На чатырохгодзьдзе аўдыёпраекту «Дзінь-дзілінь: пара гуляць у казкі!», выдадзенага абмежаваным накладам на дысках, усе запісы праекту былі выкладзеныя ў вольны доступ на Soundcloud «Беларускім радыё Рацыя» і парталам Tuzin.fm.
У межах праекту вядомыя сьпевакі, літаратары і дзеячы культуры запісалі 12 казак Сяргея Вітушкі. Аўтар казак, нягледзячы на цяжкую хваробу, празь якую страціў зрок, наведаў прэзэнтацыю аўдыёпраекту ў Менску. Пазьней у тым жа годзе памёр. Яму было 47.
Кніга казак «Дзінь-дзілінь! Зноў пара гуляць у казкі!» у 2011 годзе перамагла ў намінацыі «Дзіцячая літаратура» і заняла дзясятую пазыцыю ў літаратурным рэйтынгу Радыё Свабода.