Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Анголе больш эканамічнай свабоды, чым у Беларусі


У рэйтынгу эканамічнай свабоды Беларусь у самым хвасьце, на 157 месцы са 178.

Амэрыканскі стратэгічны дасьледчы інстытут Heritage Foundation склаў чарговы штогадовы рэйтынг эканамічнай свабоды. Першыя пяць месцаў у ім занялі Ганконг (спэцыяльны раён Кітайскай рэспублікі, адносна незалежны ад камуністычных уладаў), Сынгапур, Новая Зэляндыя, Швайцарыя і Аўстралія.

Эстонія, што ў 160 км па прамой ад Беларусі, заняла ў рэйтынгу высокую дзявятую пазыцыю, Беларусь жа — адну з самых нізкіх, 157-ю са 178. Суседзі Беларусі па рэйтынгу ў катэгорыі «рэпрэсаваных» эканомік — Лаос і Ангола, больш эканамічна вольныя за нас, і Бірма з Эквадорам, што ў рэйтынгу пад намі. Расея нязначна абагнала Беларусь, заняўшы 153-е месца, Украіна — нязначна адстала, атрымаўшы 162-е месца.

У рэйтынгу ўлічваюцца 10 індэксаў, па якіх надаецца ад 0 да 100 балаў: свабоды бізнэсу, гандлю, падаткаў, свабода ад ураду, грашовая свабода, свабоды інвэстыцыяў, фінансаў, абарона правоў маёмасьці, свабода ад карупцыі і свабода працоўных стасункаў. Індэксы лічацца раўнапраўнымі, выніковы — сярэдняе арытмэтычнае зь іх.

Агулам за год па плянэце эканамічнай свабоды стала крыху больш, хоць многія лідэры рэйтынгу страцілі крыху балаў. Страціла адзін пункт і Беларусь, згубіўшы ў свабодзе бізнэсу, свабодзе гандлю і свабодзе працы, а таксама пагоршыўшы свае пазыцыі па выдатках ураду, праўда, набыўшы крыху ў свабодзе ад карупцыі, манэтарнай свабодзе і падатковай свабодзе. Расея жа страціла паўтара, Украіна — 0,1 пункты.

На графіку Беларусь (бэзавая) і яе суседзі ў рэйтынгу эканамічных свабодаў зь сярэдзіны 90-х. Латвія (няма на выяве) апошнімі гадамі на ўзроўні Польшчы (сіняя).

Што цікава, эканамічна свабодныя Эстонія і Грузія паводзілі сябе ў рэйтынгу не аднолькава: Эстонія стартавала з даволі высокіх пазыцыяў у 1995-м і то набірала, то губляла балы, тым часам як Грузія значна адставала ад Эстоніі і была амаль на ўзроўні Беларусі ў 1990-х, але зрабіла скачок у эканамічных свабодах у 2005-2007 гадах, амаль нагнаўшы Эстонію.

У рэйтынгу ня ўлічваліся восем краінаў, па якіх няма надзейных эканамічных зьвестак: Аўганістан, Емэн, Ірак, Лібія, Ліхтэнштэйн, Самалі, Судан і Сырыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG