Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каманда CIT знайшла расейскага салдата, узнагароджанага за баі пад Дэбальцавам


Вайсковец атрымаў гадзіньнік з рук міністра абароны.

Каманда Conflict Intelligence Team (CIT) Руслана Левіева пры маніторынгу сацыяльных сетак, устанавіла профіль вайскоўца 6-й асобнай танкавай брыгады (в / ч № 54096, пасёлак Муліна, Ніжагародзкая вобласьць) Яўгена Усава, які, па дадзеных CIT, быў паранены падчас баёў пад Дэбальцавам і атрымаў ад міністра абароны Расеі Сяргея Шайгу гадзіньнік ва ўзнагароду.

У адным з пастоў ва «Вконтакте» Усава апублікаваная фатаграфія, на якой да параненага ў ваенны шпіталь ім. Бурдэнкі ў Маскве прыйшоў міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу і ўзнагародзіў вайскоўца гадзіньнікам Aviator Airacobra.

«Відавочна, што асколачнае раненьне можна атрымаць і ў выніку неасьцярожнага абыходжаньня з боепрыпасамі або на вучэньнях, але хіба стаў бы ў гэтым выпадку яго наведваць асабіста міністар абароны Расеі, ды яшчэ і ўзнагароджваць гадзіньнікам? Для нас відавочна, што такі высокі гонар можа быць аказаны толькі за ўдзел у нейкім знамянальным баі», — робіць выснову Руслан Левіеў.

Каманда Левіева аднавіла ланцужок падзей па профілю параненага вайскоўца. Наступ на Дэбальцава пачалося 22 студзеня 2015 году. Да 26 студзеня і пасьля 14 лютага 2015 году Яўген вельмі актыўна вёў свой профіль Вконтакте, аднак у пэрыяд баёў пад Дэбальцавам не апублікаваў ніводнага запісу. Гэта сьведчыць аб тым, што ў гэты прамежак часу ён «адсутнічаў», адпаведна, у гэты ж прамежак часу атрымаў асколачнае раненьне, робіць выснову Левіеў.

У інтэрвію «Настоящему Времени» Левіеў распавёў, што на профіль салдата яго калегі натрапілі выпадкова, пры чарговым маніторынгу сацыяльных сетак:


Левіеў лічыць, што пасьля таго, як Ангела Мэркель адмяніла сустрэчу нармандзкай чацьвёркі ў Астане, а таксама стала вядома, што Ўладзіміра Пуціна не запрасілі на сьвяткаваньне 70-годзьдзя вызваленьня Асвэнцыму, адбылася рэзкая эскаляцыя ваеннага канфлікту на Данбасе (сярэдзіна студзеня 2015 году). Асноўныя баі разгарнуліся ў раёне Дэбальцава, які зьяўляецца буйным транспартным вузлом і важны для забесьпячэньня чыгуначных зносін паміж Данецкам і Луганскам, а таксама атрыманьня дапамогі з Расеі.

У ходзе баёў вайсковец 6-й асобнай танкавай брыгады Яўген Усаў атрымаў асколачнае раненьне і не пазьней за 14 лютага 2015 году быў дастаўлены ў вайсковы шпіталь ім. Бурдэнкі ў Маскве, лічыць CIT. Не пазьней за 21 лютага 2015 году яго наведаў міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу і ўзнагародзіў гадзіньнікам з эмблемай Міністэрства абароны РФ.

«Сукупнасьць дадзеных фактаў кажа пра тое, што рашэньне аб рэзкай эскаляцыі канфлікту і атацы на Дэбальцава прымалася на самым высокім узроўні. Улічваючы, што наступ на Дэбальцава пачаўся ў часе перамоваў прэзыдэнтаў Расеі і Ўкраіны, цяжка ўявіць, што такое рашэньне магло быць прынятае кімсьці іншым, чым прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным», — гаворыцца ў справаздачы Левіева.

Левіеў — адзін з заснавальнікаў каманды блогераў Conflict Intelligence Team, якая базуецца ў Расеі і вядомая сваімі ваеннымі расьсьледаваньнямі, заснаванымі на аналізе адкрытых крыніц і сацыяльных сетак. Яны раскрылі дадзеныя некалькіх расейскіх салдат, якія загінулі ў Данбасе, аднымі зь першых выявілі падрыхтоўку да ваеннай апэрацыі ў Сырыі (задоўга да яе афіцыйнага абвяшчэньня).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG