Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня 19 лютага 2016: паэтычныя чытаньні і 10-гадзінны канцэрт удзельнікаў «Басовішча» ў Менску


Публіка на фэстывалі «Басовішча» ў ліпені 2015 году.
Публіка на фэстывалі «Басовішча» ў ліпені 2015 году.

Падзеі і даты гэтага дня ў Беларус, сьвеце, гісторыі.

Афіша:

Дзяржаўны літаратурны музэй Янкі Купалы ладзіць музэйны праект «Чытаем Купалу разам», прысьвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы. У гэтым годзе адзначаецца 100-годзьдзе шлюбу Івана Луцэвіча (Янкі Купалы) і Ўладзіславы Станкевіч. Партнэрам праекту выступае міністэрства замежных справаў.
Месца правядзеньня — МЗС (Менск, вул. Леніна, 19). Пачатак а 15.30.

Міжнародны дзень роднай мовы адзначаць у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце. Студэнты філялягічнага факультэту падрыхтавалі акцыю «Ад слова вырастаюць крылы...». У выкананьні філёлягаў БДУ прагучаць вершы знакамітых беларускіх паэтаў Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Рыгора Барадуліна, Пімена Панчанкі і іншых клясыкаў. Месца правядзеньня — Беларуская дзяржаўная акадэмія авіяцыі (Менск, вул. Убарэвіча, 77). Пачатак а 14.00.

«Гавары са мной па-беларуску» — літаратурна-музычная вечарына да Міжнароднага дня роднай мовы пройдзе ў музеі Якуба Коласа (Менск, вул. Акадэмічная, 5). Пачатак а 16.00.

Музычны фэст «Басовішча» пераяжджае ў Менск на адзін дзень. У клюбе «Или» (Менск, пр. Незалежнасьці, 131/1) адбудзецца 10-гадзінны канцэрт канкурсантаў фэстывалю гэтага году, пераможцаў мінулых гадоў і гасьцей з Польшчы. Пачатак а 16.00.

У гісторыі:

1236 — папа Рыгор IX абвясьціў першы крыжовы паход супраць літоўцаў.

1473 — нарадзіўся Мікалай Капэрнік, польскі астраном і матэматык, стваральнік геліяцэнтрычнай мадэлі Сусьвету.

1861 — быў абвешчаны маніфэст аб адмене прыгоннага права ў Расейскай імпэрыі.

1878 — Томас Эдысан запатэнтаваў фанограф.

1890 — нарадзіўся Казімер Сваяк, беларускі каталіцкі сьвятар, нацыянальны дзяяч, паэт.

У памяці:

1952 — памёр Кнут Гамсун, нарвэскі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі.

Цытата:

«Кажуць, мова мая аджывае
Век свой ціхі: ёй зьнікнуць пара.
Для мяне яна вечна жывая,
Як раса, як сьляза, як зара.
Гэта ластавак шчабятаньне,
Звон сьвітальны палескіх крыніц,
Сінь чабору, і барвы зарніц,
І бусьлінае клекатаньне.»

Пімен Панчанка, фрагмэнт верша «Родная мова» (1964)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG