Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ваенны экспэрт: Пуцін не пакідае Эрдагану выбару. Ёсьць варыянт пачатку ядзернай вайны


На думку шэрагу палітолягаў, цяпер толькі некалькі крокаў аддзяляе Турэччыну і Расею ад адкрытага ўзброенага супрацьстаяньня.

Новае парушэньне паветранай прасторы Турэччыны 29 студзеня расейскім зьнішчальнікам-бамбавіком Су-34 з групы ВПС Расеі ў Сырыі, факт якога абвяргае расейскі бок, яшчэ мацней абвастрыла вельмі балючыя ў апошнія месяцы адносіны паміж Масквой і Анкарой. На думку шэрагу палітолягаў, цяпер толькі некалькі крокаў аддзяляе дзьве дзяржавы ад адкрытага ўзброенага супрацьстаяньня.

Камандаваньне ВПС Турцыі перавяло свае аддзелы на асаблівы варыянт нясеньня службы з-за ўведзенага «аранжавага» ўзроўню трывогі, які прадугледжвае, што для зьнішчэньня любых парушальнікаў мяжы і паветранай прасторы ваенным цяпер не патрабуецца атрымліваць загад вышэйстаячага камандаваньня. 29 студзеня Турэччына заявіла, што расейскі вайсковы самалёт зноў парушыў яе паветраную прастору, у якой знаходзіўся прыкладна 30 сэкундаў, нягледзячы на папярэджаньні на расейскай і ангельскай мовах. 24 лістапада турэцкія ВПС зьбілі над сырыйска-турэцкай мяжой расейскі бамбавік Су-24, які, як сьцьвярджала Анкара, парушыў паветраную прастору Турцыі, што і прывяло да раптоўнага палітычнага канфлікту дзьвюх краін і да ўвядзеньня Расеяй маштабных антытурэцкіх санкцый. 30 студзеня прэзыдэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган заявіў Маскве, што, калі яна ня зьменіць стылю паводзінаў, гэта будзе мець цяжкія наступствы. Акрамя таго, Анкара выказала задавальненьне ў сувязі з падтрымкай, аказанай ёй НАТО ў гэтым апошнім інцыдэнце.

Як лічыць расейскі ваенна-палітычны аналітык, экспэрт па праблемах міжнароднай бясьпекі Юрый Фёдараў, чарговае парушэньне паветранай прасторы Турцыі, дзяржавы-члена НАТО, нельга лічыць выпадковасьцю:

Юры Фёдараў
Юры Фёдараў

— Сытуацыя разьвіваецца па самым кепскім сцэнары. Пасьля таго, як у мінулую пятніцу расейскі ваенны самалёт парушыў турэцкую паветраную прастору і правёў у ёй недзе паўхвіліны, Мінабароны Расеі ў вельмі цьвёрдым, я б нават сказаў, амаль хамскім тоне адпрэчыла турэцкія абвінавачваньні. Але трэба мець на ўвазе, што расейскія вайскоўцы вельмі часта выдаюць жаданае за сапраўднае, ці проста хлусяць, вылучаюць зусім непраўдападобныя вэрсіі, скажам, як гэта было пасьля зьнішчэньня малайзійскага авіялайнэра летам 2014 над Данбасам. Пэнтагон пацьвердзіў, што расейскі самалёт парушыў турэцкую паветраную прастору.

— Вы лічыце, што гэтым разам гэта наўмысная правакацыя з боку Масквы?

— З 90-працэнтнай, як мінімум, імавернасьцю — гэта наўмысная правакацыя. Калі ж гэта памылка пілёта, то, адпаведна, Масква павінна ў нейкім выглядзе паведаміць пра гэта, можа быць, нават папрасіць прабачэньня перад Турцыяй, як гэта было ў кастрычніку 2015 году, калі было некалькі падобных выпадкаў залёту расейскіх самалётаў на турэцкую тэрыторыю. І галоўнае — трэба пакараць лётніка, які ў сілу свайго разгільдзяйства, або памылкі, ці яшчэ па якіх прычынах, справакаваў міжнародны крызіс. Калі ўжо сур’ёзна разглядаць усе гэтыя выпадкі, то тады трэба мяняць камандаваньне ўсёй расейскай авіягрупы ў Сырыі, таму што яно відавочна не спраўляецца са сваімі абавязкамі або дапускае ўжо ня першы раз вось такія інцыдэнты, якія пагражаюць сур’ёзнымі міжнароднымі наступствамі.

Але я думаю, што рэч у іншым. Мне здаецца, што прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін зацікаўлены ў тым, каб адбылася эскаляцыя канфлікту да вельмі небясьпечнай кропкі. Яму вельмі хацелася б прымусіць турэцкае кіраўніцтва зьмірыцца з тым, што ў турэцкую паветраную прастору будуць пэрыядычна залятаць расейскія самалёты. У гэтым выпадку прэзыдэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган страціць твар! Ён жа патрабуе ад Масквы, каб такога не было, а падобныя сюжэты паўтараюцца. А на Ўсходзе страціць твар — гэта вельмі непрыемна. Далей Крэмль можа спадзявацца на тое, што НАТО, скажам, неяк ўтрымае Турэччыну ад сур’ёзных захадаў у адказ. Але тады атрымліваецца, што НАТО ня ў стане жорсткім чынам рэагаваць на расейскія правакацыі — і ў гэтым выпадку і НАТО страціць твар.

— Гэта значыць, вы ўпэўненыя, што парушэньні турэцкай паветранай прасторы будуць працягвацца? І, хутчэй за ўсё, Турцыя можа вырашыцца адрэагаваць вельмі жорстка?

— Ва кожным выпадку, турэцкія ВПС атрымалі загад адкрываць агонь без дадатковага ўзгадненьня з камандаваньнем. А гэта значыць, што калі расейскі, ці які іншы самалёт заляціць у турэцкую паветраную прастору, то яго папросту могуць зьбіць, не чакаючы нейкага асобнага спэцыяльнага загаду. А далей запрацуе лёгіка эскаляцыі. Калі яшчэ адзін расейскі самалёт будзе зьбіты, то тады Масква вымушана будзе прымаць захады ў адказ, а яны могуць быць самыя разнастайныя. Можна, напрыклад, вырашыць зьбіць турэцкі самалёт, але пры гэтым гэта адбудзецца ў турэцкай паветранай прасторы, таму што турэцкія ВПС на тэрыторыю Сырыі не залятаюць. Крэмль можа даць загад нанесьці які-небудзь удар па іншых турэцкіх ваенных аб’ектах, напрыклад, на ўзьбярэжжы Чорнага мора, па ваенна-марскіх базах. Можа справакаваць інцыдэнт з турэцкім ваенным караблём, або нават не з вайсковым, а якім-небудзь грамадзянскім. Варыянтаў тут вельмі шмат.

А далей? Ну, дапусьцім, што расейскі комплекс С-400, які знаходзіцца дзесьці ў Сырыі, зьбівае турэцкі самалёт над тэрыторыяй Турцыі. Што будзе рабіць Анкара? Тады турэцкі ўрад вымушаны будзе прымаць са свайго боку захады ў адказ, напрыклад, нанесьці ўдар па расейскай ваенна-паветранай базе Хмэймім у Сырыі. Можна шмат чаго прыдумаць. І сытуацыя пойдзе ўразнос. Пуцін можа загадаць нанесьці зваротны авіяракетны ўдар па турэцкіх гарадах. НАТО будзе вымушана выступіць на баку Турцыі. Гэта ўжо абавязаньне Паўночнаатлантычнага альянсу — абараніць краіну, сябра блёку, ад ваеннай агрэсіі. І тады, што адбываецца? Гэта ўжо прамое сутыкненьне Расеі і НАТО! І гэта ўжо пагражае вельмі непрыемнымі наступствамі, у тым ліку прымяненьнем ядзернай зброі з боку Расеі. Таму што весьці больш-менш працяглыя ваенныя дзеяньні супраць, скажам, амэрыканскіх ВМС, якія могуць увайсьці ў Чорнае мора, ці супраць амэрыканскай авіяцыі, якую ЗША будуць у гэтым выпадку вымушаныя перакінуць куды-небудзь у Турэччыну, бязь ядзернай зброі армія Расеі ня зможа. На жаль, сытуацыя разьвіваецца так, што мы можам ужо разглядаць на практыцы варыянт пачатку абмежаванай ядзернай вайны дзесьці ў раёне Міжземнага і Чорнага мораў.

Наколькі Анкара цяпер асьцерагаецца пагрозы канфлікту з Расеяй? Вось што думае з гэтай нагоды стамбульскі палітоляг і публіцыст Керым Хас:

Керым Хас
Керым Хас

— Галоўны фактар для нас — гэта курдзкая праблема. І расейскія бамбардаваньні на поўначы Сырыі фактычна дапамагаюць Рабочай партыі Курдыстану, якую Турэччына і шэраг заходніх дзяржаў лічаць тэрарыстычнай арганізацыяй, стварыць нейкае дэ-факта незалежнае ўтварэньне ў Сырыі. Успрыманьне «пагрозы», падкрэсьлю, у двукосьсі, з боку Расеі, вядома, у турэцкім грамадзтве павялічваецца. 1 лістапада ў Турцыі адбыліся датэрміновыя парлямэнцкія выбары, на якіх кіруючая Партыя справядлівасьці і разьвіцьця Рэджэпа Эрдагана набрала больш за 50 працэнтаў галасоў. У турэцкай палітычнай сыстэме гэта вельмі вялікі працэнт, ён паказвае, наколькі моцныя пазыцыі Эрдагана. І гэтая падтрымка ўплывае на паводзіны Эрдагана, і ў яго зьяўляецца больш магчымасьцяў і жаданьня рэзка рэагаваць на дзеяньні Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG