Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі топ-чыноўнік заявіў, што за вірусам Зіка стаяць ЗША


Памочнік старшыні ўраду Расеі Генадзь Анішчанка, былы галоўны санітарны лекар краіны, заявіў, што Злучаныя Штаты маглі наўмысна заразіць камароў вірусам Зіка, каб пасьля распаўсюдзіць іх у Расеі.

Былы галоўны санітарны лекар Расеі Генадзь Анішчанка ў інтэрвію расейскай службе брытанскай карпарацыі BBC заявіў, што яшчэ ў 2012 годзе ў Абхазіі — сэпаратысцкім рэгіёне Грузіі, што мяжуе з Расеяй на ўзьбярэжжы Чорнага мора, — расейскімі навукоўцамі была выяўлена разнавіднасьць камара, які зьяўляецца пераносчыкам віруса Зіка. Па словах Анішчанкі, ЗША могуць наўмысна заражаць камароў вірусам Зіка у прычарнаморскім рэгіёне і весьці такім чынам біялягічную вайну супраць Расеі.

Вельмі блізка да нашых межаў знаходзіцца вайсковая мікрабіялягічная лябараторыя арміі Злучаных Штатаў Амэрыкі

«Гэта мяне турбуе таму, што недзе за 100 кілямэтраў ад гэтага месца, дзе сёньня жыве гэты камар, вельмі блізка да нашых межаў знаходзіцца вайсковая мікрабіялягічная лябараторыя арміі Злучаных Штатаў Амэрыкі», — заявіў у інтэрвію BBC Анішчанка, на дадзены момант памочнік прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьведзева.

Выглядае, што Генадзь Анішчанка мае на ўвазе біялягічны дасьледчы цэнтар у Грузіі, які быў пабудаваны Злучанымі Штатамі ў 2011 годзе і перададзены ў эксплюатацыю грузінскаму Нацыянальнаму цэнтру па кантролі за захворваньнямі ў 2013 годзе. Як паведамілі ў пасольстве ЗША, дзейнасьць біялябараторыі накіравана на прадухіленьне рызыкі ўспышак небясьпечных інфэкцый як у ЗША, так і ва ўсім сьвеце. Але расейскія чыноўнікі і СМІ часьцяком кажуць пра тое, што мэты дзейнасьці гэтай біялябораторыі далёка ня самыя добрыя.

Генадзь Анішчанка
Генадзь Анішчанка

Вірус Зіка вокамгненна распаўсюдзіўся па ўсім сьвеце, асабліва ў Паўднёвай Амэрыцы. Гэта віруснае захворваньне, як правіла, пераносіцца дарослымі адносна лёгка, аднак гэты вірус лічыцца прычынай павелічэньня колькасьці нованароджаных з прыроджанай паталёгіяй — мікрацэфаліяй.

Камэнтар Генадзя Анішчанкі, які прагучаў 15 лютага, зьявіўся ўсьлед за заявай агенцтва «Роспотребнадзор» аб першым зарэгістраваным у Расеі выпадку захворваньня чалавека на ліхаманку Зіка. Паводле ўладаў, у жанчыны пасьля вяртаньня ў Расею з адпачынку ў Дамініканскай Рэспубліцы былі выяўлены сымптомы ліхаманкі Зіка. Паведамлялася, што пагрозы для пасажыраў самалёта, на якім яна ляцела, а таксама яе сям’і няма.

З таго часу, як у 2013 годзе Генадзь Анішчанка быў прызначаны памочнікам прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьведзева, у СМІ яго практычна чуваць не было.

З 1996 году Анішчанка быў галоўным санітарным лекарам Расеі, а з 2004 году — кіраўніком агенцтва «Роспотребнадзор». У той час было выпушчана некалькі забаронаў на імпарт тавараў, якія мелі палітычную падаплёку. Яны, паводле крытыкаў Крамля, зьяўляліся спробамі аказаць ціск на суседзяў з тым, каб прымусіць іх да супрацоўніцтва з Масквой. Сярод іх — забароны на ўвоз віна з Грузіі і Малдовы і абмежаваньні на імпарт садавіны і агародніны з Эўрапейскага Зьвязу ў 2011 годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG