячны Дэрбент уключаны ў сьпіс Сусьветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Пытаньне аб датыроўцы гораду «было вырашана на вышэйшым узроўні», сказаў у інтэрвію амэрыканскай газэце намесьнік мэра Дэрбенту Дзьмітрый Дунаеў. «Пуцін падпісаў указ, які афіцыйна замацоўвае, што гэта 2000-гадовыя ўгодкі. Ён зрабіў гэта на аснове навуковых дасьледаваньняў» — адзначыў Дунаеў.

«Паколькі справа адбывалася ў Расеі, пытаньне аб датыроўцы спарадзіла мудрагелістую кансьпіралягічную тэорыю... Многія жыхары Дэрбенту ўпэўненыя, што рэальны ўзрост гораду ня прызнаны, паколькі ён супярэчыць некалькім мітам аб заснаваньні Расеі, пажаданым для Пуціна» — гаворыцца ў артыкуле.

Паводле аўтара артыкулу, вэрсія аб тым, што Дэрбенту 5 тысяч гадоў, пацьверджаная мноствам доказаў. Археолягі выявілі на ўзгорку, дзе цяпер знаходзіцца крэпасьць, рэшткі селішча, якому 5 тысяч гадоў.

Муртазлі Гаджыеў, загадчык катэдры археалёгіі дагестанскага цэнтру Расейскай Акадэміі Навук, асабіста знайшоў сякеру і іншыя рэчы, якім 5 тысяч гадоў. Вынікі знаходак былі апісаныя ў кнізе ў пачатку 1980-х. Але і ён мае сумневы, ці Дэрбент сапраўды самы старажытны горад у Расеі.

«Я супраць такога падыходу — гэта не спартовая падзея. Скажам так, гэта адзін з найстарэйшых гарадоў — сказаў Гаджыеў. — Людзі проста падхапілі гэтую ідэю, што Дэрбенту 5 тысяч гадоў, і яна ім спадабалася».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG