Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля Палаты прадстаўнікоў Караткевіч дайшла да міністра


Тацяна Караткевіч
Тацяна Караткевіч

Экс-кандыдатка на прэзыдэнта Беларусі Тацяна Караткевіч 3 лютага сустрэлася зь міністрам жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі Аляксандрам Церахавым.

З Караткевіч быў старшыня рады грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў, а зь міністрам — два ягоныя намесьнікі.

Пасьля завяршэньня размовы Тацяна Караткевіч распавяла Свабодзе:

«Нас чакалі. Нас хацелі паслухаць. І гэта адразу надало нам пазытыўнага працоўнага настрою.

Размова пачалася з таго, што сёньня адбываецца ў сыстэме ЖКГ. Бо рэзкае падвышэньне тарыфаў, новыя платныя паслугі хвалююць людзей. У крызісны час ім кажуць: вы — уласьнікі, а значыць, і павінны за ўсё плаціць. Але ж людзям і без таго цяпер цяжка жыць. Таму мы паставілі пытаньне пра галоснасьць. Людзі павінны дакладна ведаць, як фармуюцца тарыфы. І нельга, каб усе плацілі аднолькавыя сумы за аднолькавыя паслугі. Трэба дыфэрэнцыяваць аплату — улічыць, калі дом быў пабудаваны, цагляны ён ці блёкавы. Карацей, узяць пад увагу ўсе тэхнічныя характарыстыкі кожнага дому.

Пакуль жа міністэрства, як нам бачыцца, робіць усё агулам. Таму мы прапанавалі зрабіць разьлікі паслугаў адкрытымі — каб кожны мог зайсьці на сайт і зразумець, за што і колькі грошай ён траціць.

Патрэбныя 2 рэформы — унутры самой сыстэмы і структурная. У ЖКГ трэба дапусьціць прыватніка, які створыць канкурэнцыю і будзе адказным за якасьць паслугаў. Тады і расцэнкі за паслугі стануць адэкватнымі.

Я расказала міністру, што падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі пачула шмат нараканьняў на якасьць паслуг у сыстэме ЖКГ. І пазбавіцца ад іх, нам падаецца, можна толькі пасьля таго, як у гэтым асяродзьдзі зьявіцца канкурэнцыя. То бок патрэбныя дзьве рэформы — унутры самой сыстэмы і структурная. У ЖКГ трэба дапусьціць прыватніка, які створыць канкурэнцыю і будзе адказным за якасьць паслугаў. Тады і расцэнкі за паслугі стануць адэкватнымі».

Спадарыня Караткевіч кажа, што на сустрэчы ўздымаліся і іншыя пытаньні:

«Гэта быў абмен меркаваньнямі. Маё ўражаньне, што Аляксандар Церахаў моцна перажывае за даручаную яму справу. Міністэрства спрабуе рабіць розныя перамены ў галіне. Напрыклад, наладзіць якасную сыстэму замовы паслугаў. І пра гэта яны нам распавядалі. Мне было цікава даведацца, што кіраўнікі міністэрства таксама перакананыя ў неабходнасьці рэформаў, якія прывядуць і да скарачэньня сыстэмы, і да яе большай эфэктыўнасьці. Спадабалася і іх шчырасьць, бо яны не хавалі, што рэформа будзе павольнай.

Мы пераконвалі суразмоўцаў, што неабходна каардынаваць падвышэньне кошту паслугаў зь Міністэрствам эканомікі. Бо калі так моцна падвышаюцца кошты паслугаў і ўводзяцца новыя, можна дайсьці да сытуацыі, калі многія ня змогуць іх аплаціць. І тады наступіць сацыяльны каляпс. Мы казалі пра нашы сустрэчы зь людзьмі. Яны вельмі напалоханыя ростам кошту паслуг ЖКГ і кажуць, што ў іх няма адчуваньня, што яны змогуць аплаціць далейшы рост коштаў камунальных паслугаў.

Кіраўнікі міністэрства ня супраць кантролю. Але, на іх думку, ён павінен быць толькі зьверху. Вось пра гэта мы актыўна спрачаліся.

Мы пабачылі розныя падыходы да сыстэмы кантролю над ЖКГ. Мы казалі, што кантроль будзе эфэктыўны, калі будзе разьвівацца сыстэма самакіраваньня, калі ўсталюецца кантроль зьнізу. Кіраўнікі міністэрства ня супраць кантролю. Але, на іх думку, ён павінен быць толькі зьверху. Вось пра гэта мы актыўна спрачаліся».

Тацяна Караткевіч пачала актыўныя кантакты з уладай з наведваньня Палаты прадстаўнікоў. Сёньня яна ўдакладніла, што ўжо правяла сустрэчы ў 12 з 14 камісіяў Палаты. А на наступным тыдні спадзяецца пабываць і ў астатніх дзьвюх.

Былая кандыдатка на прэзыдэнта мае намер працягнуць кантакты і з кіраўніцтвам іншых міністэрстваў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG