Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН разгледзіць скаргу беларускага карэспандэнта Deutsche Welle


Аляксандар Буракоў
Аляксандар Буракоў

Камітэт па правах чалавека ААН прыняў да разгляду скаргу беларускага журналіста Аляксандра Буракова ў сувязі з рашэньнем Магілёўскага суду, які аштрафаваў яго за супрацоўніцтва з «Deutsche Welle».

Як паведамляе «Нямецкая хваля», скарга Аляксандра Буракова ў Камітэт па правах чалавека ААН ад 27 чэрвеня 2015 году ў сувязі вэрдыктам Магілёўскага абласнога суду прынятая да разгляду і зарэгістраваная пад нумарам 2692/2015. Аб гэтым паведамляецца ў афіцыйным лісьце журналісту, датаваным 1 сьнежня 2015 году. У лісьце таксама гаворыцца, што цяпер скарга накіраваная для азнаямленьня уладам Беларусі. Паводле працэдуры, адказ беларускага боку павінен паступіць на працягу 6 месяцаў. Акрамя таго, журналісту паведамілі, што фінальныя слуханьні ягонай справы будуць праходзіць публічна.

У кастрычніку 2014 году суд Ленінскага раёна Магілёва аштрафаваў Аляксандра Буракова на суму, эквівалентную амаль 500 эўра, за супрацоўніцтва з нямецкай мэдыякампаніяй. Падставай для вынясеньня прысуду стала публікацыя на сайце «Deutsche Welle» артыкула «Сьцежкай кантрабандыста: ці працуюць расейскія санкцыі ў памежжы».

Парушэнняў норм працэсуальнага права, якія цягнуць за сабой адмену судовых пастановаў, не выяўлена. Падстаў для адмены пастановаў няма


5 лістапада журналіст падаў апэляцыю на рашэньне суду Ленінскага раёну Магілёва ў Магілёўскі абласны суд. Але прысуд Буракову быў пакінуты безь зьменаў.

У лістападзе 2015 году ў вышэйшай судовай інстанцыі Беларусі, Вярхоўным судзе, скарга Буракова таксама была адхіленая, і тым самым рашэньне магілёўскага суду ў дачыненні да журналіста было пацьверджана. «Парушэнняў норм працэсуальнага права, якія цягнуць за сабой адмену судовых пастановаў, не выяўлена. Падстаў для адмены пастановаў няма» — гаварылася ў рашэньні суду. Пасьля гэтага Аляксандр Буракоў зьвярнуўся са скаргай у Камітэт па правах чалавека ААН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG