Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партыя Jhonа Silverа ідзе на выбары


Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец

У ацэнках сёньняшняй беларускай палітыкі неяк цалкам згубілася эстэтычная кампанэнта.

Народ пасьміхаецца са сьпікераў афіцыйнага рэжыму найперш таму, што непрыгожа ўсё гэта. Глупа, некультурна, страшна. Тры «НЕ» – нявыхаванасьць, неадукаванасьць, непрафэсіяналізм – з чынавенства так і прэ. Навошта ўсе гэтыя пэрсанажы займаюць сабою экраны тэлевізараў, калі ў цывілізаваным грамадзтве іх трэба было б хаваць дзе-небудзь на непублічнай вытворчасьці. Бо сорамна ж.

Але гэта ўлада. Яе адразу не пераробіш. А што апазыцыя? Ці яе палітыка прыгожая? Адкажыце самі. І калі разважаць у канструктыўным рэчышчы, варта задумацца, ці не зрабіць эстэтычную кампанэнту цэнтральнай на будучых выбарах у парлямэнт? Прабачце, «выбарах».

Са старых абрэвіятур і назваў няма назваць нічога, у чым было б хоць каліва патэнцыйнай прывабнасьці. Наўмысна кажу пра назвы, бо зьмест ва ўсіх настолькі блытаны і ў тым аднолькавы ды ніякі, што пачынаць трэба менавіта з формы. Больш прыхільнікаў зьбярэ той, хто прыдумае новыя знакі. Перафразуючы вызначэньне формы ў эстэтыцы, атрымаем такую дэфініцыю: Форма – узнаўленьне аб’ектыўнай і суб’ектыўнай рэальнасьці ў выразных сродках палітыкі.

З новых удалай назвай трэба прызнаць хіба што брэнд кампаніі Тацяны Караткевіч «ТАК». Сьцьвярджальна, пэрсанальна і сьвежа, асабліва на фоне воклічу сьледчага НКВД «Говори правду!» і ўсіх астатніх кампаній «За свабоду», «За незалежнасьць і дзяржаўнасьць», за ўсё і ні за што. «ТАК», безумоўна, спрацуе, але гэтая форма прадстаўляе толькі пэрсанальна Караткевіч і тое, што ўсё будзе ў станоўчым ключы.

Альтэрнатыву «ТАК» магла б скласьці інтэрнэт-партыя Джона Сільвэра са сваёй пірацкай праграмай. Ужо было б што з чым параўноўваць, пра што спрачацца.

Думаю, магла б мець посьпех і Ліцьвінская партыя – тых, хто выступае за перайменаваньне Беларусі ў Літву. Альтэрнатыву ёй складзе Крывіцкая партыя – тых, хто за перайменаваньне Беларусі ў Крывію. А калі сваім касяком пойдуць на выбары прамаскоўскія казакі, ліцьвіны і крывічы змогуць стварыць кааліцыю.

Ужо само зьяўленьне гэтых казакоў на выбарах паказвае, што ўнутраная беларуская палітыка схіляецца да жанру коміксу, дзе героі адразу пазнаюцца паводле зьнешніх прыкметаў – у простым ці ўскосным сэнсе. Усе іншыя праграмы – загавораныя і нічым не падмацаваныя – даўно не выклікаюць даверу. Таму – толькі знакі. Улічыўшы характар цяперашняй палаты прадстаўнікоў, мы маглі б зрушыць зь месца фігуры дэпутатаў у жанры батлейкі. Прынамсі, ва ўласным уяўленьні.

У кожным разе, эстэтычная кампанэнта (прыгажосьць) – вялікая сіла супраць чынавенскага застою і маразму, тое, што ажывіла б наш руцінны і тужлівы палітычны краявід. А толькі з ажыўленьня ўсё і пачнецца. Болей жыцьця! Болей фантазіі і нечаканых прыдумак! Болей прыгажосьці!

Народ у масе сваёй зусім не гатовы сёньня да спрэчак – ты за Лябедзьку ці за Статкевіча, або – ты за «Гавары праўду» ці за «За свабоду». Затое – ты за Літву ці за Крывію ці за казакоў, ты за «ТАК» ці за Джона Сільвэра? – тут кожны адчуе сябе і гісторыкам, і палітолягам, спрэчкі будуць весьціся з поўнай жарсьцю.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG