Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі падаражэў утылізацыйны збор на аўтамабілі: для аўтааматараў — у 8,25 раза


З 4 лютага фізычнай асобе, якая ўвозіць у Беларусь аўтамабіль для асабістага карыстаньня, давядзецца заплаціць 4 мільёны 950 тысяч рублёў утылізацыйнага збору за аўтамабіль не старэйшы за 3 гады, 7 мільёнаў 425 тысяч — за аўтамабіль старэйшы за 3 гады.

Такім чынам, для фізычных асобаў стаўкі павялічыліся ў 8,25 раза, для юрыдычных — у 1,65 раза. Адпаведную пастанову № 74 прыняў Савет міністраў 30 студзеня 2016 году.

«Гэта адзін з захадаў па ўрэгуляваньні ўвозу транспартных сродкаў зь дзяржаваў — чальцоў Эўразійскага эканамічнага саюзу», — гаворыцца ў пастанове Саўміну.

Старшыня праўленьня Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі (БАА) Сяргей Міхневіч такім чынам пракамэнтаваў Свабодзе падаражэньне ўтылізацыйнага збору:

«Сёлетняя сытуацыя з павышэньнем утыльзбору зьвязаная з каардынацыяй і ўзгадненьнем агульнага ўзроўню паміж Расейскай Фэдэрацыяй і Беларусьсю. Расея ўзьняла стаўкі ўтыльзбору з 1 студзеня 2016 году. Адпаведна, беларусы зрабілі аналягічны крок. Гэта першае.

Па-другое, Беларуская аўтамабільная асацыяцыя выступала за тое, каб гэтыя стаўкі былі выраўненыя паміж юрыдычнымі і фізычнымі асобамі як мінімум па аўтамабілях, якія ўвозяцца з Расейскай Фэдэрацыі. Было прынята рашэньне, каб для юрыдычных асобаў стаўкі павышаць у меншай ступені, а фізычных асобаў падцягнуць да юрыдычных. Такім чынам, адбылося б выроўніваньне гэтых ставак — з мэтай спыніць альбо мінімізаваць „шэрыя“ схемы па пастаўцы аўтамабіляў з Расейскай Фэдэрацыі празь фізычных асобаў. Таму што сур’ёзная розьніца паміж фізасобамі і юрасобамі, якая існавала да таго, стварала перадумовы для існаваньня такіх схемаў.

І трэці момант — Беларусь павінна абараняць свой аўтарынак, у тым ліку ў эканамічнай дзейнасьці ў межах Мытнага саюзу, як гэта робіць Казахстан, як гэта робіць Расейская Фэдэрацыя. Таму, верагодна, урад прыняў такое рашэньне, кіруючыся інтарэсамі вытворчасьцяў, якія ўжо створаныя і ствараюцца цяпер на тэрыторыі Беларусі.

— А як істотнае павышэньне ўтылізацыйнага збору паўплывае на цэны на аўтамабілі? Ці вырастуць кошты ў салёнах, на аўтамабільных рынках?

— Мяркую, што гэты ўтыльзбор не адаб’ецца на коштах на аўтамабілі ў аўтадылераў, у аўтасалёнах. Гэты ўтыльзбор паўплывае на цэны на ўжываныя машыны на аўтарынках, у перакупшчыкаў. То бок грамадзяне, якія набываюць аўтамабілі ў аўтадылераў, не адчуюць гэтага. Я хачу давесьці, што гэтая пастанова не адаб’ецца на коштах у аўтасалёнах.

Фармальна ўтылізацыйны збор у Беларусі будзе адпавядаць у эквіваленце, у пераліку на расейскія рублі, утылізацыйнаму збору ў Расеі. У дадзеным выпадку Беларусь выконвае свае дамоўленасьці па ўтылізацыйным зборы ў межах Эўразійскага эканамічнага саюзу».

Для спрашчэньня парадку вылічэньня і сплаты ўтылізацыйнага збору ягоны памер будзе пазначацца ў беларускіх рублях (раней яго лічылі ў расейскіх рублях з выкарыстаньнем павышальных альбо паніжальных каэфіцыентаў).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG