Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Класкоўскі: лідэры Расеі мяняюцца, але стаўленьне да беларускай незалежнасьці як да гістарычнай памылкі застаецца


Уладзімер Пуцін (зьлева) прымае прысягу падчас цырымоніі інаўгурацыі, побач - Барыс Ельцын
Уладзімер Пуцін (зьлева) прымае прысягу падчас цырымоніі інаўгурацыі, побач - Барыс Ельцын

Чым адрозьніваюцца Барыс Ельцын і Ўладзімер Пуцін як палітычныя лідэры? І што агульнага было ў іхнім стаўленьні да Беларусі?

З нагоды 85-годзьдзя з дня нараджэньня першага прэзыдэнта Расеі Свабода зьвярнулася з гэтым пытаньнем да экспэртаў.

Класкоўскі: сапраўднай павагі да беларускага сувэрэнітэту ў Ельцына не было

Палітычны аналітык Аляксандар Класкоўскі лічыць, што стаўленьне Ельцына і Пуціна да Беларусі істотна не адрозьніваецца:

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі

«На жаль, даводзіцца казаць, што лідэры Расеі мяняюцца, але вялікадзяржаўная ідэалёгія і, па сутнасьці, непрызнаньне права Беларусі на незалежнасьць, нейкае падсьвядомае стаўленьне да беларускай незалежнасьці як да гістарычнай памылкі, — гэта ўсё, на жаль, сядзіць у мысьленьні расейскіх кіроўных элітаў».

Гэта адчувалася і падчас прэзыдэнцтва Ельцына, хоць зьнешне ягоныя адносіны з Лукашэнкам былі вельмі цёплыя, кажа Класкоўскі:

«Мы памятаем, што зь Ельцыным у маладога тады прэзыдэнта Лукашэнкі былі рамантычныя і амаль што ідылічныя дачыненьні. Лукашэнка ў Крамлі зь ім выпіваў за так званае брацкае яднаньне, білі яны чаркі і г.д. Але менавіта ў гэтых жэстах, нібыта сьвяточных і радасных, была закладзеная вялікая небясьпека для Беларусі, бо Лукашэнка вёў фактычна авантурную гульню. Відаць (пра гэта многія аналітыкі казалі), у галаве былі мары пра крамлёўскі трон. І ў выніку былі такія пэрыяды, калі здавалася, што вось-вось будзе да ног расейскага кіраўніцтва пакладзена незалежнасьць Беларусі.

Я думаю, што і ў Ельцына, і ва ўсёй крамлёўскай эліты ўсё ж такі сядзела ў галаве думка, што гэтыя гульні ў інтэграцыю — гэта проста тактыка, каб празь нейкі час інкарпараваць Беларусь.

І Ельцын — пры тым, што ён выглядаў такой шырокай душой, мог на мільярд і нават болей дараваць газавы доўг Беларусі, — я думаю, што і ў яго, і ва ўсёй крамлёўскай эліты ўсё ж такі сядзела ў галаве думка, што гэтыя гульні ў інтэграцыю — гэта проста тактыка, каб празь нейкі час інкарпараваць Беларусь. Мне здаецца, што ў Ельцына і ягонага атачэньня ўсё ж такі сапраўднай павагі да беларускага сувэрэнітэту таксама не было», — кажа экспэрт.

У стаўленьні да Беларусі Пуціна вялікадзяржаўная ідэалёгія бачна выразьней, дый ягоныя адносіны з Лукашэнкам складаюцца больш напружана.

«Пуцін адразу зладзіў такі халодны душ Лукашэнку. Было некалькі сустрэч, калі расейскі прэзыдэнт, мяркуючы па ўсім, проста прапанаваў уваходзіць у склад Расеі. Зрэшты, Лукашэнка і прагаварыўся: зь вялікай крыўдай ён вынес на публіку знакамітую фразу пра тое, што нават Сталін не дадумаўся шасьцю абласьцямі прапаноўваць далучацца да Расеі. То бок Пуцін жорстка, па-чэкісцку паставіў гэтае пытаньне, але ў гэты час ужо Лукашэнка быў іншы, гістарычная сытуацыя была іншая, і ўжо беларускі кіраўнік пачаў, так бы мовіць, упірацца рогам, каб усё ж такі захаваць сваю ўладу над краінай.

Між Пуціным і Лукашэнкам няма зьнешне такой цеплыні, як было ў дачыненьнях Лукашэнкі зь Ельцыным, няма гэтага братаньня.

Між Пуціным і Лукашэнкам няма зьнешне такой цеплыні, як было ў дачыненьнях Лукашэнкі зь Ельцыным, няма гэтага братаньня. Наадварот, былі войны і газавыя, і інфармацыйныя, быў абмен даволі колкімі рэплікамі. І, па вялікім рахунку, відавочна, што жывуць яны як кот з сабакам, хоць і мусяць пэрыядычна на публіцы дэманстраваць нейкія гумовыя ўсьмешкі», — канстатуе Класкоўскі.

«Ельцын даў Расеі шанец на гістарычнае пераўтварэньне»

Аднак Класкоўскі прызнае, што Ельцын і Пуцін — гэта зусім розныя палітыкі. Ельцын даў Расеі шанец на гістарычнае пераўтварэньне, але Пуцін гэтым шансам не скарыстаўся.

Хоць зь іншага боку, дадае Класкоўскі, менавіта ў часы прэзыдэнцтва Ельцына разам з дэмакратызацыяй жыцьця расейскай дзяржавы былі закладзеныя і нейкія тэндэнцыі, «якія потым дазволілі Пуціну павярнуць у пэўным сэнсе гісторыю назад і вярнуцца да імпэрскасьці, вярнуцца да аднаўленьня шмат якіх элемэнтаў савецкай сыстэмы».

«Ельцын быў вялікай гістарычнай фігурай, у якой усё ж пераважае тое станоўчае, што ён зрабіў для краіны і сьвету. Сапраўды, зь Ельцыным зьвязаны распад Савецкага Саюзу, станаўленьне незалежнай Расеі. Зь Ельцыным зьвязаны і пэрыяд умацаваньня дачыненьняў з Захадам, спроба Расеі ўвайсьці ў супольнасьць дэмакратычных дзяржаў. Але, на жаль, сьвінцовы гістарычны груз сыграў фатальную ролю для Расеі. Уладзімер Пуцін, хоць гэта таксама фігура па-свойму нестандартная, але гэтыя свае якасьці ён скарыстаў дзеля авантурнай палітыкі, якая сёньня, на мой погляд, загнала Расею ў тупік.

Ельцын, пры ўсіх сваіх недахопах, у пляне гістарычным змог перасягнуць самога сябе. Былы камуністычны сакратар стаў чалавекам, які ўсё ж даў краіне шанец на гістарычнае пераўтварэньне.

Таму, калі падсумоўваць, я б сказаў, што Ельцын, пры ўсіх сваіх недахопах, у пляне гістарычным змог перасягнуць самога сябе. Былы камуністычны сакратар стаў чалавекам, які ўсё ж даў краіне шанец на гістарычнае пераўтварэньне. А Пуцін — гэта чалавек, які не скарыстаў выдатныя шанцы, бо быў залаты пэрыяд высокіх цэнаў на нафту, калі можна было зрабіць у краіне рэформы, саскочыць з нафтавай іголкі і замацаваць станоўчыя трэнды ў дачыненьнях з Захадам. Ён у выніку ўсё гэта змарнаваў праз тое, што ўсё ж у пляне гістарычным ягонае мысьленьне аказалася абмежаваным», — падкрэсьлівае аналітык.

Чыгір: Ельцын — гэта сапраўдны расейскі весялун, добрая душа

Былы прэм’ер-міністар Беларусі (1994–1996 гг.) Міхаіл Чыгір, які асабіста кантактаваў зь першым прэзыдэнтам Расеі, лічыць, што Пуцін і Ельцын — гэта зусім розныя людзі з зусім рознымі поглядамі.

Міхаіл Чыгір
Міхаіл Чыгір

«Ельцын — гэта сапраўдны расейскі весялун, добрая душа. Каб яшчэ 100 грам не прымаў, наагул быў бы найлепшы чалавек. Ён ня проста гаварыў пра дэмакратыю, ён насамрэч быў дэмакратам. Добра, што на тым этапе ў Расеі быў такі чалавек ва ўладзе, бо маглі заліць усю краіну крывёю. Таму лічу, што ў гэтым пляне расейцам пашанцавала», — адзначыў Чыгір у размове са Свабодай.

Што тычыцца палітыкі Пуціна і Ельцына адносна Беларусі, то абодва пасьлядоўна стараліся даваць краіне фінансава-эканамічную дапамогу. Хоць апошнім часам пры Пуціну сытуацыя ўсё ж зьмянілася, лічыць Чыгір.

«Заўсёды, нават калі ў Расеі былі ня вельмі добрыя часы, яны ішлі насустрач, на дапамогу. Але апошнім часам адносіны паміж Беларусьсю і Расеяй сталі значна горшыя. Цяпер патрэбная фінансавая падтрымка Беларусі, але, я думаю, мы яе не атрымаем», — кажа ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG